Навіны

130 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Стагановіча

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч Аляксандр Стагановіч нарадзіўся 25 студзеня 1890 года ў вёсцы Несутычы, што паблізу Гарадэчна (цяперашні Наваградскі раён). У сям’і Лявона Стагановіча і Паўліны з дому Родзькаў Аляксандр быў другім дзіцём. Бацька быў дастаткова заможным селянінам. Аднак неўзабаве на сям’ю абрынуліся няшчасці. Калі Аляксандру было толькі тры гады, адзін за адным памерлі дзед і бацька, які лячыўся ў шпіталі ў Вільні, а потым і маленькі брацік. У тым жа годзе ў гаспадарцы здохла чатыры валы, двое коней, пяць кароў, васямнаццаць свіней, а збожжа на полі раскралі. Як пісаў ва ўспамінах сам Стагановіч “пачалося новае жыццё, якое нельга назваць жыццём, а існаваннем”.

У маладосці ў час першай сусветнай вайны Стагановіч быў мабілізаваны ў войска і знаходзіўся ў складзе расейскага экспедыцыйнага корпусу ў Грэцыі, Італіі, Францыі. У 1920 годзе вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. Аляксандр Стагановіч хутка ўлучыўся ў палітычнае жыццё, паколькі не мог цярпець сацыяльнай і нацыянальнай несправядлівасці. Быў знаёмы з рознымі вядомымі тагачаснымі беларускімі дзеячамі: Антонам Луцкевічам, Ігнатам Дварчаніным, Фабіянам Абрантовічам, Юркам Лістападам ды іншымі.

У 1925 годзе Аляксандр Стагановіч стаў сябрам Беларускай Сацыял Работніцкай Грамады. У 1928 годзе вылучаны дэпутатам ад Наваградскай акругі ў польскі сойм па спісе “Змагання”. Аднак за два дні да выбараў яго арыштавалі і зняволілі. Толькі пасля асабістага заступніцтва маршалка сойму Стагановіча вызвалілі. У канцы 1928 года ён адмовіўся ад дэпутацкага мандата на знак пратэсту супраць супрацы з КПЗБ. Праз некаторы час быў арыштаваны, паколькі страціў дэпутацкую недатыкальнасць. Стагановіча засудзілі да шасці гадоў турэмнага зняволення. У астрозе сядзеў з былымі сенатарам Васілём Рагулем, дэпутатам сейму Юры Сабалеўскім.

Пасля вызвалення і да пачатку Другой сусветнай вайны Аляксандр Стагановіч падымаў уласную занядбаную гаспадарку. У час вайны пры нямецкай акупацыі быў кіраўніком Беларускай Народнай Самапомачы па Наваградскай акрузе, ратаваў людзей ад новай навалы. Але старэйшага сына Аляксандра ўратаваць ад фашыстоўскага канцлагера не змог – той трапіў у Дахаў, адкуль урэшце яму ўдалося выйсці жывым. Улетку 1944 года выехаў у эміграцыю. Быў адным з ініцыятараў аднаўлення Рады БНР, браў удзел у з’ездзе ў Остэргофене, дзе было заяўлена пра аднаўленне дзейнасці Рады.

У канцы 1940-ых гадоў Стагановіч выехаў у ЗША. Быў сябрам Беларуска-амерыканскага задзіночаньня (БАЗА), Згуртаваньня беларускіх ветэранаў і епархіяльнай Рады Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. З 1957 года – намеснік прэзідэнта Рады БНР.

Памёр Аляксандр Стагановіч 28 снежня 1988 года ў амерыканскім штаце Нью-Джэрсі, мала не дажыўшы да ста гадоў. Пахаваны на беларускіх могілках у Нью-Брансьвіку. Амаль сто гадоў пражыла і жонка Марыя Стагановіч, якая таксама паходзіла з Наваградчыны, з блізкага ад Несутычаў фальварку Косава. У сям’і было чацвёра дзяцей (Аляксандр, Лёва, Тамара, Юрка), найбольш ведамая з іх мастачка Тамара Стагановіч. Аляксандар Стагановіч пакінуў пасля сябе падрабязныя ўспаміны, якія былы выданыя ў Мінску ў 2011 годзе асобнай кнігай пад назвай “Успаміны пасла”. Крыху пазней выйшлі і мемуары жонкі пад назвай “Мае ўспаміны”.

24.01.2020

Архіў

Красавік 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930

Відэа

праваабарончыя сайты