Навіны

Абласны суд як інстанцыя, якая нічога не вырашае

Удзельнікі грамадскай акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі, што адбылася ў Гародні 15 снежня, якія былі аштрафаваныя 20 і 23 снежня двума судамі Гародні, прайшлі абскарджанне ў Гарадзенскім абласным судзе. Напомнім, што 5 чалавек былі засуджаны агулам да 120 базавых велічынь штрафу, што складае 3 тысячы 240 рублёў. А Мікалай Салянік яшчэ дадаткова быў аштрафаваны на 15 базавых (405 рублёў) за нібыта хуліганства ў судзе.

Вынікі разгляду касацыйных скаргаў, якія прайшлі ў студзені гэтага году:

14 студзеня суддзя Уладзімір Янкоўскі не задаволіў касацыйную скаргу Ежы Грыгенчы (аштрафавала суддзя Наталля Козел на 10 базавых велічынь);

16 студзеня суддзя Васіль Скок не задаволіў касацыйную скаргу Уладзіміра Арцымана (аштрафаваў суддзя Руслан Гурын на 10 базавых велічынь);

21 студзеня суддзя Ігар Собалеў не задаволіў касацыйную скаргу Мікалая Саляніка (аштрафавала суддзя Алена Тоўсцік-Самойла агулам на 45 базавых велічынь);

23 студзеня суддзя Уладзімір Яўхута не задаволіў касацыйную скаргу Вадзіма Саранчукова (аштрафаваў суддзя Руслан Хіхол на 25 базавых велічынь);

24 студзеня суддзя Мікалай Рачынскі не задаволіў касацыйную скаргу Сяргея Верамеенкі (аштрафаваў суддзя Дзмітрый Бубенчык на 30 базавых велічынь);

Высновы праваабаронцаў, якія вялі маніторынг разгляду скаргаў наступныя:

Абласны суд падышоў да разгляду касацыйных скаргаў чыста механістычна і фармальна, не абцяжарваючы сябе разглядам юрыдычных аспектаў адміністрацыйных спраў. Сутнасцю разгляду было аўтаматычнае пацверджанне законнасці пастановаў судоў першай інстанцыі;

Абласны суд фактычна не прызнаў вяршэнства Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у сістэме заканадаўства дзяржавы, разглядаючы скаргі, зыходзячы выключна з Закона Рэспублікі Беларусь аб масавых мерапрыемствах;

Абласны суд не звярнуў ўвагі на парушэнні заканадаўства з боку прадстаўнікоў міліцыі і іншых сілавых структур, у прыватнасці на незаконныя, беспадстаўныя і гвалтоўныя затрыманні грамадскіх актывістаў, якія адбыліся ў Гародні 20 снежня;

Гарадзенскія праваабаронцы адзначаюць, што за апошнія 15 гадоў у абласным судзе не была задаволена аніводная (!) з шматлікіх касацыйных скаргаў грамадскіх актывістаў, палітыкаў, журналістаў, якія імкнуліся аспрэчыць пастановы раённых судоў. Такая практыка склалася яшчэ за часам старшынства ў абласным судзе Аляксандра Грынкевіча і працягваецца пры старшынстве Аляксандра Корзуна, які ўзначальвае Гарадзенскі абласны суд з 11 лютага 2015 года.

Вяршыняй юрыдычнага абсурду і беззаконня сталася гісторыя з адміністрацыйнай справай 2016 года Васіля Клімовіча з Мастоў. Васіль Клімовіч быў аштрафаваны суддзём суда Мастоўскага раёну Валерыем Цыбульскім за ўдзел у грамадскім фэсце ў Свіслачы, на якім Клімовіч не быў (!!!). Яго касацыйную скаргу “разглядаў” і не задаволіў, нягледзячы на відавочныя факты, суддзя абласнога суда Андрэй Ліхач. Далейшая скарга на імя старшыні абласнога суда па той справе Аляксандрам Корзунам таксама не была задаволена.

Прыведзеныя факты сведчаць пра несамастойнасць Гарадзенскага абласнога суда і немагчымасць дасягнуць законнасці пры падаванні касацыйных скаргаў.    

Архіў

Ліпень 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты