Навіны

90 гадоў з дня нараджэння Валянціна Тараса

Беларускі паэт, публіцыст, перакладнік Валянцін Тарас нарадзіўся 9 лютага 1930 года ў Мінску. Яго бацька – вядомы мастак Яфім Тарас. У час Другой сусветнай вайны 13-гадовы Валянцін пайшоў у партызаны. Быў байцом атрада “За Савецкую Радзіму” брыгады імя Чкалава (Баранавіцкае партызанскае злучэнне). З канца 1944 года працаваў шліфавальшчыкам у Беларускай рэспубліканскай літаграфіі ў Гародні і адначасна вучыўся ў вячэрняй школе рабочай моладзі.

У пачатку 1948 года вярнуўся ў Мінск, працаваў рознарабочым на Мінскай бісквітнай фабрыцы, вучыўся ў вячэрняй школе. У 1955 годзе скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэту БДУ. Працаваў у рэдакцыі газеты “Звязда” (1955-62 гг.), у 1964-68 гг. – рэдактар аддзела прозы часопіса “Нёман”. У траўні 1968 года Валянцін Тарас звольнены з працы “за антысавецкія размовы”. Ён быў адным з асноўных фігурантаў так званай “справы Вакулоўскай” (пісьменніцы, на чыёй кватэры збіраліся літаратары, мастакі, журналісты, якія мелі крытычную пазіцыю да савецкага рэжыму). Цягам васьмі гадоў Тарас не друкаваўся ў БССР, не дазвалялася здымаць фільм паводле яго сцэнару, публіцыста не выпускалі за мяжу, нават да адшуканых пасля вайны блізкіх сваякоў. З тэлебачання была звольнена жонка Валянціна Тараса.

З пачаткам перабудовы Тарас найбольш працаваў у публіцыстыцы. Быў у Назіральнай радзе Беларускага Фонду Сораса, сябрам Назіральнай рады Беларускага Хельсінкскага Камітэта, з 1997 г. сябрам Беларускага ПЭН-клуба, адзін з стваральнікаў Хартыі-97. Як паэт дэбютаваў вершамі ў 1948 годзе, пісаў на рускай і беларускай мовах. Аўтар некалькіх зборнікаў паэзіі і кніг аповесцей і апавяданняў. Выдаў мемуары “На выспе ўспамінаў” (2007 г.)..

Валянцін Тарас – аўтар літаратурна-драматычнай кампазіцыі і тэкстаў большасці песень для канцэртнай праграмы “Праз усю вайну” ансамбля «Песняры» (кампазітар Уладзімір Мулявін, 1984 г.). Апавяданне “Незвычайная смерць” экранізавана на Кіеўскай кінастудыі імя Даўжэнкі (1974 г.). На кінастудыі “Беларусьфільм” па яго сцэнарах зняты дакументальныя стужкі “Жаўрукі ляцяць на Палессе” (1975 г.), “Праз усю вайну” (на падставе аднайменнай праграмы “Песняроў”, 1985 г.), “Зорка Максіма” (кінаэсэ пра Максіма Багдановіча, 1980 г.), “Наш Пімен” (да 70-годдзя Пімена Панчанкі), “Вяртанне ў першы снег” (пра Рыгора Барадуліна, 1985 г.), некалькі мультыплікацыйных фільмаў. У 1974 годзе на Беларускім тэлебачанні пастаўлена тэлевізійная п’еса “Не загасі свечку”. Для тэатра імя Янкі Купалы пераклаў п’есы Іва Жаміяка “Месье Амількар” (пастаўлена ў 1983 г.) і “Дракон” Яўгена Шварца (пастаўлена ў 1988 г.).

У перакладах Валянціна Тараса на рускую мову выйшлі кнігі прозы розных аўтараў, апублікаваны асобныя пераклады паэзіі Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Уладзіміра Хадыкі, Рыгора Барадуліна, Міхася Стральцова.  Лепшыя пераклады беларускай паэзіі змешчаны ў зборніку “Запах мёда” (1986 г.). На беларускай мове выступаў у перыядычным друку (у газетах “Народная Воля”, “Имя”, “Белорусская газета”, “Наша Ніва” і іншых, бюлетэні “Правы чалавека”) як паэт, крытык і перакладчык з рускай мовы. Быў блізкім сябрам Васіля Быкава, апекаваўся ягонай спадчынай.

Памёр Валянцін Тарас 13 лютага 2009 года ў Мінску. Пахаваны на Паўночных могілках сталіцы.

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч

09.02.2020 Тэгі: каляндар

Архіў

Красавік 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930

Відэа

праваабарончыя сайты