Навіны

Андрэй Палуда: "Смяротнае пакаранне - гэта ганебная спадчына савецкага часу"

2 сакавіка чарговае паседжанне гарадзенскіх курсаў "Мова нанова" было прысвечана праблеме смяротнага пакарання. Спярша ўдзельнікі заняткаў перакладалі на беларускую мову тэкст датычны праблемы каронавірусу і патэнцыйным пакаранням за яго распаўсюд у Кітаі, а потым адбылася сустрэча і дыскусія з каардынатарам кампаніі супраць смяротнага пакарання - ведамым менскім праваабаронцам Андрэем Палудам.

Абмеркаванне праблемы смяротнага пакарання ў нашай краіне і яго рэалізацыі пераўтварыліся на сустрэчы ў змястоўную дыскусію, дзе гучалі сама розныя аргументы за і супраць кары смерці.

Андрэй Палуда: "Паводле сацыялагічных апытанняў лічба людзей у нашай краіне, якія выступаюць за смяротнае пакаранне змяншаецца. Зараз такіх каля 63%, прычым з гэтай колькасці палова - каля 30% кажуць пра смяротнае пакаранне ва ўмоўным ладзе і за яго прымяненне толькі пры пэўных акалічнасцях. За перыяд пасля рэферэндуму, які ўзаконіў смяротнае пакаранне, прайшло шмат часу, вырасла новае пакаленне, якое мае ўжо іншае мысленне. І ўсведамленне таго, што Беларусь - апошнняя дзяржава, якая ў Еўропе выкарыстоўвае смяротнае пакаранне, дае разуменне, што ў нашай краіне штосці не так з заканадаўствам. Амаль ва ўсіх краінах, дзе смяротнае пакаранне адмянялася, услед адразу мянялася і грамадская думка".

Перад сустрэчай і пасля яе ўдзельнікі курсаў маглі паглядзець адмысловую выставу, якую падрыхтаваў правабарнчы цэнтр "Вясна" на тэму смяротнага пакаранння. У канцы дыскусіі дэманстраваліся таксама адмысловыя відэаролікі супраць прымянення смяротнага пакарання.

Андрэй Палуда: "Тое, што дзяржава страляе людзей, а потым яшчэ не выдае целы расстраляных сваякам і тыя не ведаюць, дзе пахаваны іх блізкія, - гэта ўсё ганебная спадчына Савецкага саюзу, ад якой трэба адмаўляцца. Мы не баронім злачынцаў, мы лічым, што адплата расстрэлам не бывае справядлівай. Тым больш, што заўсёды існуе вялікая верагоднасць судовай памылкі. Яскравым прыкладам таму - так званае "віцебская справа", калі расстралялі зусім невінаватага чалавека, а яшчэ некалькі былі зняволены і сур'ёзна страцілі здароўе. Таму мы перакананыя, што пажыццёвае зняволенне для людзей, якія здзейснілі цяжкія злачынствы, будзе куды больш справядлівым".

 

Архіў

Красавік 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930

Відэа

праваабарончыя сайты