Навіны

Памерла Надзея Дземідовіч

Не стала Надзеі Дземідовіч, удзельніцы беларускага адраджэнцкага руху, антысавецкай змагаркі. Дземідовіч было 93 гады.

Надзея Дземідовіч нарадзілася 24 лютага 1927 года на Слонімшчыне на хутары Макейкі. Была другім дзіцем у сям’і з шасьці. Бацька Раман Дземідовіч у 1914—1921 гг. езьдзіў на заробкі ў ЗША, пасьля вярнуўся, ажаніўся і набыў зямлю на хутары ля вёскі Дзявяткавічы. Бацькі выхоўвалі дзяцей па-беларуску насуперак тагачаснай польскай прапагандзе.

Надзея да 1939 году скончыла 4 клясы польскамоўнай школы. За два дні да пачатку вайны з немцамі бальшавікі арыштавалі ейнага бацьку, аднак ахоўнікі ўцяклі з пачаткам бамбаваньня мясцовага аэрадрому, і гэта ўратавала вязьняў слонімскай турмы, якія былі вызваленыя мясцовымі жыхарамі.

Увосень 1941 году Надзея пайшла вучыцца ў Слонімскую беларускую прагімназію, што страхавала ад высылкі на прымусовыя працы ў Нямеччыну. У 1943 годзе далучылася да Саюзу Беларускай Моладзі. Пасьля прыходу Саветаў працягнула навучаньне ў беларускамоўнай сярэдняй школе.

Неўзабаве, у сьнежні 1944, пачаліся арышты паплечнікаў Надзеі па СБМ. 13 сьнежня яна была вымушаная перайсьці на нелегальнае становішча, хавалася ў сваякоў па ўсёй Беларусі. Так працягвалася да 1948 году, пасьля чаго бацькі накіравалі Надзею па дакумэнтах малодшае сястры Ліды да сваякоў у Казахстан.

Бацька Надзеі Раман у 1945 быў арыштаваны і накіраваны ў Мардоўскія лягеры, але неўзабаве вярнуўся на радзіму. Памёр пасьля таго, як Надзея трапіла ў лягер. Маці была кінутая ў слонімскі астрог за адмову працаваць на тартаку. Ён знаходзіўся за 21 км ад хаты і да яго даводзілася хадзіць пешкі, а дома заставаліся малыя дзеткі. Таму маці адпрацавала колькі змагла і кінула. Дзеці засталіся самыя, перабіваліся як маглі. Старэйшы, Федзя, атрымаў 8 гадоў лягераў па абвінавачаньні ў кантактах з антыбальшавіцкай партызанкай. Адбываў тэрмін у Томскіх канцлягерах.

У Петрапаўлаўску Надзея Дземідовіч скончыла курсы бугальтараў, працавала пад чужым імем на хлебакамбінаце. Неўзабаве была вымушаная зьехаць ад дзядзькі, які турбаваўся за свой лёс.

25 верасьня 1949 г. была арыштаваная на працы ў Петрапаўлаўску, допыты і катаваньні цягнуліся чатыры месяцы. Пасьля перавезеная ў Баранавічы, дзе трыбуналам засуджаная да 25 гадоў савецкага канцлагеру і 5 гадоў пазбаўленьня правоў. Зьняволеньне адбывала ў Чалябінску, пасьля пераведзеная ў Карагандзінскі лагер (цяпер у межах Джэзказгану). Брала ўдзел у Кенгірскім паўстаньні, пасьля чаго пераведзеная ў Азёрлаг. 

Вызваленая як цяжкахворая 19 красавіка 1956 года, вярнулася ў Слонімскі раён, дзе працавала на гаспадарцы. Пасьля пераехала ў Менск, да пэнсіі працавала на заводзе "Гарызонт". Жыла ў Калодзішчах пад Менскам. Рэабілітаваная не была.

У 2000 годзе Надзея Дземідовіч была ў Гародні на сустрэчы беларускіх камбатантаў, вязьняў сталінскага рэжыму, герояў антысавецкага супраціву.

Надзея Дземідовіч аўтарка трох кніг вершаў і ўспамінаў:

«Век так ня будзе» (2002)

«Успаміны сэрца майго» (2006)

«Мы марылі дома спаткацца» (2010)

«Кенгір» 

Надзея Дземідовіч, трэцяя справ

У 2019 годзе Рада БНР уручыла Надзеі Дземідовіч Медаль да стагоддзя БНР. 

04.03.2020

Архіў

Красавік 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930

Відэа

праваабарончыя сайты