Навіны

Радыё

Дарога з Гародні да Мінску даволі далёкая. Яна то зараз новая, шырокая. Не тое, што раней. Ехаць нашмат прыемней чым некалькі год таму. Але адлегласці да беларускай сталіцы навізна гэтай дарогі не змяншае. Таму як не круці, а шлях не блізкі. Ды яшчэ крыху нуднаваты. Бо як на мой густ, будаўніцтва непазбежна папсавала там-сям прыродныя ландшафты. І пакуль прырода іх яшчэ не аднавіла натуральным чынам, то некаторыя пейзажы наводзяць на сум. І каб не радыё…

   Ну ды ўсё па парадку. Выехаў я, значыць, з самага ранку. Ну і як заўсёды ўключыў любімую хвалю 98.1 FM, на якіх з слаўнага гораду Беластоку на тэрыторыю не менш слаўнай гарадзеншчыны прадстаўляе яе жыхарам свае праграмы Беларускае Радыё Рацыя. Зразумела, што першае, што прыйшлося пачуць на гэтай хвалі, гэта пра стан з новым каронавірусам. Журналісты даходліва і падрабязна апісалі сітуацыю з гэтым вірусам у свеце, распавялі дзе і як ад яго ратуюцца, якая прафілактыка паказала сябе больш эфектыўнай, і яшчэ дадалі да гэтага многа цікавай і патрэбнай інфармацыі. Пасля пайшлі іншыя навіны, музыка. Радыё ўсё ж. А праз нейкі час свежыя навіны, і новыя факты пра той каронавірус, які сусветнай арганізацыяй аховы здароўя аб’яўлены пандэміяй, і ад якога ратуецца зараз увесь свет.

   Дай, думаю, паслухаю, што пра той вірус кажуць беларускія радыёстанцыі. Балазе магнітола ў мяне добрая, ловіць вялікі абсяг. Уключаю, значыць, іншую хвалю. Айчынную, беларускую. А там музыка, жарты, анекдоты, усё як і трэба на радыё у бестурботныя часы. Вось толькі у навінах пра каронавірус не сказалі ні слова. Як і няма яго ўсядно, таго віруса. Уключаю другую хвалю, трэцюю, чацвёртую, патую… Сітуацыя ідэнтычная. Зноў вяртаюся да Беларускага Радыё Рацыя. Там кажуць, што вірус ёсць і даюць нейкія рэцэпты, як ад яго ратавацца. Уключаю іншыя хвалі… Як на іншай планеце…

   Я не медык, і мне цяжка ацаніць ступень небяспекі, які заходзіць ад новага каронавіруса. І медыкі ў мяне не працуюць таксама, каб можна было спытацца непасрэдна. Але яны працуюць у маёй дзяржаве. Лагічна, калі мая дзяржава апытае іх праз свае структуры, якіх безліч, возьме неабходныя рэкамендацыі і данясе іх да мяне. Хаця бы праз радыё данясе, якіх таксама не бракуе. І калі ёсць такая кваліфікаваная думка, што нічога рабіць не трэба, усё само па сабе ўтрасецца, то хай так і скажа спаслаўшыся на аўтарытэтных спецыялістаў. Калі ж нешта рабіць трэба, то хай скажа што. Але пакуль што маем толькі тое, што пакрыўджанае паводзінамі суайчыннікаў міністэрства аховы здароў’я зрабіла не медыцынскую, а палітычную заяву, абазваўшы людзей што шукаюць паратунку панікёрамі, і заклікала не мітусіцца. Гэта я сваімі словамі скараціў тую доўгую не медыцынскую прамову.

   Медыкам то ў нас людзі вераць. І не здарма. Бо як трапна сказаў пра паслясавецкую медыцыну вядомы расійскі літаратар Дзмітрый Быкаў, наша медыцына лепшая чым што іншае нашае паслясавецкае. Бо, прыкладам, з сістэмы адукацыі выходзяць нашмат больш дурняў, чым з рук медыкаў нявылечаных. І сапраўды, усё ў заняпадзе. Але сярод гэтага ўсеагульнага заняпаду наша медыцына хіба і праўда лепшая за нашу палітыку, эканоміку, сістэму кіравання, сельскую гаспадарку і ўсё астатняе. Таму людзі да слоў медыкаў прыслухоўваюцца. Тым больш, што няма другой альтэрнатывы. І тут на табе. Міністэрства аховы здароўя выступае больш з палітычнай заявай, чым з медычнай. А палітычнае кіраўніцтва краіны робіць заявы медыцынскія.

   Ну што тут зробіш… Пераключаюся зноў на хвалі Беларускага Радыё Рацыя. Балазе яно вялікі абсяг пакрывае. Напэўна многія на гарадзеншчыне скарыстаюцца яго парадамі. І тыя структуры, ад якіх залежыць эфектыўнасць існавання гэтага радыё, хіба што мусяць улічыць і ацаніць гэты факт. Прынамсі, зыходзячы з тых парадаў, можа хто зможа зберагчы сваё здароўе, ці жыццё, ці не дасць распаўсюджвацца хваробам далей…

   Ды і з другімі гарачымі тэматыкамі справа падобная. Бо на іншых хвалях я не пачуў асаблівай зацікаўленасці імі, як не стараўся.

   А дарога да Мінску, як я ўжо казаў, даволі далёкая, і натуральна што крыху стамляе. І каб не радыё…

   Віктар Сазонаў.

26.03.2020

Архіў

Ліпень 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты