Навіны

Сайты раённых газет – суцэльная русіфікацыя!

Аналіз сайтаў раённых газет Гарадзенскай вобласці дазваляе зрабіць выснову пра глыбінную русіфікацыю медыйных рэгіянальных асяродкаў. Нягледзячы на беларускамоўныя назвы раёнак, бальшыня з іх русіфікавана амаль татальна. Тут трэба зацеміць, што нават у савецкі час раённыя газеты друкаваліся амаль поўнасцю па-беларуску. Сённяшнім жа дзяржаўным ідэолагам варта сур’ёзна задумацца як яны давялі раённыя газеты да такога жаласнага стану, што бальшыня інфармацыі падаецца людзям на мове чужой дзяржавы. Многія чыноўнікі часта далдоняць пра тое, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, а пры тым мова тытульнай нацыі па віне дзяржаўнай улады знаходзіцца ў дыскрымінацыйным стане.

Вось як выглядае моўная сітуацыя ў канкрэтных раённых інфармацыйных рэсурсах:

“Астравецкая праўда”. Беларускамоўныя матэрыялы на сайце ёсць, але пераважаюць рускамоўныя. У цэлым моўная сітуацыя выдання лепшая, чым у пераважнай бальшыні іншых раённых газет.

“Ашмянскі веснік”. Раённая газета Ашмянскага раёну амаль поўнасцю русіфікавана. На галоўнай старонцы сайту выдання толькі 5 артыкулаў па-беларуску.

“Бераставіцкая газета”. Русіфікацыя выдання “зашкальвае”, акрамя некалькіх беларускамоўных банераў на нашай мове на сайце толькі 1 (!) матэрыял.  

Ваўкавыская раённая газета “Наш край”. Галоўная старонка навінавага парталу суцэльна рускамоўная. Па-беларуску тут адзінотны банер “Год малой радзімы”. А на вяршыні сайту красуецца па-мілітарысцку аформлены слоган “75 лет Великой Победы”.

“Воранаўская газета”. Галоўная старонка сайту амаль уся рускамоўная. Адзіны матэрыял па-беларуску “Турыстычнымі сцежкамі воранаўскага краю” заслугоўвае добрых слоў. Больш па-беларуску, акрамя назвы газеты і банераў, нічога. Аніводнай беларускай інфармацыі ў стужцы навін!

Гарадзенская раённая газета “Перспектива. Некалі гэтая раённая газета выдавалася пад тытулам “Сельская новь”, у народзе яе дасціпна называлі “Сельская вонь”. Можа таму назва была змененая. Якая ж перспектыва вызначана беларускай мове – зразумела з сайту выдання – ніводнага слова па-беларуску! Ганебна, але чамусьці нікому не сорамна.

Дзятлаўская раённая газета “Перамога”. Па-беларуску тут не толькі назвы рубрык. Сітуацыя куды больш аптымістычная, чым у іншых раёнках – каля паловы змешчаных матэрыялаў па-беларуску. А з мясцовых навінаў іх нават бальшыня!

Зэльвенская раённая газета “Праца”. Аформлены сайт цалком па-руску. На галоўнай старонцы з 17 матэрыялаў – толькі 3 па-беларуску.

Раённая газета “Іўеўскі край”. Тут сітуацыя таксама выглядае сумна. На галоўнай старонцы рэсурсу толькі тры інфармацыі па-беларуску. Праўда, ёсць яшчэ адна публікацыя па-польску і нават дзве – па-ангельску.

Карэліцкая раённая газета “Полымя”. Усе рубрыкі пададзены тут па-руску. На галоўнай старонцы ўдалося знайсці ажно 6 матэрыялаў па-беларуску. Выходзіць, што ў параўнанні з іншымі, сітуацыя на радзіме Яна Чачота і Пятра Конюха крыху лепшая.

“Лідская газета”. На галоўнай старонцы сайту толькі 1 (!) артыкул па-беларуску. Дадаць да гэтага больш няма чаго.

Мастоўская раённая газета “Зара над Нёманам”. Усе рубрыкі на сайце гэтага органа паданыя па-руску. Асноўная тэма сайту – “великая победа”. На галоўнай старонцы ўдалося адшукаць толькі адну публікацыю па-беларуску.

Наваградская раённая газета “Новае жыццё”.  Сярод выразнага дамінавання рускай мовы на сайце нават удалося адшукаць чатыры матэрыялы, змешчаныя па-беларуску.

“Свіслацкая газета”. Галоўны інфармацыйны орган Свіслацкага раёну спрэс русіфікаваны. На галоўнай старонцы толькі адзін матэрыял па-беларуску. Самы час новаму кіраўніку раёна Аляксандру Вярсоцкаму звярнуць увагу на дыскрымінацыю мовы тытульнай нацыі.

“Слонімскі веснік”. Раённы ўладны рупар Слонімскага раёну таксама трымае цвёрды курс на русіфікацыю. Адзіны (!) матэрыял на галоўнай старонцы сайту па-беларуску – імпартаваны артыкул “Уз’яднанне ўніятаў з праваслаўнай царкою”, прысвечаны ўгодкам Полацкага царкоўнага сабору і ўхваляе цёмную старонку нашай гісторыі – ліквідацыю Ўніяцкай царквы.

Смаргонская газета “Светлы шлях”. Раней адзін з сама беларускамоўных раёнаў цяпер таксама трывала трымае шлях да поўнай русіфікацыі. Сярод процьмы матэрыялаў на старонцы толькі некалькі артыкулаў па-беларуску.

Шчучынская раённая газета “Дзянніца”. Тут сітуацыя не такая трагічная. Значная частка мясцовых матэрыялаў на сайце на беларускай мове, за што варта пахваліць рэдакцыю.

Фактычна акрамя трох-чатырох раённых выданняў з 17-ці, якія яшчэ можна назваць двухмоўнымі, усе астатнія рускамоўныя! Сумна, сорамна і павінна быць ганебна для ўладаў Гарадзеншчыны.    

 

 

 

Архіў

Ліпень 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты