Навіны

235 гадоў з дня смерці Антона Тызенгаўза

Дзяржаўна-грамадзкі дзеяч ВКЛ, граф, мецэнат, рэфарматар Антон Тызенгаўз нарадзіўся 31 сакавіка 1733 года ў Наваельні (Дзятлаўскі раён). 

Паходзіў з сям’і ўплывовага магната Бенедыкта Тызенгаўза і Ганны Бяганскай. Адукацыю атрымаў у езуіцкім віленскім калегіуме. У 1751 годзе паступіў на службу ў войска ВКЛ, якую неўзабаве кінуў. Бацька Антона памёр рана, рабіць кар’еру памагаў родны дзядзька.

Першыя крокі на палітычнай арэне Антон Тызенгаўз зрабіў у 1761 годзе, калі гарадзенская шляхта абрала яго паслом на надзвычайны варшаўскі сойм. У канцы 1762 года адкупіў ад Удальрыка Радзівіла пасаду вялікага літоўскага пісара. З 1764 года займаў пасаду літоўскага канюшага. З 1765 года – літоўскі надворны падскарбі. Гарадзенскі стараста пры каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскім. Стаў ведамым гарадзенскім мецэнатам і рэфарматарам.

 

У 1770-80-ых гадах гарадзенскі стараста Тызенгаўз заснаваў ў Гародні і яе наваколлях шэраг мануфактураў: суконную, палатняную, збройную, шкарпеткавую, карэтную ды іншыя. Ён вельмі захапляўся музыкай і тэатрам. Сам меў добры слых, што ўзмацняла цікавасць да гэтай сферы. Падскарбі ВКЛ (яшчэ адзін тытул Тызенгаўза) сам граў на скрыпцы і клавікордзе і нават пісаў музыку. У 1765 годзе ён пачаў ствараць капэлу, тады ж у Каралеўцы была закупленая вялікая партыя клавішных, смычковых і духавых інструментаў. На чале капэлы стаў скрыпач Лявон Сітанскі, які быў душой культурніцкага асяродку. Тызенгаўз не шкадаваў сродкаў на запрашэнне прафесійных музыкаў.

Факт існавання капэлы і запрашэння шматлікіх артыстаў дазволіш Тызенгаўзу падумаць пра заснаванне тэатральнай школы, якая адчыніла свае дзверы ў верасні 1774 года. Так што адштурхоўвацца можна і ад гэтай даты. Абавязкі дырэктара былі ўскладзены на таго ж Сітанскага. Сярод выкладчыкаў пераважалі італійцы, сярод якіх вылучаўся славуты харэограф таго часу Гаэтана Петынэці. Акрамя настаўнікаў-адмыслоўцаў у школе працавала і гувернантка з Францыі.

Адначасна з адкрыццём школы Тызенгаўз узяўся таксама за яшчэ адну задуму –  пастаноўку оперных спектакляў. Ён вёў перапіску з Радзівіламі, сам імкнуўся закупляць партытуры вядомых сімфоній і новых твораў.

Фрагмент помніка Тызенгаўзу ў гарадзенскім фарным касцёле

Улетку 1780 года, калі Антона Тызенгаўза напаткаў фінансавы крах, на Гарадніцу прыйшоў заняпад. Частка артыстаў раз’ехалася, браты Петынэці перабраліся ў Нясвіж. Стан безвыходнасці змусіў падскарбія да перадачы шэрагу музыкаў у прыватнаўласніцкія магнацкія аркестры. Дзейнасць школы была прыпыненая. Тызенгаўз зрабіў яшчэ адну спробу аднаўлення свайго праекту і дасягнуў пры тым пэўных поспехаў. Быў падпісаны кантракт з ведамым балетмайстрам Габрыэлем Ле Ду, зноў прайшоў набор здольных вучняў у школу. Але ўрэшце школа пераехала ў Паставы – яшчэ адну мясціну рэформаў Тызенгаўза. Праект вялікага рэфарматара, рамантыка і ў значнай ступені авантурніка напоўніцу не здзейсніўся. Але ён паклаў пачатак у развіццё тэатральнай справы ў горадзе над Нёманам.

У жніўні 1780 года Тызенгаўз знайшоў прытулак у гарадзенскім езуіцкім кляштары, потым пераехаў у Варшаву. Апошнія гады цяжка хварэў, Гародню наведаў апошні раз на Каляды 1784 года.

Быў пахаваны ў родавым склепе ў парафіяльным касцёле кармелітаў на ўскрайку Жалудку (Шчучынскі р-н). У сярэдзіне 19 ст. парэшткі перанесены ў сутарэнні новага жалудоцкага касцёлу.

 

Пляцам Тызенгаўза названа адна з цэнтральных частак Гародні. У гарадзенскім Фарным касцёле ўсталяваны помнік Тызенгаўзу працы скульптара Тамаша Дыкаса. З 85 будынкаў Гарадніцы часу Тызенгаўза да нашых дзён збераглося 8.

Архіў

Сакавік 2021
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031

Відэа

праваабарончыя сайты