Навіны

Некаранаваны блогер супраць каранаванага віруса

Вось ніколі не кажы ніколі. Я ніколі не думаў, што пачну пісаць нешта такое, але - здарылася. Сёння пачынаю свой не зусім звычайны блог, я назваў бы яго - КАРОНАБЛОГ. Пакуль што на час эпідэміі і пра яе. Пастараюся не перапісваць паведамленні з інтэрнэту, а знаёміць чытачоў з маімі думкамі, каментаваць “калявірусныя” падзеі, выказванні ўладаў і спецыялістаў, магчыма - адказваць на пытанні (калі яны будуць).

Перш за ўсе належыць павітацца з чытачамі і расказаць трохі пра сябе. Я Аляксандр Лобан, той самы доктар, што - хіба што першым з беларускіх медыкаў - звярнуўся да Мінздраву і насельніцтва Беларусі с заклікам патрабаваць закрыцця межаў Беларусі і ўвядзення больш дзейсных і адекватных супраць эпідэмічных захадаў. Хто не чытаў - прачытайце, пераказваць змест звароту тут не буду. Я доўгі час жыў і працаваў у Нідэрландах, ведаю, што там робіцца цяпер і таму час ад часу буду спасылацца на сітуацыю ў той краіне. 

На вечар 31 сакавіка ў свеце зафіксавана больш за 800.000 выпадкаў каронавіруса, больш за 170.000 вылечыліся, 39 тысячаў хворых памерлі. Чаму вірус перакінуўся з Кітая ў Еўропу і далей па ўсім свеце, аналізаваць будуць пазней. Я хачу зараз на прыкладзе Нідэрландаў паказаць, як спазненне ўладаў з рашучымі дзеяннямі вядзе да катастрафічных наступстваў.  

У Нідэрландах распаўсюд вірусу пачаўся з паўдневых правінцый, населеных пераважна каталікамі. Штогадовы карнавал там - падзея нумар адзін у лютым. У гэтым годзе ён адбыўся 23-24 лютага. На той час выпадкаў каронавірусу ў Нідэрландах яшчэ не было, а ў Італіі ўжо былі 60 хворых. Улады не наважыліся адмяніць народнае свята - карнавальнае шэсьце. 27 лютага зафіксаваны першы выпадак каронавірусу ў Нідэрландах, а праз які тыдзень бальніцы паўдневых правінцый былі ўжо поўныя такіх хворых.

Нідэрландцы любяць горныя лыжы, частка з іх была на гарналыжных курортах Італіі і прывезла вірус з сабою. Зараз ўжо палае ўся краіна, не толькі поўдзень: каля 12,5 тысячаў хворых і больш за 1000 смяротных выпадкаў. Вось так: нерашучасць уладаў у пачатку - і невядома, чым усе гэта скончыцца.

Калі перанесці гэты вопыт на Беларусь, то вялікую эпідэмічную небяспеку ў сувязі з надыходзячымі святамі, якія па традыцыі святкуюцца шматлюдна і ў шчыльным натоўпе, нясе такое масавае святкаванне надыходзячага Вялікадня (Пасхі). У гэтым годзе свята прыпадае на 12 красавіка ў каталікоў і на 19 красавіка ў праваслаўных. А перад гэтым ёсць яшчэ і Вербная нядзеля. Прыхаджане будуць збірацца вялікімі групамі на невялікай тэрыторыі. Шмат вернікаў - людзі сталага веку, мэтавая група рызыкі для каронавіруса. Яны будуць знаходзіцца шчыльна адзін каля аднаго ў храмах, і не дай Бог туды прыйдуць інфікаваныя людзі. Я яшчэ раз заклікаю іерархаў каталіцкаў і праваслаўнай цэркваў перагледзець фармат святочных службаў у гэтым годзе, адмовіцца ад масавасці, а правесці больш віртуальна, тым больш, што сённяшнія тэхналогіі дазваляюць зрабіць гэта. Бо ў адваротным выпадку, спадзявацца, што на масавыя святочныя зборы людзей не трапіць хворы з каронавірусам - вельмі рызыкоўна для ўсяго грамадзтва. Маскоускі патрыярх Кірыл нарэшце заклікаў вернікаў маліцца ў хаце. Ад беларускіх царкоўных уладаў я нічога такога пакуль не чуў. Загадзя прашу прабачэння, калі я падобны заклік не заўважыў. 

Гэта справа не толькі вернікаў, а ўсіх нас. Бо калі царкоўныя і касцельныя ўлады не зробяць гэтага дабраахвотна - патрэбна ўмяшальніцтва ўладаў свецкіх, проста рашуча забараніць масавыя сходы, а не проста спадзявацца на самасвядомасць грамадзян.

Праўда, каб уладам мець маральнае права на такую забарону, варта было б і футбол з хакеем адмяніць, ВНУ і старшакласнікаў на аддаленае навучанне перавесці, колькасць людзей ў грамадзкім транспарце зменшыць ды яшчэ шмат чаго зрабіць.

Дарэчы, пра самасвядомасць. Па паведамленнях ў інтэрнэце, галоўны інфекцыяніст (!) Мінздрава Стаўропальскага краю, прафесар кафедры інфекцыйных хваробаў (!) вярнулася з Іспаніі і нікому пра гэта не паведаміла, а пайшла сабе на працу. Тыдзень кантактаў з калегамі, студэнтамі і іншымі - а пасля хвароба, пазітыўны тэст на каронавірус, крымінальная справа. Што будзем чакаць ад звычайных людзей?

Наступны тэкст з'явіцца, я мяркую, хутка. Бо ёсць пра што пагаварыць і што расказаць. А пакуль - трымайцеся правілаў асабістай бяспекі, яны ўжо шмат дзе апублікаваны. У тым ліку і на сайце беларускага Мінздрава. Але значная частка грамадства, на жаль, слухае таго, што хоча памерці стоячы, але не жыць на каленях. Што да мяне, я пакуль не хачу паміраць ні стоячы, ні лежачы, ніяк увогуле. Спадзяюся, што і чытачы гэтага блогу таксама. Ну то яшчэ пажывем.

Аляксандар Лобан.

Архіў

Жнівень 2020
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты