Навіны

На адным роўні – артыкул 50 Канстытуцыі і каналізацыя ў аграгарадку Дзеравянчыцы

Ці кантралюе Лукашэнка моўную палітыку?

 У лютым гэтага года я напісаў – спачатку ў газету “Слонімскі веснік”, а потым у газеты “Гродзенская праўда” і “Рэспубліка”–артыкул пра тое, што для (цяпер ужо былога) дырэктара Слонімскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Алега Конана і начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення ЖКГ Алены Каспяровіч артыкул 50 Канстытуцыі (“Кожны мае права карыстацца роднай мовай”) – фікцыя, міраж, існуе толькі на паперы, гэтаксама як толькі на паперы існуе і каналізацыя ў вёсцы Дзеравянчыцы Слонімскага раёна.

Няма аніякага дзіва, што ўсе тры дзяржаўныя газеты не апублікавалі артыкул. Аднак вынік ёсць. “Рэспубліка” пераслала артыкул у міністэрства ЖКГ, а міністэрства прыслала мне свае тлумачэнні.

Ніжэй прапаную чытачам “Гарадзенскай Вясны” згаданы артыкул з невялікімі ўдакладненнямі, а таксама ліст з Мінжылкагаса і мае каментары да гэтага пісьма.

31 сакавіка 2020 года, З павагай слонімец Міхась Варанец

На адным роўні – артыкул 50 Канстытуцыі і каналізацыя ў аграгарадку Дзеравянчыцы Слонімскага раёна

5 лістапада 2018 года аўтар гэтай нататкі адхіліў прапанову начальніцы разлікова-даведачнага цэнтра Слонімскага гарадскога ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Наталлі Сыантовіч падпісаць рускамоўныя тыпавыя дамовы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі, а 24 снежня 2018 года напісаў ліст кіраўніку дзяржавы пра адсутнасць дамоўных бланкаў па-беларуску.

Дамовы на дзяржаўнай беларускай мове ўрад не зацвердзіў і па сёння. Але…

Міністр ЖКГ Церахаў запэўніў

Дырэктар Слонімскага ГУП ЖКГ Алег Конан, які ў лістападзе-снежні 2018 года двойчы пісьмова адмовіў мне ў праве падпісаць беларускамоўныя дамовы, раптам (як потым высветлілася – па ўказанні з міністэрства ЖКГ) памяняў сваю пазіцыю на супрацьлеглую. 1 сакавіка 2019 года супрацоўнікі слонімскага разлікова-даведачнага цэнтра ўручылі мне дамовы на нашай мове, падпісаныя дырэктарам Конанам. Што нарабілася з дырэктарам, супрацоўнікі РДЦ не ведалі, але патлумачылі, што гэтыя дамовы не зацверджаны Саветам Міністраў. Я звярнуўся да Прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса з пытаннем, ці не фількавы граматы гэтыя конанаўскія дамовы?! Па даручэнні намесніка Прэм’ер-міністра, міністр ЖКГ Аляксандр Церахаў у лісце ад 10 траўня 2019 года запэўніў, што перакладзеныя слонімскімі камунальнікамі на беларускую мову дамовы маюць такую ж юрыдычную моц, як і дамовы на рускай мове, зацверджаныя пастановай Савета Міністраў.

Алег Конан

30 ліпеня 2019 года мая дачка Кацярына прыйшла ў разлікова-даведкавы цэнтр Слонімскага ГУП ЖКГ для заключэння дамоў на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі. У РДЦ дачку не сустрэлі пытаннем: “Вам бланк якой дамовы? Тыповай па-руску ці саматужнай па-беларуску?”, адразу прапанавалі рускамоўныя бланкі. Кацярына двойчы папрасіла бланкі па-беларуску, і двойчы ёй адмовілі, маўляў, у нас бланкі толькі па-руску, па-беларуску няма і не было. Нічога не памянялася. Слонімскае прадпрыемства ЖКГ па-ранейшаму навязвае спажыўцам рускамоўныя тыповыя дамовы.

Савет Міністраў накіраваў мой зварот з нагоды не заключэння з Кацярынай Варанец беларускамоўных дамоў  і ў Мінжылкамгас і ў Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт.

Намеснік міністра ЖКГ Віталь Смірноў у лісце ад 16 верасня 2019 года паведаміў:  

Пры падрыхтоўцы нарматыўных прававых актаў варта выключыць дубляванне нарматыўных прававых прадпісанняў і множнасць нарматыўных прававых актаў па аднаму і таму ж пытанню. Зыходзячы з выкладзенага, лічым, што адсутнічае мэтазгоднасць зацвярджэння на беларускай мове тыпавых дагавораў на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі… Аднак, калі спажывец жыллёва-камунальных паслуг выказвае жаданне заключыць дагавор на беларускай мове, нішто не перашкаджае (выдзелена мною. – М.В.) падрыхтаваць такі дагавор і заключыць яго са спажыўцом”. У чарговым лісце ад 15 лістапада 2019 года В. Смірноў паўтарыў сваю аптымістычную фразу: “нішто не перашкаджае…”.

І міністэрства– не ўказ

Начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення ЖКГ Алена Каспяровіч замест таго, каб вырашыць праблему з Кацярынай Варанец, у лісце ад 30 кастрычніка 2019 года напісала: “Згодна з першай часткай артыкула 7 Закона “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” акты дзяржаўных органаў прымаюцца і публікуюцца “на беларускай і (або) (выдзелена мною. – М.В.) рускай мовах”.    

У перакладзе з канцылярскай мовы гэтыя словы трэба разумець так: “У тэксце закона ёсць злучнік “або”, узяты ў дужкі – “(або)”, таму дамовы могуць быць: па-беларуску; па-беларуску і па-руску; па-руску. Дзяржаўны орган за Кацярыну Варанец вырашыў – Кацярына Варанец мусіць падпісаць рускамоўныя дамовы”. 

 

Алена Каспяровіч

Алена Каспяровіч не мае рацыі.

Першае. У Канстытуцыі Беларусі няма злучніка “або”, узятага ў дужкі – “(або)”, а ёсць артыкул 50 (“Кожны мае права карыстацца роднай мовай”) і ёсць артыкул 137 (“Канстытуцыя валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай. Законы, дэкрэты, указы і іншыя акты дзяржаўных органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. У выпадку разыходжання закона, дэкрэта або ўказа з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя”). Названая Каспяровіч норма закона разыходзіцца з Канстытуцыяй, бо ўтрымлівае ў сабе злучнік “(або)”, таму не мае юрыдычнай сілы!

Насуперак сцвярджэнню чыноўніцы, дзяржаўны орган быў абавязаны прапанаваць Кацярыне Варанец заключыць дамовы на яе выбар – на беларускай або на рускай мовах.

Другое. Ніхто не прымушаў А. Каспяровіч выторквацца з гэтым “(або)”. Ёсць Савет

Міністраў, які не зацвердзіў беларускамоўныя бланкі дамоў, то хай урад і тлумачыць (сам Прэм’ер-міністр Румас ці профільнае міністэрства ЖКГ). Каспяровіч мусіла проста спытацца ў дырэктара Слонімскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Алега Конана, чаму ён Міхасю Варанцу падпісаў дамовы па-беларуску, а ягонай дачцэ не падпісаў. Не спыталася, не пацікавілася…

Дэмагагічна-цынічны падыход да просьбы Кацярыны Варанец заключыць дамовы на беларускай мове пацвярджаюць і наступныя радкі А.Каспяровіч: “Тыпавыя дагаворы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі на рускай мове… не парушаюць Вашых правоў. Калі Вы не разумееце рускую мову, адну з дзвюх дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь, то маеце права скарыстацца паслугамі перакладчыка”.

Бюджэтныя сродкі – спусцілі ў каналізацыю

Можа А. Каспяровіч напісала так не са зла. Мо сапраўды для яе артыкул 50 Канстытуцыі – фікцыя, міраж, існуе толькі на паперы і ва ў’яўленні неадукаваных грамадзян нашай краіны, якія не разумеюць рускую мову?! Можа ў сферы практычнай, матэрыяльнай, дзе прадмет абмеркавання можна ўбачыць, памацаць рукамі, панюхаць, можа там Каспяровіч на сваім месцы, кампетэнтная?

Возьмем, напрыклад, ачышчальныя прыстасаванні ў вёсцы Дзеравянчыцы Слонімскага раёна, пабудаваныя ў 2011 годзе на сродкі рэспубліканскага фонда аховы прыроды і абласной інвестыцыйнай праграмы! І што там бачым?

Слонімская фінансавая міліцыя ў жніўні 2019 года выявіла, што ў аграгарадку Дзеравянчыцы сучасная каналізацыя польскай вытворчасці – фікцыя, міраж, што ачышчальныя прыстасаванні не працавалі ніводнага дня, існуюць толькі на паперы і, дадамо, ва ў’яўленні канкрэтных адукаваных службовых асоб, якія без перакладчыка разумеюць рускую мову. Для гэтых службовых асоб каналізацыя ў Дзеравянчыцах і артыкул 50 Канстытуцыі – на адным роўні. Розніца толькі ў тым, што ад існуючай на паперы каналізацыі кепска пахне. 

Пракуратура Слонімскага раёна пачала крымінальную справу па ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі з прычыненнем шкоды ў асабліва буйным памеры) у дачыненні асобаў, якія 8 год таму падпісалі фіктыўны акт аб уводзе ў эксплуатацыю ачышчальных прыстасаванняў.

Хто ўтойваў фіктыўную каналізацыю?

Мы ж са свайго боку задамося пытаннем. Хто тыя канкрэтныя службовыя асобы, якія не прынялі ніякіх захадаў, каб вярнуць у дзяржаўны бюджэт сродкі, змарнаваныя камерцыйнай фірмай, якая цягам чатырох год будавала ачышчальныя прыстасаванні? Хто тыя асобы, якія гадамі ўтойвалі ад праваахоўных органаў фіктыўную каналізацыю?

Імя ім легіён! Пакуль назавём двох. Гэта дырэктар Слонімскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Алег Конан і начальнік упраўлення ЖКГ Гродзенскага аблвыканкама Алена Каспяровіч!

Конан ужо працуе ў Менску ў міністэрстве ЖКГ. 19 лістапада 2019 года яго прызначылі  дырэктарам дзяржаўнага вытворчага аб’яднання “Белводаканал”.

Алену Каспяровіч яшчэ раней з пасады намесніка начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення ЖКГ прызначылі начальніцай гэтага ўпраўлення.

Мабыць, гэта ўзнагарода за спушчаныя ў каналізацыю сродкі і ўтойванне ад пракуратуры фіктыўнай каналізацыі ў вёсцы Дзеравянчыцы Слонімскага раёна… .   

11.02.2020                                                               Міхась Варанец, г. Слонім

фота Міхася Варанца - "Газета Слонімская"

Архіў

Ліпень 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты