Навіны

110 гадоў з дня нараджэння Барыса Кіта

Беларускі грамадскі дзеяч, педагог, матэматык, фізік, канструктар, распрацоўшчык ракетнага паліва для NASA, доктар філасофіі ў галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі і многіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій і аб’яднанняў Барыс Кіт нарадзіўся 6 красавіка 1910 года ў Пецярбургу. Раней поўнае прозвішча сям’і было Кіта. Пасля кастрычніцкага перавароту ў Расеі ягоны бацька перавёз сям’ю ў родную вёску Агароднікі Карэліцкага раёна. Калі Барысу Кіту было 10 гадоў, памерла яго маці.

Вучыўся Барыс у народнай школе Карэлічаў, у Наваградскай гімназіі. У 1933 годзе скончыў Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя, выкладаў матэматыку, быў выкладчыкам і дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, Наваградскай гімназіі, іншых школ на Віленшчыне.

Разам з выкладчыцкай дзейнасцю Барыс Кіт не забываўся і пра беларускую справу – актыўна займаўся развіццём беларускай школы ў Заходняй Беларусі. Двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі і сядзеў у турме: першы раз у Наваградку за дачыненні з “Грамадой” Браніслава Тарашкевіча, другі раз у Віленскай турме на Лукішках па справе Таварыства Беларускай Школы. З прыходам савецкай улады Барыс Кіт застаўся ў адукацыйнай сферы – працаваў школьным інспектарам у Баранавіцкай вобласці, займаўся арганізацыяй беларускіх школ, выкладаў матэматыку.

 

Пасведчанне настаўніка матэматыкі Віленскай гімназіі, 1935 год

У 1941 годзе некаторы час жыў у вёсцы Лебедзева Маладэчанскага раёна, дзе пазней настаўнічаў у мясцовай народнай школе. У час нямецкай акупацыі Барыс Кіт працаваў дырэктарам Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Маладэчне, а пасля ў Паставах. Яго зноў арыштавалі і кінулі за краты. Гэтым разам яго нават ледзь не расстралялі – ад смерці ў Вялейскім СД выратавалі колішнія яго вучні з Віленскай беларускай гімназіі – Адам Дасюкевіч і Кастусь Касяк.

У 1944 годзе, калі Чырвоная Армія наступала па ўсіх франтах, Барыс Кіт разам з іншымі вядомымі беларускімі дзеячамі культуры і навукі выехаў на Захад, спачатку ў Германію, а пасля ў Амерыку. У 1945-48 гг. вывучаў медыцыну ў Мюнхенскім універсітэце, выкладаў матэматыку ў мясцовых гімназіях. У 1948 г. эміграваў у ЗША. Працаваў у розных кампаніях, а з 1950 года ўдзельнічаў у амерыканскіх праектах падрыхтоўкі да палётаў у космас, даследаваў касмічныя праграмы СССР. Ён першым разлічыў прынцыпы выкарыстання вадароду як паліва для касмічных ракет, аўтар першага ў гісторыі навукі падручніка па ракетнай тэхніцы і ракетным паліве.

Барыс Кіт і Васіль Быкаў

У пачатку 1990-ых гадоў Кіт наведваў Беларусь, прапаноўваў беларускаму ўраду за свае грошы адкрыць беларускамоўны ўніверсітэт, але чыноўнікі адмовіліся, бо ён хацеў, каб універсітэт быў беларускамоўным. Апошнія 35 гадоў Барыс Кіт жыў у Франкфурце-на-Майне ў Германіі. На свае юбілеі ён заўсёды атрымліваў віншаванні ад прэзідэнта ЗША. Пражыў амаль 108 гадоў. Памёр 1 лютага 2018 года. Пахаваны на праваслаўных могілках у нямецкім горадзе Вісбадэн, дзе загадзя выкупіў участак.

 

мемарыяльная дошка ў Наваградку

4 чэрвеня 2008 года ў Наваградскай сярэдняй школе № 1 адчынены музей Барыса Кіта. На будынку школы, дзе Барыс Кіт працаваў у перадваенны час, усталявана памятная дошка. Выйшлі ў свет дзве кнігі пра славутага навукоўца – “Вяртанне” (1993) і “Космас беларуса” (1996) аўтарства Лідзіі Савік. У Вашынгтане (ЗША) у капсуле часу, якая будзе адкрыта праз 500 гадоў, ёсць і біяграфія Барыса Кіта. Беларускі кінарэжысёр Віктар Дашук зняў кінафільм “Барыс Кіт – апошні з магіканаў”.

 

06.04.2020 Тэгі: каляндар, Барыс Кіт

Архіў

Ліпень 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты