Навіны

160 гадоў з дня смерці Караля Падчашынскага

Архітэктар і педагог Караль Падчашынскі нарадзіўся 7 лістапада 1790 году ў мясцовасці Жырмуны на Лідчыне (цяпер Воранаўскі раён). Яго бацька і дзед былі будаўнікамі, таму справа гэта была вядома з дзяцінства. Дзед Павел добра рамантаваў палацы і храмы, за што быў заўважаны Радзівіламі і пастаўлены наглядчыкам за будаўнічымі працамі ў сваіх маёнтках. З часам ён стаў набліжаным да княскага двара, атрымаў пасаду падчашага. А ўжо сын Ян стаў княскім архітэктарам. За дасягненні Караль Станіслаў Радзівіл паспрыяў таму, каб у 1772 годзе Ян атрымаў шляхецкае званне. Так Ян стаў Падчашынскім – пад такім прозвішчам засталіся вядомымі і яго нашчадкі. У гонар свайго дабрадзея Ян назваў сына Каралем. Хлопец вучыўся ў Брэсце, у 1813-ым скончыў ліцэй у Крамянцы і паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Да таго часу бацькі ўжо не было, і на дапамогу разлічваць не даводзілася. Таму Караль не толькі старанна пазнаваў навуку, але і сам зарабляў грошы – даваў урокі малявання і чарчэння.

   Універсітэцкае кіраўніцтва заўважыла таленавітага і стараннага студэнта, i з 1814 года яму прызначылі стыпендыю, а неўзабаве далі магчымасць навучацца ў Пецярбургу. У 1816-ым пасля сканчэння акадэміі мастацтваў, дзе за свае архітэктурныя кампазіцыі ён атрымаў два сярэбраныя медалі, Караль вярнуўся ў Вільню з мэтай выкладаць ва ўніверсітэце. Аднак маладога спецыяліста зноў пасылаюць на стажыроўку: спачатку ён вучыцца ў Парыжы, пазней накіроўваецца ў Італію. Пасля вяртання, з 1819-га выкладае ў Віленскім універсітэце, пазней становіцца кіраўніком кафедры архітэктуры. У 1838-53 гадах Падчашынскі жыў у маёнтку пад Нясьвіжам, пазней у Вільні і Варшаве.

   Караль Падчашынскі быў прадстаўніком класіцызму. Ён актыўна займаўся пісаў навуковыя трактаты, даследаванні, падручнікі для студэнтаў) і пасля 1832 года, калі Віленскі ўніверсітэт быў закрыты расійскай акупацыйнай уладай.

   Зарэкамендаваў сябе і як выдатны практык. Пераважна ўвага яго была скіравана на Вільню; шэраг аб’ектаў быў узведзены ў Расіі, Украіне, Польшчы. У Беларусі да гэтага часу захаваўся пабудаваны па яго праекту Жыліцкі палацава-паркавы комплекс, які належаў Булгакам. Ён аўтар некалькіх праектаў навучальных устаноў, у тым ліку мураванага будынка кальвінскай гімназіі ў Слуцку. Перабудаваў інтэр’ер Калоннай залі ў будынку Віленскага ўніверсітэту, стварыў інтэр’ер прафесарскай чытальнай залі. Пазней архітэктар Міхал Шульц яе рэканструяваў. Мадэрнізаваў таксама іншыя будынкі, якія належалі ўніверсітэту, прыстасоўваючы іх для яго патрэб. Да найважнейшых працаў Падчашынскага залічаюць рэканструкцыю касцёла Святога Яна ў Вільні. Праектаваў ён сядзібу Міхала Балінскага ў Яшунах (цяпер у Літве), палацы ў Тускуленах і Жылічах (цяпер Кіраўскі раён), будынкі гімназій у Слуцку, Камянцы Падольскім, Свіслачы, школу ў Бабруйску. Найбольш удалым яго творам лічыцца помнік позняга класіцызму евангелісцка-рэфармацкая царква (на фота) у Вільні на вуліцы Завальнай (цяпер Pylimo). У савецкі час у гэтым будынку размяшчаўся кінатэатр “Хроніка”. Падчашынскі – аўтар першага ў Беларусі і Літве падручніка тэорыі архітэктуры “Асновы архітэктуры для акадэмічнай моладзі”, артыкулаў пра выкладанне архітэктуры, даглядання за садамі і паркамі.

   Памёр творца 7 красавіка 1860 году. Пахаваны на могілках Росы ў Вільні. Магіла не захавалася.

07.04.2020 Тэгі: каляндар

Архіў

Ліпень 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты