Навіны

Праваабаронцы патрабуюць вызваліць палітвязня Піліпа Шаўрова

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

Мінск, 16 красавіка

Актывіст моладзевай апазіцыйнай арганізацыі “Малады фронт” Піліп Шаўроў быў затрыманы 19 студзеня 2020 г. пасля таго, як сам з’явіўся ў міліцыю і заявіў аб тым, што гэта ён расфарбаваў рукі помніку А. С. Пушкіну ў Мінску.

18 сакавіка 2020 г. аддзелам Цэнтральнага раёна (г. Мінска) Слечага камітэта Піліпу Шаўрову было прад’яўлена канчатковае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 і ч.2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Аб’ектыўныя дзеянні П. Шаўрова заключаліся ў наступным: 16-17 студзеня 2020 г. (згодна з абвінавачваннем), ён нанёс фарбай невялікую адносна помніка выяву бел-чырвона-белага сцяга на гранітную частку памятнага знака загінуўшым супрацоўнікам МУС, а таксама расфарбаваў у чырвоны колер рукі помніку А.С. Пушкіну ў г. Мінску.

17-19 студзеня 2020 г. ён нанёс надпіс “1937” на плоце насоснай станцыі ў п. Бараўляны.

На дадзены момант матэрыялы справы перададзеныя ў суд Цэнтральнага раёна г. Мінска і прынятыя да вытворчасці. Піліп Шаўроў да гэтага часу ўтрымліваецца пад вартай у СІЗА № 1 г. Мінска. У выпадку прызнання судом вінаватым у інкрымінаваных злачынствах яму пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі (максімальнае пакаранне, прадугледжанае санкцыяй ч. 2 арт. 339 КК).

У сувязі з прад’яўленымі П. Шаўрову абвінавачваннямі, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, адзначаем наступнае.

У выніку праведзенага прававога аналіза дадзенага абвінавачвання і фактычных абставінаў здзейсненага П. Шаўровым мы прыходзім да высноваў аб адсутнасці ў ягоных дзяеннях складу злачынства па ч.1 і ч.2 арт. 339 КК (“Хуліганства”).

Нанесеныя ім графіці не прывялі да знішчэння ці пашкоджання аб’ектаў, на якія яны былі нанесеныя, не прывялі да страты імі іх спажывецкіх якасцяў. Прывядзенне іх у першапачатковы выгляд патрабавала пэўных матэряльных затрат, якія маглі б быць ускладзеныя ў далейшым на прычыніцеля шкоды ў грамадзянска-прававым парадку.

Змест малюнкаў і надпісаў у кантэксце грамадска-палітычных падзеяў і публічных грамадскіх дыскусій, якія адбываліся ў краіне (серыя публічных акцый пратэсту супраць гэтак званай “паглыбленай інтэграцыі” Расіі і Беларусі) на прыканцы 2019 г., сведчаць аб тым, што матывам Шаўрова пры іх нанясенні было выказванне меркавання на дадзеныя грамадска-значныя тэмы.

Мы лічым, што дадзеныя формы выказвання меркавання патрапляюць пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не маюць нічога агульнага з указанымі ў працэсуальным дакуменце Следчага камітэта матывамі.

У адпаведнасці з арт. 19 Пакта кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць усялякага рода інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз сродкі друку ці мастацкія формы выяўлення, ці іншымі сродкамі па свайму выбару. Карыстанне гэтым правам можа накладаць асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, адпаведна, звязана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўленыя законам і з’яўляцца неабходнымі: для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў, для аховы грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва.

Абвінавачаны не пасягнуў на сакральныя ці гісторыка-культурныя каштоўнасці, не знішчыў іх, не нанёс незваротных пашкоджанняў, не выкарыстоўваў нецэнзурную лексіку ў надпісах альбо мовы варажнечы і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці ці сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах. Дзеянні Піліпа Шаўрова насілі выключна мірны характар і адпаведна трапляюць пад абарону арт. 19 Пакта.

Прымянне да П. Шаўрова меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай з’яўляецца беспадстаўным і празмерным і расцэньваецца намі як сродак аказання ціску на абвінавачанага з-за помсты за рэалізацыю ім агульнапрызнаных грамадзянскіх правоў і ў сувязі з прыналежнасцю П. Шаўрова да апазіцыйнай моладзевай арганізацыі “Малады фронт”, сябры якой рэгулярна пераследуюцца ўладамі Беларусі. Менавіта ў сувязі з гэтым ён і быў абвінавачаны па ч.1 і ч.2 арт. 339 КК, паколькі такое абвінавачванне дазваляла следчым узяць яго пад варту.

Трэба адзначыць, што ізаляцыя П. Шаўрова ў сукупнасці з узяццём падпіскі аб неразгалошванні матэрыялаў папярэдняга следства ў ягонага адваката сур’ёзным чынам абмяжоўвае магчымасці абароны і дазваляла працяглы час хаваць ад грамадскасці сутнасць прад’яўленых абвінавачванняў па гэтай рэзананснай справе.

У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі Піліпа Шаўрова адвольным і палітычна матываваным, а самога Піліпа Шаўрова палітычным зняволеным у адпаведнасці з п. 3.1(а)Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.

У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:

Спынення крымінальнага пераследу Піліпа Шаўрова па арт. 339 КК з адменай меры стрымання і вызвалення яго з-пад варты.

ПЦ "Вясна"

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт"

РГА "Прававая ініцыятыва"

РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр"

Установа "Human Constanta"

ППУ "Офіс па правах людзей з інваліднасцю"

АУ "Цэнтр прававой трансфармацыі"

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Ініцыятыўная група "Ідэнтычнасць і права"

Беларускі дом правоў чалавека ім. Б. Звозскава

Асамблея НДА

Архіў

Жнівень 2020
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты