Навіны

Пра каранцін, страх і перамогу

З гледзішча цяперашніх пакаленняў у свеце зараз адбываецца сур’ёзная катастрофа. З гледзішча вякоў і тысячагоддзяў гісторыі існавання чалавека на зямлі – нічога надзвычайнага. Перыядычна ў розныя часы ў свеце адбываліся эпідэміі і пандэміі аналагічнага кшталту, альбо намнога жахлівейшыя пошасці ці ваенныя навалы. Беларуская зямля ў час дасягальнай нам для вывучэння гісторыі за мінулае тысячагоддзе напакутавалася так, што, здаецца, ужо нічога не павінна баяцца. Але ж апошнія 65 з хвосцікам гадоў (бяру гэты адлік не з часу фармальнага сканчэння Другой сусветнай вайны, а з 1953 года, калі здох крывавы Сталін) адносна мірнага існавання прывучылі людзей да спакою і пэўнага матэрыяльнага камфорту. Зараз жа гэтыя спакой і камфорт становяцца хісткімі, “падвісаюць”, а бліжэйшая будучыня становіцца трывожнай і цьмянай. І гэты стан, як мінімум, няпэўнасці, разгубленасці авалодвае бальшынёй грамадства.  

Зараз урады розных дзяржаў шукаюць выйсце ў дыяпазоне паміж жорсткім каранцінам і нават амаль непрызнаннем маштабнасці пандэміі каронавірусу. Некаторыя параўноўваюць цяперашнюю сітуацыю з вайной. Асабіста я з такім параўнаннем не згодзен. Вельмі добра сказаў на гэты конт днямі вядомы расейскі пісьменнік Віктар Ерафееў, які назваў цяперашнія дзеянні змагання з заражэннем хваробаю антывайной. Бо ў час вайны звычайны грамадзянін становіцца салдатам, а ў час такой антывайны салдат павінен рабіцца грамадзянінам. І вось гэта ключавы момант здольнасці ўрадаў кожнай канкрэтнай краіны і іх розных структур, у тым ліку і сілавых, на такую “антываенную” мабілізацыю.

   Дэмакратычныя краіны прымяняюць розныя мадэлі каранціну – ад мяккага да дастаткова жорсткага. Для ўсіх – гэта цяжкі эксперымент з адмоўнымі наступствамі для эканомікі і цяжкапрадказальнасцю палітычнага развіцця. Кіраўнікі ж аўтарытарных і таталітарных рэжымаў імкнуцца не прызнаваць сапраўдную небяспеку эпідэміі альбо ў значнай ступені яе заніжаць. Прыкладам, у Туркменістане слова “каронавірус” забаронена ўвогуле. Падобная сітуацыя і ў Таджыкістане. А кіраўнік беларускай дзяржавы публічна заявіў, што ў нашай краіне аніводны чалавек не памёр ад заражэння каронавірусам і нават паабяцаў, што не памрэ. Некаторыя схільныя думаць, што начальнік дзяржавы не ўводзячы цвёрдых каранцінных мераў, думае найперш пра эканоміку і не зважае ўвагі на здароўе і пагрозу жыццю людзей.

Але, мяркую, справа тут у іншым. Упершыню ў многіх аўтарытарных кіраўнікоў постсавецкіх краін з’явіўся сур’ёзны апанент. Не разгромленая і расцярушаная праз гады апазіцыя, не ўяўныя замежныя сілы, якія ўвесь час пагражаюць “стабільнасці развіцця”, а дробны, але такі страшны каронавірус, паходжанне і прырода якога дакладна пакуль так і не ўстаноўлены. І калі народ пачне баяцца гэтага віруса больш, чым вярхоўнага ўладара, гэта стане сур’ёзнай пагрозай, а можа і магутнейшым ударам для такіх рэжымаў. Бо страх перад большай пагрозай натуральна зніжае страх паднявольнага народа перад яшчэ учора ўсемагутным уладаром, які сёння ў разгубленасці, а заўтра сам у жаху перад рэчаіснасцю пошасці. Таму і абраная такая тактыка непрызнання нябачнага, але на гэты раз сапраўды рэальнага “ворага”. А з іншага боку алагічная рыторыка – “ураг будзет разбіт – пабеда будзет за намі”, “мы за цэной не пастаім” і таму падобнае. Таму і рыхтуецца выкат баявой тэхнікі на парад 9 мая ў цэнтры беларускай сталіцы і маршаванне салдат. Таму і не спыняецца футбол.

Цяперашняя пандэмія смяротнага вірусу – гэта праверка чалавецтва не толькі, і нават не столькі на фізічную выжывальнасць і ўстойлівасць. Гэта выпрабаванне найперш на маральную вытрываласць і духоўную спеласць – як кожнага асобнага чалавека, так і нацыянальных супольнасцяў і цэлых краін. Асаблівыя перажыванні маем у гэты велікодны перыяд, калі ўпершыню ў жыцці не можам як належыць наведаць набажэнствы ў храмах, традыцыйна паехаць да бацькоў ці іншых родных, сустрэцца і адсвяткаваць з сябрамі найвялікшы цуд Уваскрасення Хрыстова. Але ўваскрэслы Збаўца зноў дае прыклад перамогі Жыцця над смерцю і паказвае, што за цемрай абавязкова надыдзе Святло.

Уладзімір Хільмановіч

19.04.2020

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты