Навіны

Да 75-ых угодкаў Віктара Дубіцкага

30 красавіка беларускаму патрыёту з Мастоўшчыны Віктару Дубіцкаму споўнілася б 75 гадоў.

Віктар Дубіцкі, беларускі настаўнік, сябра КХП БНФ нарадзіўся 30 красавіка 1945 году в. Сьліжы Пескаўскія на Мастоўшчыне. Настаўнічаў у Мастоўскім раёне у некалькіх школах, але найбольш у Луне, дзе й жыў з сям’ёй. Калегі па працы ўзгадваюць яго незвычайную зацікаўленасць раслінным светам. Сябры называюць яго сапраўдным беларусам, сціплым чалавекам, настаўнікам са светлай галавой і залатымі рукамі. Але працаваць у школе Віктару было няпроста, як і кожнаму неаўтарытарнаму настаўніку ў аўтарытарнай прасавецкай школе. Вельмі з многім ён не мог пагадзіцца і не знаходзіў адказаў на здавалася б простыя пытанні па арганізацыі школьнага жыцця. Толькі дзякуючы таму, што ён як настаўнік, валодаў сваім прадметам на выдатна, дзеці ведалі батаніку, цягнуліся да яго. Ён умеў іх заахвоціць. Ён выгадаваў цудоўны сад, раздаваў шмат саджанцаў людзям. Як сапраўдны беларус, любіў сваю зямлю й шчыраваў на ёй амаль штодзённа. 

У часы перабудовы адразу стаў на бок дэмакратычнага руху, увайшоў у Беларускі Народны фронт, і ад самага пачатку ўтварэння Кансэрватыўна-Хрысціянскай партыі — у яе шэрагах. Прапагандаваў беларускасьць паўсюль: на працы, сярод вясковых людзей, калі хадзіў збіраць подпісы за дэмакратычных вылучэнцаў. Толькі сам ніколі й нікуды не вылучаў сваю кандыдатуру, ціха й сціпла рупіўся пра іншых.

Алесь Белакоз, Лявон Карповіч, Віктар Дубіцкі і Уладзімір Брыцько на могілках у Гудзевічах

У маёй асабістай бібліятэцы пачэснае месца займае кніга, падараная Вольнай Іпатавай “Свабода да апошняга дыхання”. Уступнае слова да кнігі Вольга Іпатава завяршае наступнымі словамі: “Бо кожны з тых, пра каго расказваецца ў гэтай кнізе, варты ўспамінаў. Таму што ён жыў са свабоднай душой і жыў Свабодай – да апошняга дыхання”.

Віктар Дубіцкі, Лявон Карповіч і Вольга Іпатава на магіле паўстанцаў у Мінявічах

Гэта фота з згаданай вышэй кнігі. На ім Віктар Дубіцкі, патрыёт, наш сябар, якому 30 красавіка 2020-га споўнілася б 75 гадоў, пра якога можна сказаць словамі Вольгі Іпатавай: “ён жыў са свабоднай душой і жыў Свабодай – да апошняга дыхання”.

І пасля раптоўнай смерці ў 64 гады ён працягвае справу свайго жыцця –працягвае прапагандаваць беларускасць. На праваслаўных могілках у мястэчку Луна дзве магілы з напісамі па-беларуску. Адна з іх Віктара Дубіцкага, пахаванага пад Бел-Чырвона-Белым Сцягам.

Магіла Віктара Дубіцкага. Фота Уладзіміра Брыцька

На магіле кветкі ствараюць бел-чырвона-белы малюнак, так дарагі для Віктара. Сумныя думкі тут ахопліваюць ня толькі з прычыны заўчаснай смерці сябра. Колькі іх ужо памерла так і не дачакаўшыся Свабоды і Незалежнасці! І, аналізуючы стан грамадства у цяперашняй Беларусі, які пагаршаецца з кожным годам, дзе вырастаюць новыя пакаленні пад уплывам ілжывай антыбеларускай дыктатуры, дзе губляецца надзея, становіцца страшна і сорамна…

Лявон Карповіч, Луна-Воля

30.04.2020 Тэгі: каляндар

Архіў

Сьнежань 2020
123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031

Відэа

праваабарончыя сайты