Навіны

Памятныя даты Гарадзеншчыны на травень 2020

Каляндар круглых і юбілейных датаў на травень 2020 году

2 траўня

100 гадоў таму (1920) – У Менску выйшаў першы нумар часопісу “Рунь” (рэдактар Янка Купала, выдавец Вацлаў Іваноўскі), выдаваўся да 4 ліпеня 1920 году.

3 траўня

Сусьветны дзень свабоды друку.

5 траўня

120 гадоў таму (1900) – У в. Клюшчаны (Астравецкі р-н) нарадзіўся Адольф Клімовіч, беларускі каталіцкі, грамадзкі дзеяч, журналіст, выдавец, вязень савецкіх канцлягераў.

110 гадоў таму (1910) – У в. Кунцаўшчына (Гарадзенскі р-н) нарадзіўся Апанас Цыхун, беларускі краязнавец, педагог, пісьменьнік.

6 траўня

55 гадоў таму (1965) – У Гародні на доме, дзе жыў Максім Багдановіч, адчынена мемарыяльная дошка.

7 траўня

Сьвята абраза Маці Божай Жыровіцкай.

12 траўня

245 гадоў таму (1775) – У Гародні была заснаваная Вышэйшая медыцынская акадэмія.

13 траўня

Сьвята Гарадзенскай грэцка-каталіцкай парафіі Зьяўленьня Маці Божай у Фаціме.

180 гадоў таму (1840) – У фальв. Кункулка (Лідзкі пав.) нарадзіўся Цітус Далеўскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-64.

150 гадоў таму (1870) – У сядзібе Ізабэлін (Наваградзкі р-н) нарадзіўся Аляксандар Турчыновіч (згінуў бязь вестак пасьля 1917 г.), беларускі гісторык, краязнавец, педагог.

145 гадоў таму (1875) – У маёнтку Ендрыхоўцы (Ваўкавыскі р-н) нарадзіўся Станіслаў Жукоўскі (загінуў у гітлераўскім канцлягеры Прушкава ў жніўні 1944 г.), беларуска-польскі мастак.

14 траўня

25 гадоў таму 1995 – У Беларусі адбыўся антыканстытуцыйны рэферэндум, які зьмяніў дзяржаўную сымболіку, надаў расейскай мове статус дзяржаўнай, зрабіў зьмены ў Канстытуцыю, надаўшы права прэзідэнту распускаць парлямант, пастанавіў пра эканамічную інтаграцыю з Расеяй.

15 траўня

145 гадоў таму (1875) – У Вялікай Бераставіцы нарадзіўся Павел Валынцэвіч, беларускі праваслаўны сьвятар, адзін з пачынальнікаў беларускай фатаграфіі, мастак. Працаваў у Крэве, Сабакінцах. Памёр у красавіку 1962 г. у Ваўкавыску, пахаваны на ваўкавыскіх гарадзкіх могілках.

18 траўня

Міжнародны дзень музеяў.

110 гадоў таму (1910) – У Гародні памерла Эліза Ажэшка, польска-беларуская пісьменьніца, удзельніца паўстаньня 1863-64. З 1869 жыла ў Гародні. Пахавана на старых каталіцкіх могілках у Гародні.

19 траўня 

Сьвята Слонімскай грэцка-каталіцкай парафіі Сьвятой Тройцы.

240 гадоў таму (1780) – У Страсбургу (Францыя) нарадзіўся Людвік Міхал Пац, вайсковы дзеяч, удзельнік паўстаньня 1830-31. Валодаў маёнткам Ражанка (Шчучынскі р-н), меў палац у Гародні.

20 траўня

55 гадоў таму (1965) – У Маскве памёр Антон Жэбрак, беларускі генетык, селекцыянер, грамадзкі дзеяч. Нараджэнец в. Збляны (Зэльвенскі р-н).

22 траўня

80 гадоў таму (1940) – У мясцовасьці Русальшчына невядомымі быў забіты Вацлаў Родзька, беларускі каталіцкі сьвятар. Працаваў у гарадзенскім фарным касьцёле, у 1920-28 служыў у Гальшанах (Ашмянскі р-н), з 1929 – у Старых Васілішках (Шчучынскі р-н), з 1937 – у Трабах (Івейскі р-н). Пахаваны пры касьцёле ў Трабах.

23 траўня

40 гадоў таму (1980) – У Гародні памёр Мікалай Марцінчык, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, лекар, вязень, савецкіх канцлягераў. Нараджэнец в. Кубельнікі (Бераставіцкі р-н).

24 траўня

Дзень славянскай пісьменнасьці.

90 гадоў таму (1930) – У Наваградку нарадзілася Галіна Русак (дзявоч. Родзька), беларуская мастачка-эмігрантка (з 1949 жыла ў ЗША).

25 траўня

115 гадоў таму (1905) – У мяст. Казлоўшчына (Дзятлаўскі р-н) нарадзіўся Сяргей Хмара (сапр. Сіняк), беларускі пісьменьнік, паэт, журналіст, выдавец, з 1944 жыў у эміграцыі (Нямеччына, Канада).

110 гадоў таму (1910) – У Гародні нарадзіўся Пётр Кас, амэрыканскі вучоны-хімік. Памёр у 1980-ыя.

27 траўня

120 гадоў таму (1900) – У в. Макашы (Нясьвяжскі р-н) нарадзіўся Уладзімір Жылка, беларускі паэт, перакладнік, публіцыст, крытык. Скончыў вучэльню ў Міры.

29 траўня

455 гадоў таму (1565) – У Лукішках пад Вільняй памёр Мікалай Радзівіл (Чорны), палітычны, культурны і рэлігійны дзеяч ВКЛ. Быў пахаваны разам з жонкай пры Віленскім зборы. У 1647 г. іх парэшткі ўрачыста перанесьлі зь Вільні ў Дубінкі. Валодаў Нягневічамі (Наваградзкі р-н), Геранёнамі (Івейскі р-н).

30 траўня

410 гадоў таму (1610) – Вялікі князь Жыгімонт ІІІ Ваза надаў Ліпнішкам магдэбургскае права.

31 траўня

220 гадоў таму (1800) – У Варшаве памёр Міхал Казімер Агінскі (нар. у 1730, або 1728), магнат, Слонімскі стараста, вялікі гетман Літоўскі.

 

 

Відэа

праваабарончыя сайты