Навіны

У Беларусі пацверджана ўжо 16.705 выпадкаў COVID-19

Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 16.705 (8,1% ад агульнай колькасці праведзеных тэстаў), памерла 99 чалавек, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Такім чынам, за апошнія суткі памерлі яшчэ два чалавекі, а агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 павялічылася на 877 (+5,5%). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што пацыенты памерлі „з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй”.

Ачуняла і выпісана 3.196 пацыентаў (+77 за суткі). Усяго праведзена 204.239 тэстаў на каранавірус.

Міністэрства аховы здароўя зноў не апублікавала статыстыку хворых па абласцях і Мінску, а таксама колькасць хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, якія маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Прэс-мерапрыемстваў на гэтым тыдні міністэрства не праводзіла.

3 красавіка намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан заявіла на прэс-канферэнцыі, што прынятыя меры дазволілі прадухіліць сотні выпадкаў захворвання на каранавірусную інфекцыю штодня. „Калі б не меры, якія прынятыя па пошуку пацыентаў з каранавірусам, іх кантактаў, а таксама па іх шпіталізацыі і правядзенні супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў на ўсёй тэрыторыі краіны, то сёння мы б мелі 840 выпадкаў у дзень і нічым бы не адрозніваліся ад найбліжэйшых дзяржаў. Ніводная суседняя краіна такія меры не прымала, не шпіталізаваліся ўсе выяўленыя кантакты першага ўзроўню, кантакты другога ўзроўню пры наяўнасці вострых рэспіраторных захворванняў”, — сказала Богдан.

14 красавіка яна дала прагноз, што рост колькасці пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі на 300—400 у суткі працягнецца яшчэ два-тры тыдні, пасля чаго пачнецца спад.

На брыфінгу 24 красавіка Богдан паведаміла, што ў краіне пачалося ўкараненне экспрэс-тэстаў для выяўлення імунаглабулінаў і ацэнкі постінфекцыйнага імунітэту. „Павелічэнне тэставання натуральна пацягне за сабой і павелічэнне колькасці выяўленых выпадкаў. Таксама думаю, мы знойдзем і тых, хто ўжо перанёс захворванне, адпаведна яны ўвойдуць у лік выяўленых выпадкаў”, — папярэдзіла яна.

belapan.by

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/u-belarusi-patsverdzhana-uzho-16-705-vypadkau-co/

04.05.2020
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Відэа

праваабарончыя сайты