Навіны

Саматужная беларусізацыя – фігавы лісток урада Сяргея Румаса

Мінжылкамгас даручыў жыллёва-камунальным гаспадаркам самастойна падрыхтоўваць тыповыя дамовы па-беларуску і заключаць іх па патрабаванні спажыўцоў. Пра няшчырасць чыноўнікаў міністэрства сведчыць факт, што такая саматужная беларусізацыя апрабоўвалася ў Слоніме і скончылася пшыкам.

Лістом ад 3 сакавіка 2020 года намеснік міністра ЖКГ Віталь Смірноў паведаміў мне: “У сувязі з тым, што тыпавыя дагаворы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі зацверджаны на рускай мове пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 студзеня 2009 г. № 99 "Аб мерах па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь "Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг", выканаўца жыллёва-камунальных паслуг прапаноўвае для заключэння дагаворы на рускай мове. Аднак, калі спажывец жыллёва-камунальных паслуг выказвае жаданне заключыць дагавор на беларускай мове, нішто не перашкаджае падрыхтаваць такі дагавор і заключыць яго са спажыўцом. Мінжылкамгасам накіравана даручэнне аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму аб падрыхтоўцы дагавораў прадпрыемствамі ЖКГ вобласці на беларускай мове і іх заключэнні па патрабаванні спажыўцоў ".

Не будзем спяшацца спраўджваць выкананне жыллёва-камунальнымі гаспадаркамі міністэрскага даручэння. І не з-за эпідэміі каронавірусу, і не таму, што ў лісце Віталя Смірнова не ўказаны тэрмін. Усё больш проста і празаічна.

Падобнае філалагічнае даручэнне ў канцы лютага 2019 года Мінжылкамгас накіраваў Слонімскаму прадпрыемству ЖКГ. Дырэктар мясцовай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Алег Конан, які з 5 лістапада 2018 года двойчы пісьмова паведамляў мне, што "афармленне тыпавых дагавораў на беларускай мове... не ў рамках кампетэнцыі Слонімскага ГУП ЖКГ", 1 сакавіка 2019 года асабіста заключыў са мною, Міхасём Варанцом, дамовы па-беларуску!

Ці не фількавыя граматы гэтыя саматужныя дамовы? — з такім пытаннем звярнуўся я да прэм`ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса. Па даручэнні намесніка прэм`ер-міністра Уладзіміра Кухарава, міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў у лісце ад 10 траўня 2019 года запэўніў мяне, што перакладзеныя слонімскімі камунальнікамі дамовы маюць такую ж юрыдычную моц, як і тыповыя дамовы па-руску, зацверджаныя пастановай Савета Міністраў, і што "такое ж меркаванне таксама было выказана Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь".

Нягледзячы на апеку намесніка прэм`ер-міністра Кухарава, міністра ЖКГ Церахава і "такое ж меркаванне" Міністэрства юстыцыі, саматужная беларусізацыя ў асобна ўзятым Слонімскім раёне скончылася пшыкам. 30 ліпеня 2019 года мясцовыя камунальнікі адмовіліся заключыць з маёй дачкой  Кацярынай Варанец дамовы на роднай мове, а начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення ЖКГ Алена Каспяровіч цынічна напісала: "Калі Вы не разумееце рускую мову, адну з дзвюх дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь, то маеце права скарыстацца паслугамі перакладчыка" (гл. артыкул “На адным роўні – артыкул 50 Канстытуцыіі каналізацыя ў аграгарадку Дзеравянчыцы”,"Гарадзенская вясна", 1 красавіка 2020 г.).

І вось, на аснове такога слонімскага досведу — філалагічнае даручэнне ўсім 204 прадпрыемствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі нашай краіны!

Такое даручэнне, такі спосаб забеспячэння спажыўцам жыллёва-камунальных паслуг магчымасці рэалізаваць сваё права карыстацца беларускай мовай — няшчырыя, з душком. Адным ужо на парозе разлікова-даведкавага цэнтра жыллёва-камунальнай гаспадаркі прапаноўваюцца зацверджаныя Саветам Міністраў тыповыя дамовы на іх роднай рускай мове, другім — па патрабаванні... саматужныя! Беларус мусіць гаўкнуць, і тады, можа быць, яму кінуць костку... абгрызеную.

Між іншым, з 2010 года ў пашпарты грамадзян Беларусі не ставяцца тыповыя штампы па-беларуску. Іх няма. Міністэрства юстыцыі і Міністэрства ўнутраных спраў не зацвердзілі. Дык мо неўзабаве мясцовыя органы ЗАГС, мясцовыя аддзелы па грамадзянстве і міграцыі будуць вырабляць і ставіць у пашпарты саматужныя штампы па-беларуску... па патрабаванні? 

Задамося пытаннем, адказу на якое няма ў лісце Смірнова! Лагічна, каб спецыялісты цэнтральнага апарата Мінжылкамгаса падрыхтоўвалі тыповыя дамоўныя бланкі па-беларуску, а старшыня ўрада Сяргей Румас падпісваў пастановы аб зацвярджэнні гэтых бланкаў. Аднак, насуперак здароваму сэнсу, гэта не робіцца.

Не будзем з гарачкі, на эмоцыях рабіць з Румаса, Кухарава, Церахава і іншых беларускіх міністраў кончаных дурняў.

Напрыклад, пасля савецка-германскай вайны 1941-1945 гг. некалькі пакаленняў савецкіх людзей, у тым ліку мой тата-франтавік і, натуральна, я сам, былі перакананыя, што катастрафічныя паразы Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі ў 1941 годзе былі з-за дурасці тагачаснага кіраўніка СССР Іосіфа Сталіна. Мы шчыра здзіўляліся, аніяк не маглі ўцяміць, чаму замест умацоўвання абарончых збудаванняў на старой савецка-польскай мяжы, што была да верасня 1939 года, Сталін, насуперак логіцы і здароваму сэнсу, загадаў разбурыць гэтыя збудаванні. Фінляндыя ўмацоўвала "лінію Манэргейма", Францыя — "лінію Мажыно", а ў нас усё наадварот. Мы здзіўляліся і не маглі ўцяміць, чаму вялізная колькасць войскаў Савецкага Саюза неабачліва была размешчана на вузкай паласе ўздоўж савецка-германскай мяжы. З-за гэтага ў самым пачатку вайны ў палон трапілі мільёны байцоў Чырвонай Арміі, а вораг за тры месяцы дайшоў да Масквы.

Гэта — погляд нармальных, сумленных савецкіх людзей, якія не хочуць вайны і якія ацэньваюць дзеянні тагачасных кіраўнікоў дзяржавы паводле ўласнага разумення дабра і зла. Як толькі такі савецкі чалавек асмеліцца падумаць, зробіць дапушчэнне, што Савецкі Саюз планаваў першым напасці на Германію, тады для гэтага чалавека ўсё становіцца на свае месцы, тады становіцца зразумелым, што сталінская хеўра ўсё рабіла правільна і лагічна!

У наш час нармальныя, сумленныя людзі нашай краіны бачаць, што кіраўнікі беларускай дзяржавы не абараняюць беларускую мову, а руйнуюць яе. Нармальныя, сумленныя людзі разумеюць, што гэта асэнсаваная палітыка, якая ажыццяўляецца лукашэнкаўскай хеўрай планава і паслядоўна. Але нават сярод такой катэгорыі нашых грамадзян многія недаацэньваюць моўны аспект, маўляў, не так важна, што, напрыклад, тыповыя штампы ў пашпарт і тыповыя дамовы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі зацверджаны толькі па-руску. Затое міністры беларускага ўрада лічаць інакш. Прызнаюся, сам не чакаў, што Савет Міністраў Беларусі так люта будзе адбівацца ад тыповых дамоў па-беларуску, нібыта тыповыя дамовы — апошні, не засмечаны беларускай мовай бастыён і кіраўнік апошніх герояў апошняга бастыёну Сяргей Румас звяртаецца да знясіленых беларускамоўнай аблогай абаронцаў-міністраў са словамі: "Вялікая Руская мова, а адступаць няма куды — ззаду Масква!"

Гісторыя з тыповымі штампамі ў пашпарт і тыповымі дамовамі на асноўныя жыллёва-камунальная паслугі паказвае, што ўладная групоўка сваё безальтэрнатыўнае і бязмежнае панаванне наўпрост звязвае з безальтэрнатыўным і бязмежным панаваннем у нашай краіне рускай мовы, што беларуская мова для існага рэжыму — смяротны вораг. 

Асабіста мне дадае аптымізму факт, што чыноўнікі (за выключэннем такіх, як Алена Каспяровіч), як правіла, стараюцца не пакідаць слядоў сваёй антыбеларускай дзейнасці. Баяцца!

Так, мой зварот да Аляксандра Лукашэнкі пра адсутнасць тыпавых дамоў па-беларуску Адміністрацыя Прэзідэнта 3 студзеня 2019 года накіравала ў Савет Міністраў для "разгляду па сутнасці ў адпаведнасці з кампетэнцыяй". Апарат Савета Міністраў даслаў гэты зварот у міністэрства ЖКГ, а Міхасю Варанцу — растлумачэнне: "Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь з`яўляецца калегіяльным цэнтральным органам дзяржаўнага кіравання. У склад Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь уваходзяць міністры, якія нясуць адказнасць за стан спраў у даручанай ім сферы дзейнасці. Пытанні, выкладзеныя ў Вашых зваротах, датычацца кампетэнцыі Мінжылкамгаса". Міністэрства ЖКГ апраўдваецца, што не прапаноўвае спажыўцам тыпавыя дамовы па-беларуску не па сваёй злой волі, а "ў сувязі з тым", што Савет Міністраў зацвердзіў тыпавыя дамовы толькі на рускай мове (гл. ліст Смірнова ад 03.03.2020). Кола замкнулася. Але! Ніхто з Савета Міністраў і Мінжылкамгаса не ўзяў на сябе адказнасць за адсутнасць тыповых дамоўных бланкаў па-беларуску! Больш за тое, урадавыя чыноўнікі нават прадэкларавалі саматужную беларусізацыю….Матывы такой "ласкі", мяркую, простыя. На ўсялякі выпадак. Інстынкт самазахавання. Разуменне, што рэжым можа пратрымацца яшчэ вельмі доўга, а можа абрынуцца ў адно імгненне.

Саматужная беларусізацыя… па патрабаванні — гэта фігавы лісток урада,  псеўдабеларусізацыя, якая заканамерна закончыцца чарговым пшыкам. Існы рэжым асуджаны на бясслаўнае скананне. Гэта будзе потым. Мы жывём сёння. Што рабіць цяпер, кожны вырашае сам за сябе.

Вацлаў Гавэл, дысідэнт у сацыялістычнай Чэхаславаччыне, у сваім эсэ "Сіла бяссільных" (1978 г.), заклікаў імкнуцца жыць у праўдзе, жыць у ладзе са сваім сумленнем. Паводле Гавэла, спроба чалавека "жыць у праўдзе" спачатку можа абмежавацца толькі тым, што "пэўныя рэчы ён проста не робіць: ...не ходзіць на выбары, якія не лічыць выбарамі; не хавае перад начальствам сваіх поглядаў. Такім чынам, ягоная адвага можа абмежавацца "толькі" адмовай выконваць некаторыя патрабаванні сістэмы (і гэта зусім не мала!)".

Я, Міхась Варанец, адмовіўся выканаць патрабаванне сістэмы падпісаць тыпавыя дамовы па-руску. І, лічу, гэта зусім не мала!

1 траўня 2020 года    Міхась ВАРАНЕЦ, маёр у адстаўцы.

г. Слонім

 

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты