Навіны

Гангрэна

Учора, 5 траўня, быў Сусветны дзень гігіены рук. Актуальна ў цяперашнім каронавірусным свеце.

А яшчэ 5 траўня ў Беларусі - афіцыйны дзень друку. Ну, скажам шырэй, дзень сродкаў масавай інфармацыі. У гонар выхаду ў свет першага нумару расійскай камуністычнай газеты "Праўда". Добрая нагода для святкавання ў амаль 30 гадоў незалежнай Беларусі. Але сёння не пра гэта. Два гэтыя невядомыя шырокім народным масам дні сышліся, і не адрэагаваць было проста немагчыма.

Трэба прызнацца, я час ад часу гляджу беларускае телебачанне. Не тое, каб я быў псіхалагічным мазахістам, але ж мушу ведаць, што там людзям у галовы піхаюць. Ну вось і даводзіцца слухаць усе гэтыя прагібы і лізанні пэўнай часткі цела наймудрэйшага. Карацей, вынікам прагляду БТ і дня мыцця рук атрымаўся такі вось вершык:

Прысвячэнне Белтэлебачанню ў Сусветны дзень гігіены рук

Супраць віруса ёсць абарона.

У чысціні наша моц і сіла.

Каб не стаць ахвярай "кароны",

Мыем рукі старанна з мылам.

Гігіена - не словы пустыя,

Бруд не знойдзеш нават праз лупу.

А мазгі нам прамыюць тыя,

Што без мыла лезуць у дупу.

Вось так і жывем. Бóльшая частка - з прамытымі БТ мазгамі, меншая - з памытымі рукамі і яшчэ захаванай здольнасцю крытычнага мыслення. І гледзячы на паводзіны той большай часткі, так і хочацца сказаць, як той Понцій Пілат: "Я ўмываю рукі" - і да абсурду цяперашніх беларускіх рэалій падыходзіць, і да эпідсітуацыі. Бо глядзець на развіццё падзей і не вар'яцець патроху - немагчыма. Знішчае мозг і волю нешта рабіць не толькі (і не столькі) тое, што там Лукашэнка гаворыць ды прыдумляе. Усё беларускае грамадства ад верху да самага нізу прапітана - нібы губка вадою - страхам і хлусней. Страх першасны, хлусня як вынік страху. Пачынаецца усё ад самага нізу. Бо не ўлада піша пасмяротны дыягназ "пнеўманія невысветленай этыялогіі" ці там "сардэчная недастатковасць". Гэта дактары пішуць, бо ім так у адміністрацыі бальніцы загадалі. І маўчаць, і ідуць працаваць без належных сродкаў абароны, і хварэюць і паміраюць моўчкі. Гэта не Качанава ці Каранік адмаўляецца назваць лічбу хворых на каронавірус ў асобнай бальніцы - гэта мясцовы галоўны ўрач не адказвае на пытанні незалежных журналістаў. І так да самага верху. Амерта - прысяга маўчання мафіі. Парушальнік падлягае знішчэнню. Беларускае грамадства прагніла наскрозь. Гангрэна. Ці можна яшчэ вылекаваць - пытанне без адказу. Прагноз хваробы цяжкі, летальны зыход не выключаны.

Расказваюць пра смерць блізкіх людзей - але, калі ласка, не называйце імя! Толькі ананімна! Чаго ты баішся, жанчына??? Усё самае страшнае ўжо адбылося - твой блізкі чалавек памёр! Цябе што, расстраляюць ці ў ГУЛАГ пасадзяць? Усе нармальныя чалавечыя пачуцці паралізаваныя страхам, знішчаны за 26 гадоў панавання гэтай улады...

У якой ступені гэтая гангрэна знішчыла наша насельніцтва, убачым хутка - 9 траўня. Згоняць улады вялікі натоўп людзей, як пастух тое быдла, на "парад смерці" - усё, дыягназ беларускаму грамадству можна ставіць самы горшы. І тады ўжо не лячыць трэба будзе, а звяртацца да пахавальных службаў - і ў пераносным, а можа і ў прамым сэнсе. Паслухмянае племя тумба-юмба станчыць развітальны рытуальны танец з бубнамі на пацеху правадыру і шаману, перад тым як зысці ў нябыт. А калі ўсё ж застанецца той шаман з напаўпустымі трыбунамі - ну, тады можа ёсць яшчэ шанец на выздараўленне і цяжкую рэабілітацыю, на вяртанне да вартага жыцця нармальнага народа. Паглядзім. Чакаць канчатковага дыягназу засталося нядоўга.

Доктар Аляксандр Лобан.

Архіў

Жнівень 2020
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты