Навіны

Паляванне на актывістаў у Лідзе

на фота Павел Палейчык

8 траўня ў Лідзе міліцыяй затрыманы яшчэ адзін фельчар - Аляксей Краўчук, які разам з іншымі прыйшоў у суд падтрымаць затрыманых раней. Суды ў Лідзе пакуль не адбыліся.

***

Сёмага траўня ў горадзе Ліда назіралася падвышаная актыўнасць мясцовай міліцыі. Пры гэтым дзеянні супрацоўнікаў аховы парадку выглядалі даволі хаатычнымі, нібыта яны самыя не арыентаваліся ў тым, што хацелі зрабіць. Прычынай такой звышактыўнасці было жаданне любым спосабам даставіць у пастарунак максімальную колькасць удзельнікаў вулічнай сустрэчы жыхароў гораду з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, якая адбылася даволі даўно, ажно 22-га красавіка.

Тады міліцыянты не былі такімі катэгарычнымі ў ацэнцы таго, што адбывалася. А менавіта сёмага траўня яны чамусьці апамяталіся.

Нарады міліцыі сталі завязджаць да жыхароў Ліды, якія "засвяціліся" на той сустрэчы, і пад рознымі прычынамі сталі запрашаць тых у міліцэйскі пастарунак нібыта для тлумачэнняў рознага тыпу. Камусьці казалі, што суседзі на іх наскардзіліся за нібыта гучную музыку, а каму і чэсна прызнаваліся, што трэба ўзяць тлумачэнні пра тую сустрэчу з прыезджым блогерам.

Калі жыхары Ліды, да якіх завітала міліцыя, прапаноўвалі даць тлумачэнні прама тут і нават падпісаць іх, то міліцыянтаў гэта не задавальняла. Ахоўнікі парадку абавязкова хацелі даставіць суайчыннікаў у РАУС. Суайчыннікі ў такіх паводзінах угледзелі нейкі падвох і ехаць адмаўляліся. Тым больш, што супрацоўнікі праваахоўных ворганаў напачатку не мелі з сабой нават позваў.

Свае памылкі міліцыя выпраўляла што называецца па ходу. Месцамі да аднаго нараду далучаўся другі і прывозіў позву, але западозрыўшы нядобрае, грамадзяне абяцалі наведаць РАУС пазней, калі пераканаюцца ў законнасці дзеянняў міліцыі.

Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што міліцыя атрымала загад пакараць удзельнікаў той сустрэчы і спрагназаваць, што ў Лідзе хутка пачнуцца суды і прысуды. Тым больш, як стала вядома, міліцыя ўжо затрымала як мінімум двух грамадзян Ліды - Андрэя Паляковіча і Паўла Палейчыка (на фота) і пакінулі іх на ноч у ІЧУ.

Сам жа блогер і, як ужо стала вядома, нават прэтэндэнт на кандыдата на прэзідэнцкае месца на маючых адбыцца выбарах, Сяргей Ціханоўскі таксама затрыманы, толькі ў Магілёве, і ўжо асуджаны.

Відэа

праваабарончыя сайты