Навіны

У Беларусі 28.681 пацверджаны выпадак COVID-19

Колькасць пацверджаных у Беларусі выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 дасягнула 28.681, 160 чалавек памерла, паведамляе Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Такім чынам, за апошнія суткі памерла яшчэ чатыры чалавекі, а агульная колькасць выпадкаў COVID-19 павялічылася на 951, або на 3,3% (у папярэднія суткі было 958 новых выпадкаў і пяць смерцяў). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што пацыенты памерлі „з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй”.

Ачунялі і выпісаныя 9.498 пацыентаў (+691 за суткі). Усяго праведзена 335.057 тэстаў на каранавірус, у тым ліку за апошнія суткі — больш за 26,9 тысячы даследаванняў, што ўдвая больш, чым суткі таму.

Міністэрства аховы здароўя зноў не апублікавала статыстыку хворых па абласцях і Мінску, а таксама колькасць хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, якія маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Трэці тыдзень міністэрства не праводзіць брыфінгі для журналістаў.

12 траўня на нарадзе па праекце ўказа аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў цяперашніх эпідэміялагічных умовах галоўнае — не статыстыка па колькасці хворых, а выратаванне жыццяў людзей. „Будзем лячыць людзей, будзем глядзець, што будзе далей. Але хачу ў сувязі з тым, што я падняў гэтае пытанне, катэгарычна папярэдзіць, што галавой усе адказваюць за смяротнасць насельніцтва”, — сказаў Лукашэнка.

„Усе гэтыя паказчыкі, кавідаўскія і нават пнеўманійныя, колькі ў нас там учора было, колькі сёння і якая дынаміка, — гэта ўсё сыдзе, гэта ўсё забудуць. А вось загінулыя людзі, якіх мы маглі выратаваць, але не выратавалі, — гэта застанецца”, — падкрэсліў Лукашэнка. „Жалезна трэба патрабаваць ад Міністэрства аховы здароўя і ўрачоў захавання жыцця людзей. Я пра гэта ў храме нядаўна казаў, і я гэта бяру на сур’ёзны кантроль”, — дадаў ён.

belapan.by

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/u-belarusi-28-681-patsverdzhany-vypadak-covid-19/

16.05.2020
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Відэа

праваабарончыя сайты