Навіны

У Беларусі 31.508 пацверджаных выпадкаў COVID-19

Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 31.508, памерла 175 чалавек, паведамляе Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Такім чынам, за апошнія суткі памерлі яшчэ чатыры чалавекі, а агульная колькасць выпадкаў COVID-19 павялічылася на 936, або на 3% (у папярэднія суткі было 922 новыя выпадкі і шэсць смерцяў). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што пацыенты памерлі „з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй”.

Ачунялі і выпісаныя 10.620 пацыентаў (+490 за суткі). Усяго праведзена 375.076 тэстаў на каронавірус, у тым ліку за апошнія суткі — больш за 10,7 тыс. даследаванняў.

Міністэрства аховы здароўя зноў не апублікавала статыстыку хворых па абласцях і Менску, а таксама колькасць хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, якія маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Брыфінгі для журналістаў міністэрства не праводзіла ўжо тры тыдні.

17 мая ў эфіры праграмы „Тыдзень” на тэлеканале СТВ дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій Фёдар Карпенка заявіў, што прыблізна 70% беларусаў хварэюць на каронавірусную інфекцыю ў бессімптомнай форме, г.зн. людзі не заўважаюць, што перахварэлі. „Мы чакаем, што, магчыма, антыцелы да COVID-19 ёсць у тых людзей, хто не падазраваў пра гэта”, — адзначыў Карпенка.

Дырэктар РНПЦ заявіў, што Беларусь — першая краіна ў СНД і ў найбліжэйшых рэгіёнах, дзе ў канцы сакавіка — пачатку красавіка „на ўзроўні нацыянальнага заканадаўства вызначылі як магчымасць нарыхтоўкі, так і выкарыстання плазмы перахварэлых на каронавірус для лячэння пацыентаў з COVID-19”. У Літве і Польшчы, паводле яго слоў, такая тэхналогія масава не выкарыстоўваецца.

Карпенка паведаміў, што лячэнне плазмай у Беларусі атрымалі ўжо больш за 100 пацыентаў з COVID-19. На наступным тыдні плануецца пачаць даследаванні дзвюх тысяч рэгулярных донараў плазмы і крыві, гатовых да данацый, на наяўнасць у іх антыцелаў. Цяпер ідзе ўзгадненне гэтых планаў з Міністэрствам аховы здароўя, сказаў дырэктар РНПЦ.

Ён лічыць эфектыўным лячэнне плазмай пацыентаў з COVID-19. „Дапамагае. І мы натхнёныя, што вельмі шмат станоўчых эфектаў. Гэта стымулюе нас і натхняе на далейшую працу, размовы, пошук, прапаганду гэтай тэхналогіі”, — падкрэсліў кіраўнік РНПЦ.

Нарыхтоўка плазмы, паводле яго слоў, арганізаваная ў Мінску, на базе 6-й гарадской клінічнай бальніцы, і ва ўсіх абласцях. Выкарыстоўваецца пры лячэнні пацыентаў прыкладна ў 100 гарадах па ўсёй Беларусі.

belapan.by

Фота: МН

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/u-belarusi-31-508-patsverdzhanykh-vypadkau-covid-19/

19.05.2020
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты