Навіны

Медык зараз галоўны, а не палітык. Зварот гарадзенскіх праваабаронцаў у ЦВК

“Нагадаем, што ў іншых краінах ёсць такія прыклады, што і ўвогуле выбары пераносяцца з-за пандэміі, а ў нас медыцынскіх работнікаў адцягваюць ад выканання іх прафесійнай місіі з-за абавязкаў на выбарах. Таму на час пандэміі медыцынскіх работнікаў трэба вызваліць ад усіх іншых абавязкаў, у тым ліку і ад удзелу ў розных камісіях, акрамя медыцынскіх. Грамадства не толькі можа гэта сабе дазволіць, але і мусіць”.

Гарадзенскія праваабаронцы, назіральнікі і журналіст кампаніі “Праваабароцы за свабодныя выбары” Віктар Сазонаў, Раман Юргель, Андрэй Коця, Святлана Рудкоўская і Уладзімір Хільмановіч паслалі чарговы ліст у Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

У лісце, у прыватнасці, указваецца, што, аналізуючы склады камісій па Гарадзеншчыне, праваабаронцамі было заўважана, што ў камісіі акрамя іншых увайшлі таксама і работнікі медыцынскіх установаў. Сярод гэтых работнікаў граматныя спецыялісты сваёй справы, прафесіяналы ў медыцынскай галіне.

Зразумела, што заканадаўства не забараняе ім уваходзіць у камісіі, і ў іншы час наяўнасць медыцынскіх работнікаў у складзе камісій не выклікае ніякіх пытанняў. А часамі нават вітаецца грамадствам.

Але зараз мы знаходзімся у спецыфічных умовах. Сусветная Арганізацыя Здароўя аб’явіла на планеце пандэмію. У многіх краінах на змаганне з ёй не хапае медыцынскага персаналу, і ўлады просяць нават медыкаў-пенсіянераў і медыкаў-студэнтаў дапамагчы ў гэтай няпростай барацьбе з пандэміяй. Адмяняюцца адпачынкі для медыцынскіх работнікаў. А тыя, хто працуе, працуюць часта на знос, па некалькі зменаў, недасыпаючы і недастаткова адпачыўшы.

Перагружаць у такіх умовах медыцынскіх работнікаў іншымі, нават важнымі абавязкамі, параўнальна толькі з тым, што пад час вайны афіцэраў арміі задзейнічаць у сельгасработах, ці пад час пажару або землятрусу работнікаў МНС адправіць займацца вывазам смецця.

Нават Цэнтральная Выбарчая Камісія Рэспублікі Беларусь дэ-факто прызнала гэтую праблему з пандэміяй, і паседжанні па фармаванні ТВК з-за пандэміі адбываліся без удзелу назіральнікаў і іншых зацікаўленых асоб, а трансляваліся праз інтэрнэт. Што, дарэчы, было з разуменнем успрынята і назіральнікамі, і іншымі зацікаўленымі асобамі. Галоўнае, каб відэатрансляцыі адпавядалі належным крытэрам, але гэта ўжо іншае пытанне.

Што тычыцца дадзенага звароту, то праваабаронцы лічаць, што ў такой складанай эпідэміялагічнай сітуацыі, выкарыстоўваць медыцынскіх работнікаў у іншых сферах, ёсць занадта вялікай раскошай для грамадства, якая можа прыводзіць да негатыўных наступстваў.

У сувязі з гэтым гарадзенскія праваабаронцы звяртаюцца ў ЦВК з прапановай, каб ужо ЦВК звярнулася да зацікаўленых структур з усёй адказнасцю падысці да гэтага пытання пры фармаванні ўжо УВК. Бо ў УВК увойдзе вялікая колькасць людзей, і медыкаў там можа апынуцца таксама шмат.

Прыняла ж ЦВК рашэнне з-за пандэміі утвараць ТВК без наведвання пасяджэнняў нават зацікаўленымі асобамі, а праводзіць відэатрансляцыі.  

Праваабаронцы, ведаючы з практыкі, як адбываюцца вылучэнні і зацвярджэнні сябраў камісій, ведаючы з мінулага досведу колькі у іх уваходзяць медработнікаў, дакладна ведаючы вялікую колькасць закрытых дзяльніц, якія ёсць і ва ўстановах медыцыны, і сябрамі камісій як правіла там з’яўляюцца і медыкі, прапаноўваюць ЦВК звярнуцца да ўсіх структур, каб тыя не перагружалі медыцынскіх работнікаў іншымі абавязкамі, у тым ліку і не вылучалі іх у склад УВК.

А таксама прапаноўваюць звярнуцца да камісіяўтваральных структур, каб яны ўлічвалі гэты фактар пры разглядзе кандыдатур у УВК.

Як прыклад, можна прывесці пасяджэнне па ўтварэнні Ленінскай і Кастрычніцкай раённых г. Гродна камісій. Там было прапанавана не ўключаць некаторых дасведчаных прадстаўнікоў толькі з той прычыны, што яны ўваходзяць у групу рызыкі.

Дык вось, у сама вялікую групу рызыкі зараз уваходзяць медыцынскія работнікі, бо яны першыя стаяць на лініі змагання з пандэміяй.

На дапамогу медыкам кінуліся многія валанцёры. Грамадства стараецца дапамагчы ім у змаганні з пандэміяй і сродкамі і самым удзелам у гэтым змаганні. Таксама адказныя за сваё здароўе, а таксама за здароўе сваіх блізкіх і свайго народу людзі прытрымліваюцца рэкамендацый медыкаў па сацыяльным дыстанцыяванні і іншых рэкамендацый. Але галоўным змагаром з пандэміяй застаюцца медыцынскія работнікі. І адрываць у гэты час медыкаў ад іх непасрэднай працы і загружаць іншымі абавязкамі ёсць злачыннай халатнасцю як мінімум. Медык зараз галоўны, а не палітык.

Таму на час пандэміі медыцынскіх работнікаў трэба вызваліць ад усіх іншых абавязкаў, у тым ліку і ад удзелу ў розных камісіях, акрамя медыцынскіх. Грамадства не толькі можа гэта сабе дазволіць, але і мусіць.

Архіў

Жнівень 2020
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты