Навіны
Засуха на чарназёме
Як не каранавірус, то холад, засуха і няўпэўненасць у будучым плёне ў гаспадарцы. Не ідзе тут размова толькі пра нашы, прыхатнія загоны ці сады, але вялікія арэалы лугоў і збожжавых пасеваў, якія гарантуюць харчовую бяспеку дзяржавам, ці кантынентам. Усё па прычыне структурнай нястачы вады ўжо ў самой зямлі ў нашай частцы Еўропы. Паколькі Польшча, Беларусь, Украіна гэта краіны, якія ўмоўна завуцца малаком і збожжам плывучымі, то без гэтай часткі сваёй гаспадаркі прывід збяднення можа вокамгненна ўспыхнуць рэальнасцю. Вырашыў я пацікавіцца, а што там дзеецца ва Украіне, паколькі апошнімі гадамі на сусветным рынку становіцца яна адным з важнейшых экспарцёраў збожжа. У бюджэце краіны на долю сельскагаспадарчага сектара прыпадае аж 44 адсоткі прыбытку ад экспарту. У гэтым годзе эксперты сцвярджаюць, што ў сувязі з засухай дасягнуць такіх паказчыкаў будзе немагчыма. Прыняты ўжо пры прэзідэнце Уладзіміры Зяленскім новы закон аб уласнасці зямлі ставіць новыя выклікі і супярэчнасці на багатай чарназёмам Украіне. З 2021 года рынак зямлі мае там быць адкрытым для свабоднага тавараабароту. Што гэта можа абазначаць на практыцы для такой неверагодна даступнай для прыватызацыі жыццядайнай зямлі, аж страх падумаць. Змаганне за зямлю на Украіне — выклік для ўкраінскіх алігархаў і міжнародных карпарацый, якія будуць імкнуцца хутка абысці законы, каб стаць уладальнікамі латыфундый. Але гэта яшчэ адна вялікая, украінская загваздка. А тут на пачатку маіх пошукаў у інтэрнэце даведваюся пра пясчаныя буры ў Кіеве ў палове красавіка гэтага года, пустынныя абшары, дзе раней расла сакавітая трава і найбольшую ад ста дваццацці гадоў засуху, якой яшчэ не бачыла Украіна. А ўсё між іншым і па прычыне высахлых палескіх балот, якія стагоддзямі былі скрытымі, вадзянымі басейнамі. Дзесяцігоддзямі дрэнажаваныя і асушваныя пад пасевы, пазбаўленыя здабытага торфу і ссечаных дрэў палескія балоты пасля мінулай бясснежнай зімы аказаліся без вады. У такой сітуацыі моцныя вятры панеслі і засыпалі земляным пылам бліжэйшыя і далейшыя тэрыторыі. Разаранае Палессе, як і ўся Украіна дзякуючы вялікім аграхолдынгам і арандатарам дасягнула зараз узровень 70 адсоткаў ад усіх сельскагаспадарчых угоддзяў. Бязлітасна выворваюцца сенажатныя лугі і карчуюцца ўсялякія прамежкавыя лясы. Нават рэзерваты прыроды часта становяцца ахвярамі ненасытнасці монакультурнай вытворчасці. У Еўропе зараз сярэдняя заараных тэрыторый складае 35 адсоткаў ад усяго абшару. Тое, што адбываецца на беларускім баку Палесся, гэта ж такая ж самая гісторыя. І пясчаныя буры ў сінявокай Беларусі ў гэтым годзе з’ява ўжо не надзвычайная. Пыл і жах пустынных краявідаў гэта расплата за знішчэнне натуральнага водацячэння дрыгвянога свету. Па прычыне цёплай зімы нястача вады ў рэках гэта невыпадковасць. Аднак яе забруджанасць нясе шмат пагроз для людзей і жывёлы. Беручы зараз пад увагу нізкі ўзровень вады, ападкі дажджоў ніжэй нормы ў перыяд вегетацыі і адначасны рост тэмпературы, гідралагічная засуха летам можа патрабаваць абмежавання ў спажыванні вады. Перш за ўсё кране гэта сельскую гаспадарку ў доўгатэрміновым плане. Украінскія навукоўцы перасцерагаюць, што з‑за нястачы дажджоў некаторыя меншыя рэкі цалкам могуць высахнуць. Інфармуюць яны што па прычыне засухі страчана ўжо 80% пасяўных ва ўкраінскай частцы Бесарабіі. Мясцовыя фермеры ратуюцца штучным навадненнем і лічаць страты на арандаванай зямлі. Выходзіць ім па 500 долараў з гектара. У такой сітуацыі з году ў год пабольшваюцца плошчы, на якіх, каб весці сельскагаспадарчую прадукцыю, трэба пастаянна трымаць штучнае навадненне. Недахоп вады гэта таксама абмежаванне іншых галін вытворчасці, такіх як гідраэлектрастанцыі, прамысловасць, турызм, вадзяны транспарт. У такім выпадку для ўрада напэўна прыярытэтам будзе забеспячэнне людзям вады для спажывання. На практыцы гэта выкліча абмежаванні ў карыстанні вадою ў прамысловай сферы, у тым і аграрнай. Без вады няма жыцця — прызабытая намі праўда рэзка і хутка страпяне мазгі і ў нашым старонні.
Яўген ВАПА