Навіны

90 гадоў з дня нараджэння Галіны Русак

Беларуская мастачка Галіна Русак нарадзілася 24 траўня 1930 года ў Наваградку. Паходзіла з сям’і беларускіх настаўнікаў Філарэта Родзькі і Веры Гулевіч. Сям’я была змушана ў 1944 годзе эміграваць у Нямеччыну. Родны брат Галіны Усевалад Родзька быў кіраўніком Саюза беларускай моладзі, працаваў пры немцах у цывільнай адміністрацыі, таму давялося ратавацца ад саветаў і пакінуць радзіму. Галіна пасля вайны жыла ў лагерах для перамешчаных асобаў. Вучылася ў нямецкіх Марбургу і Фрайбургу, а пасля у Лювенскім універсітэце ў Бельгіі, з якім звязаны лёс многіх беларусаў-эмігрантаў.

У ЗША Галіна Русак пераехала ў 1949 годзе, калі ёй было 19 гадоў. Вучылася ў Канектыкуцкім каледжы. Ступень магістра гуманітарных навук атрымала ў прэстыжным універсітэце Ратгерс у Нью-Брансьвіку, штат Нью-Джэрсі. З гэтым універсітэтам звязала сваё прафесійнае жыццё – стала дырэктаркай бібліятэкі на аддзяленні мастацтвазнаўства. Русак была сябрам арганізацыйнага камітэта вялікіх беларускіх фестываляў у Нью-Джэрсі напрыканцы 1970-ых гадоў, якія вітаў прэзідэнт ЗША і якія далі штуршок маладому пакаленню амерыканскіх беларусаў падтрымліваць культуру продкаў.

Галіна Русак была сябрам Згуртавання беларускіх мастакоў і майстроў у Нью-Джэрсі. Выявіла сябе як цікавая, арыгінальная мастачка-жывапісец. Найбольш характэрныя матывы ў яе творчасці – старажытны геаметрычны ўзор і яго пераапрацоўкі ў беларускім народным мастацтве, а таксама краявіды. Галіна Русак пісала: „Моц і цудадзейнасьць Прыроды істотна ўплывала на станаўленьне майго сьветапогляду. Маё разуменьне жыцьцёвых каштоўнасьцяў сфармавалася на падставе непасрэднае сувязі зь фізычным атачэньнем, а таксама пад узьдзеяньнем міфаў і легэндаў, бабуліных песень і казак, праз адметную ролю знакаў і сымболяў, што адвеку выкарыстоўваюцца жанчынамі ў ткацтве, вышыўцы, ганчарстве”.

Галіна Русак удзельнічала ў шэрагу выставаў супольна з іншымі беларуска-амерыканскімі мастакамі. Паказвала свае карціны ў многіх галерэях Нью-Йорка, неаднаразова яе творы экспанаваліся ў Канадзе. У 1992 годзе ў найлепшы ў Беларусі час творчасць Галіны Русак прадставіў Нацыянальны музей Беларусі ў Мінску. Выстава мела сімвалічную назву “Вяртанне”. Беларусь прысутная у многіх пейзажах мастачкі (“Буслы ў палёце”, “Курган”, “Папараць-кветка”), нават калі там, на першы погляд, адлюстраваная Амерыка. Згукі далёкае Радзімы гучаць у яе творах “Эўфрасіньня Полацкая”, “Голас продкаў”, “Пагоня”... “Як мастачка, – пісала Галіна Русак, – я зацікаўленая ў перахоўваньні сымбалічнай мовы Беларусі і ў пашырэньні яе сродкамі сучаснай мастацкай тэхнікі паміж гледачоў замежжа”.

Галіна Русак наведала Беларусь у пачатку дзевяностых, карыстаючыся кароткім перыядам свабоды, дэмакратызацыі і звароту да нацыянальных каштоўнасцяў у Мінску. Тыя, хто яе ведаў, успамінаюць і адзначаюць беларускасць гэтай сям’і. У доме Галіны і Васіля Русакоў у горадзе Сомэрсэт панавала шчырая гасцінная атмасфера, у іх бывалі шматлікія людзі з Беларусі і Беласточчыны, якія з розных прычын апынуліся ў Амерыцы. У доме была надзвычай цікавая калекцыя індзейскай керамікі.

Памерла Галіна Русак у веку 70 гадоў у Сомэрсэце 14 верасня 2000 года. Пахавана на беларускіх могілках у Іст-Брансьвіку.

 

24.05.2020

Відэа

праваабарончыя сайты