Навіны
Адпачыць ад каранавіруса
Тыдзень таму назад апісаў я свае адчуванні звязаныя з адсутнасцю майскага цяпла і незвычайнай халадэчу як на гэтую пару года. Аказваецца, назіранні ўсіх нас пацвярджаюць і навукоўцы. Мінулы месяц з’яўляецца самым халодным за мінулыя 29 гадоў. Халадней было толькі ў 1991 годзе. Метэаролагі прагназуюць, што гэта будзе адразу пераход у пачатак халоднага лета. Памятаем папярэднія гады, калі спёка гасцявала ва ўсёй Еўропе і неміласэрна надакучыла яе жыхарам, са смяротнымі выпадкамі ўключна. У гэтым летнім перыядзе мае быць інакш — тэмпература да 25 градусаў, гвалтоўныя буры з градам і вялікімі вятрамі напераменку з засухай і лакальнымі падтапленнямі. Адным словам, поўная неразбярыха. Але толькі рэальна перажытае дасць нам адказ, якое надвор’е было летам гэтага года. Пішу пра летняе надвор’е яшчэ па адной прычыне. Менавіта год таму назад у гэтую пару амаль усе аб’яўлялі ў сацыяльных сетках пра свае канікулярныя планы экзатычных вандровак па ўсім свеце. А больш спрактыкаваныя і сарыентаваныя ў сферы турыстычнага бізнесу яшчэ мінулагодняй восенню выкупілі адпачынкавыя пакеты ў цікавых ім месцах.Так прынамсі рабіла штогод шмат маіх знаёмых, каб потым хваліцца сваімі фоткамі з пабачанага і з’езджанага. Адна з версій паходжання сённяшняй заразы можа і мець месца ў адным з такіх „экзатычных куточкаў яды” ў кітайскім горадзе Ухань. Проста, турыстычны, экзальтаваны канзумерызм. А тут каранавірусны землятрус расклаў амаль зусім да нуля гэтую вельмі прыбытковую галіну сусветнай эканомікі. Усе пачалі адмяняць свае рэзервацыі. Гатэлі, перавозчыкі, турыстычныя бюро ўвайшлі ў час пустэчы. Наступіў час без кліентаў і без грошай. Прывід і рэальнасць банкруцтваў у гэтай сферы разліліся па ўсім свеце. З турыстычным бізнесам звязаныя і многія іншыя адгалінаванні гаспадаркі. У час сытасці і глабалізму менавіта турызм меў стаць цудоўным лякарствам на ўсе эканамічныя турбулентнасці і закрыванне прамысловай сферы. Для некаторых дзяржаў турызм з’яўляецца асновай нацыянальнага бюджэту. Таму пандэмія каранавіруса гэта не толькі сухія эканамічныя паказчыкі, але рэальная чалавечая трагедыя грамадстваў, арыентаваных на такі спосаб выжывання. Бачым таксама як зараз дзяржавы хочуць ратаваць летні турыстычны сезон і таму з такой хуткасцю пачынаюць здымаць эпідэміялагічныя абмежаванні не толькі ўнутры краіны. Адкрываюцца таксама межы і пасажырскія авіярэйсы. Усе свядомыя, што без заробленых зараз людзьмі грошай восенню будзем мець такія грамадскія хваляванні, маштаб якіх проста непрадказальны.Таму кіруючыя як мантру паўтараюць увесь час, што восенню чакае нас другая хваля каранавіруснай інфекцыі з яшчэ большым узбуйненнем ліку хворых. Ствараецца адным словам закрытае кола каранавіруснай эканомікі і чалавечага выжывання. Відаць, як часта адмоўна дзейнічае тут статкавы інстынкт свабоды. Дастаткова паглядзець, што дзеецца зараз на вуліцах і пляжах Італіі, Іспаніі, дзе патрабаванняў бяспекі многія ізноў увогуле не прытрымліваюцца. Эпідэміёлагі стараюцца заклікаць людзей да самаадказнасці, але ізноў гэта гуканне па глухім лесе. Вядома, што ў самаізаляцыі людзям доўга не вытрымаць. Мы сёння не ведаем і не зможам ацаніць колькі і якіх толькі псіхічных захворванняў прынясе гэты перыяд. Выявяцца неўрозы, дэпрэсіі, грамадская дысфункцыйнасць і да гэтага рост колькасці выпітага алкаголю грамадствам, які выльецца ў сваю чаргу ростам хворых на алкагалізм. Не ведаю я дакладных даных наконт продажу, але побач блока, дзе я жыву, знаходзяцца два аўтарытэтныя пункты. Першы — сметніца для шклатары, якая маланкава запаўняецца пустымі бутэлькамі з‑пад усяго роду спіртных напіткаў. Другое месца — гэта невялікая алкагольная крама, дзе прадаўшчыца на маё пытанне пра тавараабарот у час пандэміі адказала толькі задаволеным рухам галавы, усмешкай і словамі „лепей не трэба”. Таму вырвацца з заразы каранавіруса як збаўлення патрабуюць не толькі нашы целы, але і душы.
Яўген Вапа