Навіны

140 гадоў з дня нараджэння Вацлава Іваноўскага

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, адзін з стваральнікаў Беларускай сацыялістычнай Грамады, асветнік, выдавец, міністар асветы ў Радзе БНР Вацлаў Іваноўскі нарадзіўся 7 чэрвеня 1880 года ў маёнтку Лябёдка (паблізу Галавічполя, Шчучынскі раён).

Сядзіба ў Лябёдцы, сучасны стан

Паходзіў з сям’і вядомага навукоўца Леанарда Іваноўскага. У 1904 годзе скончыў Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, да 1913-га займаўся навуковай і выкладчыцкай працай у Пецярбургу. Заснавальнік Беларускай рэвалюцыйнай партыі (1902). Пасля яе расколу ў 1903 годзе ўзначаліў Круг беларускай народнай прасветы і культуры. Займаўся выдавецкай дзейнасцю, зрабіў апрацоўку першага буквара сучаснай беларускай мовы. У 1904-05 член ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Адыграў важную ролю ў арганізацыі прапагандысцкай работы БСГ, заснаванні партыйнай друкарні ў Менску і выдавецтва “Грамада” ў Пецярбургу. На пачатку 1906 года ўзначаліў створанае ім у Пецярбургу першае беларускае выдавецтва – суполку “Загляне сонца і ў наша аконца”. Супрацаваў з газетамі “Наша доля” і “Наша ніва”, пісаў пад псеўданімам Вацюк Тройца.

У 1913-15 гадах Іваноўскі жыў у Вільні, працаваў у Віленскім таварыстве сельскай гаспадаркі, кіраваў Беларускім выдавецкім таварыствам, спрыяў заснаванню беларускай кнігарні Вацлава Ластоўскага. У 1915 годзе – старшыня Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Потым адышоў ад палітычнай дзейнасці і жыў у Расеі. У Беларускі нацыянальны камітэт пад старшынствам Рамана Скірмунта абраны завочна. Пасля рэвалюцыі 1917-га ўключыўся ў палітычную дзейнасць, удзельнічаў ва Усебеларускім з’ездзе 1917 года ў Менску.

У 1918 годзе стаў міністрам асветы ва ўрадзе БНР, які ўзначальваў Антон Луцкевіч. У снежні 1918-га пасля адступлення нямецкіх войск, застаўся ў Менску разам з некаторымі іншымі лідарамі БНР, спадзеючыся на стварэнне кааліцыйнага ўрада БССР з удзелам камуністаў і сацыял-дэмакратаў. У траўні 1919 года арыштаваны саветамі і інтэрнаваны ў Смаленск. Пасля вызвалення адмовіўся выехаць у Польшчу, вярнуўся ў Менск. Пасля вызвалення адмовіўся выехаць у Польшчу, вярнуўся ў Менск, дзе працаваў загадчыкам літаратурна-выдавецкага аддзелу камісарыяту асвету ЛітБелу.

Пераканаўшыся ў памылковасці арыентацыі на Савецкую Расію, пачаў супрацаваць з польскай адміністрацыяй, увайшоў у Часовы беларускі нацыянальны камітэт у Менску. Імкнуўся прадухіліць падзел Беларусі, выступаў за стварэнне федэрацыі Польшчы і Беларусі. Адначасна займаўся беларускімі школамі на Меншчыне, кіраваў Менскім беларускім педагагічным інстытутам, арганізаваў выпуск штотыднёвіка “Рунь”. У кастрычніку 1920 года стаў дырэктарам дэпартаменту гандлю ва ўрадзе Сярэдняй Літвы.

У 1922-39 гадах займаў пасаду прафесара Варшаўскага політэхнічнага інстытута. Пасля заваявання Польшчы нацысцкай Германіяй, восенню 1939-га ізноў апынуўся ў Вільні, выкладаў тут ва ўніверсітэце. Кіраваў адноўленым Беларускім нацыянальным камітэтам. У 1942 годзе прызначаны нямецкімі ўладамі на пасаду бургамістра Менску. Быў старшынём Беларускай рады даверу пры генеральным камісару Беларусі Вільгельму Кубэ, адначасна быў намеснікам старшыні Беларускага навуковага таварыства, узначальваў Беларускую народную самапомач. Падтрымліваў сувязь з прадстаўнікамі Арміі Краёвай.

6 снежня 1943 года Вацлаў Іваноўскі быў цяжка паранены невядомымі на вуліцы, прывезены ў шпіталь, але там пакінуты без лекарскай дапамогі і назаўтра памёр. Хто дакладна яго забіў – застаецца загадкай па сённяшні дзень.

Пахаванне Вацлава Іваноўскага

Пахаваны на менскіх Кальварыйскіх могілках. 16 снежня 2006 года на гэтых могілках адбылося ўрачыстае адкрыццё надмагільнага помніка. У Галавічпольскай школе (Шчучынскі раён) створана музейная экспазіцыя, прысвечаная роду Іваноўскіх.

Магіла Вацлава Іваноўскага

07.06.2020 Тэгі: каляндар

Архіў

Сакавік 2021
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031

Відэа

праваабарончыя сайты