Навіны
Тапачкі і тараканы
Нашы «ніўскія» гродзенскія карэспандэнты Віктар Сазонаў і Уладзімір Хільмановіч перыядычна інфармуюць сваім суб’ектыўным поглядам і пра палітычныя падзеі ў Рэспубліцы Беларусь. Фельетон Уладзіміра Хільмановіча ў апошнім нумары паказвае тую з’яву ў беларускім грамадстве, якую найкарацей можам назваць патрэбай палітычных змен у краіне. Прызначаныя на 9 жніўня 2020 года прэзідэнцкія выбары ў Беларусі мелі быць толькі нічога не вырашальнай падзеяй на фоне каранавіруса і летніх канікулаў і даць чарговы тэрмін уладарання сённяшняму кіраўніку дзяржавы. А тут маем поўныя ангажаванасці і пратэстаў масавыя зборышчы беларусаў у адкрытых, гарадскіх прасторах краіны дзеля таго, каб паставіць подпісы падтрымкі на ўсіх іншых кандыдатаў у беларускай палітыцы. І з’ява абсалютна неардынарная. Кандыдаты з розных гульнявых палёў і груп інтарэсаў аказваюць сабе пашану і ўзаемадапамогу на гэтай стадыі выбарчай кампаніі — збірання подпісаў за кандыдатаў. А тут трэба іх нямала — аж 100 тысяч дзеля рэгістрацыі. У рэальнасці гэта будзе выклік толькі для некаторых з пятнаццаці чалавек, дапушчаных Лідзіяй Ярмошынай і яе Цэнтральнай выбарчай камісіяй да гэтага этапу. Каго дапусціць яна і яе кіраўнік да чарговага этапу кантраляваных імі выбараў, ведаюць пакуль яны і толькі яны. Хіба, што менавіта грамадская актыўнасць і настроі пратэсту зменяць, або лепей сказаць, зломяць адпрацаваную гадамі сістэму фальшавання ўсяго выбарчага працэсу. Каб прынамсі стартануць у меру нармальных і роўных умовах для ўсіх сапернікаў. Хто ж яны, найважнейшыя завадатары гэтай успышкі грамадскіх настрояў? Гэта блогер Сяргей Ціханоўскі і яго жонка Святлана, якая выставіла сваю кандыдатуру за мужа, які сядзеў у арышце. Зараз ізноў быў арыштаваны ў Гародні. Гэта банкір Віктар Бабарыка, ці былы наменклатурны дыпламат і бізнесовец Валеры Цапкала. Сярод цікаўных кандыдатаў ёсць і яшчэ адзін Аляксандр Рыгоравіч... Таболіч, добра вядомы на Беласточчыне выступоўца на «Басовішчы», лідар гурту «Зніч» з цяжкім гучаннем. Іншыя кандыдаты не выклікаюць такіх эмоцый і спадзяванняў грамадства на магчымыя перамены. Рэальна кіруючы краінай Аляксандр Рыгоравіч пасля суботне-нядзельных грамадскіх акцый у панядзелак ужо заявіў і пастрашыў, што КДБ кантралюе сітуацыю, а ён не дапусціць да аніякай плошчы. Адно ўжо здаецца быць пэўным, палітычнае лета ў Беларусі можа быць гарачым. Мяне вельмі зацікавіла і выява пратэсту мітынгоўцаў. Аказалася ім звычайная хатняя ...тапачка. Не кветкі, джынсы, колеры, але той хатні абутак, які ёсць вызначальнікам малой, прыемнай, хатняй спакойнасці. Тапачак, якім пры нагодзе можаш і ўкакошыць і таракана, калі раптам знойдзецца ў полі зроку, ці рукі. Бо ў прынцыпе ў такой хаце зжываешся са сваімі тараканамі, ад якіх нікуды не дзенешся. І так у такім сімбіёзе зжыліся чвэрць стагоддзя і беларусы са сваёй палітычнай сістэмай і яе кіраўніком. Тапачкі — стан духу беларускай спакойнасці і сямейнай бяспекі. Відаць, аднак, так угнявіла жыццё тапачных гаспадароў, што паважыліся пакуль зняць тапачкі з ног і ўзяць іх у рукі, каб пастрашыць тараканаў.
Яўген Вапа