Навіны

90 гадоў з дня нараджэння Яўгена Петрашэвіча

Беларускі музычны педагог, кампазітар Яўген Петрашэвіч нарадзіўся 18 чэрвеня 1930 года ў прынёманскай вёсцы Падбараны Мастоўскага раёну. Паходзіў з сям’і паштовага чыноўніка. Пры Польшчы яго бацька Канстанцін Петрашэвіч працаваў таксама цесляром. Пачатковую школу Яўген Петрашэвіч скончыў у мястэчку Луна.

У 1939 годзе сям’я пераехала ў Гродна. У 1949 годзе Яўген скончыў 9 класаў гродзенскай сярэдняй школы №8. Адначасна навучаўся ў музычнай школе. Бацькі ў 1950 годзе былі рэпрэсаваныя сталінскім рэжымам. Пазней Петрашэвіч расказваў пра іх, сам як майстар зрабіў барэльеф на надмагільным помніку маці. У 1949-55 гадах вучыўся ў Мінскай музычнай вучэльні па класе баяна і кампазіцыі. Праўда, у 1950-53 гадах быў перапынак, калі Петрашэвіча ўзялі на вайсковую службу. Потым працяглы час (у 1956-70 гадах) выкладаў у гродзенскай музычнай школе, адначасна кіраваў аркестравай групай  народнага ансамбля песні і танца “Нёман”. У 1972-74 гадах – кіраўнік хору Аблсаўпрофа ў Гродне.

З 1975 года Яўген Петрашэвіч кіраваў аркестрам народных інструментаў абласнога палаца піянераў і школьнікаў (пазней палаца дзіцяча-юнацкай творчасці). Пазней у 1980 годзе гэты аркестр перарос у ўзорны фальклорны ансамбль “Дударыкі”, які выступаў з канцэртамі ў Беларусі, Літве, Польшчы, Францыі, Нарвегіі, Швецыі. Менавіта найперш па “Дударыках” ведалі і памятаюць Петрашэвіча гродзенцы. У Гданьску гурт атрымаў гран-пры Zloty Kogucik.

Яўген Петрашэвіч – аўтар вакальна-інструментальных  і вакальна-харэаграфічных кампазіцый, шматлікіх песень на вершы Дануты Бічэль, Рыгора Барадуліна, Міхася Васілька, Ларысы Геніюш, Яна Чачота, Янкі Насуты, Цёткі, Авер’яна Дзеружынскага, Міхася Губернатарава, Уладзіміра Шурпы, Аўгінні Кавалюк, Апанаса Цыхуна, Міхася Мельніка, Уладзіміра Васько ды іншых паэтаў. Пісаў рамансы, інструментальную музыку, кампазіцыі і на ўласныя словы, апрацоўваў народныя песні. Друкаваўся ў літаратурным альманаху “Новы замак”, займаўся таксама як майстар скульптурай, рэзаў па камені і дрэве. Аўтар гранітнай скульптуры ў гонар заснавання вёскі Гудзевічы, драўлянай скульптуры “Вікінг”, за якую ў Даніі атрымаў медаль.

Апанас Цыхун і Яўген Петрашэвіч

Петрашэвіч найперш запомніўся гарадзенцам як вельмі культурны, тактоўны і зычлівы чалавек, сапраўдны беларус. Яго паважалі людзі, з ім цікава было размаўляць, ён шмат распавядаў. І сам увесь час быў заняты творчасцю. Вельмі любіў дзетак з якімі працаваў, магчыма і таму, што ня меў сваіх. Ягоныя “Гарадзенскія дударыкі” – гэта яскравы прыклад таго, як праз пашану да яго дзеці вучыліся шанаваць беларускую культуру. З усімі бацькамі сваіх выхаванцаў Петрашэвіч імкнуўся падтрымліваць кантакты, заўсёды перадаваў прывітанні, цікавіўся іх справамі. За гэта яго таксама вельмі паважалі людзі. Асабліва цікава распавядаў пра розныя беларускія песні. Ён сам пісаў вершы і вельмі любіў выразна дэклямаваць свае творы. Аўтар збрнікаў “Пасынкі”, “Віншаванкі”, “Байкі-непазяхайкі”,  “Сказ пра Каложу”.

Памёр Яўген Петрашэвіч 11 сакавіка 2017 года ў Гродне, пахаваны на могілках па праспекце Касманаўтаў. На магіле помнік мастацкай вартасці. Петрашэвіч сам амаль зрабіў яго пры жыцці, крыху толькі не стала сілаў скончыць помнік, бо майстру моцна балелі рукі. На металёвай агароджы вакол помніка змешчаны ноты.

18.06.2020 Тэгі: каляндар

Архіў

Сакавік 2021
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031

Відэа

праваабарончыя сайты