Навіны
Нумары бесчалавечнасці
Ну і дачакаліся. Каранцінная эпоха дзяржаўных абмежаванняў у відавочным адступленні, чаго аднак нельга сказаць пра патушэнне самой віруснай эпідэміі. Здаецца — парадокс, але не. Чалавечая свабода і непрадбачлівая эканамічна-сацыяльная будучыня не дазваляюць пакуль на даўжэйшую мэту на безупыннае трыманне пад кантролем сусветнай супольнасці. Пэўна неўзабаве ў паасобных дзяржавах будзем мець дачыненне з паўторным абмежаваннем чалавечай актыўнасці ў вядомую нам усім самаізаляцыю. І пэўна чакае нас не адна пандэмія змутаваных, новых невядомых вірусаў заанознага паходжання. Усё, на жаль, будзе прымаць вельмі хутка глабальнае вымярэнне. Тое, якія хваробы і заразы будуць нас скручваць у блізкай ці далейшай будучыні, як той лісток на дрэве, становіцца не футуралагічным пытаннем, а звычайным выжываннем. На яшчэ жывыя ўласныя вочы можам пабачыць, што ўсе гэтыя біятэхналагічныя рэвалюцыі і навуковыя поспехі не прыносяць пачуцця ўнутранай чалавечай бяспечнасці і свабоды, а наадварот, пазбаўляюць яго якой-колечы самаўпэўненасці і кантралююць у бачны і нябачны спосаб наша жыццё ў кожным яго вымярэнні. Ці наступныя пакаленні здольныя на бунт супраць такой цывілізацыйнай перспектывы? Ці іх неўратычнае сеціва арганізмаў ужо зараз ментальна запраграмаванае і прыстасаванае да падпарадкавання свету бязмежнага, бездухоўнага скарыстання як грамадскіх прылад, а не выяўлення сябе ў творчым вымярэнні з усімі яго поспехамі і падзеннямі? Часта ў такой сітуацыі гаворыцца, што час пакажа, але многія пісьменнікі і кінарэжысёры ўжо даўно паказалі нам такі ход развіцця падзей, дзе самі людзі менавіта па сваёй ненасытнасці ствараюць сабе безупынна філасофію, ідэалогію і патрэбу самазнішчэння чалавечага роду. Не інакш і зараз. У сучасным свеце ў руках часта ўжо шаленцаў знаходзіцца такая колькасць біялагічнай, хімічнай, касмічнай зброі, што аж многім проста рукі свярбяць, каб пакаштаваць смаку трыумфальнага яе скарыстання. Бо мы ж, людзі, не павінны мець аніякай чалавечнасці, ні гуманнасці, ці нават хрысціянскіх каштоўнасцей. Мы толькі з’яўляемся статыстычнымі мільёнамі са сваімі пін-кодамі, ці кодамі хвароб. Калі ты зараз без пін-кода, то ўжо з’яўляешся выключанай з грамадства адзінкай. Няважны тваё імя, прозвішча, эмоцыі. Без умоўнай сістэмы знакаў і лічбаў ты ўжо не чалавек. Абавязковая зараз самашыфраванасць ужо з самога дзяцінства вядзе нас усіх у поўнае мора чалавечай ананімнасці і яго такога ж самага знікнення. Без увагі, памяці ці некалькіх чалавечых слёз. Бяспамяцтва і бесчалавечнасць — ідэальная мадэль людской структуры будучыні. А тады ў камп’ютарах розных устаноў, дзе скадафікаванае наша жыцццё, адным клікам можам быць адключаны ад... жыццядайнага, віртуальнага сеціва. І такім чынам ад вады, сонца, ветру, прыроды. Ад быцця ў жывых. І аніякіх пытанняў маральнай натуры ў такім шаленстве не будзе. Проста, масавы таталітарны кантроль і генетычная сегрэгацыя. У гістарычным мінулым парадкавую нумарацыю дзяржавы ўвялі ў турэмныя сістэмы, дзе вязні атрымлівалі свае статыстычныя нумары, якія станавіліся неад’емнай часткай іхняга зняволення. У нядаўняй гісторыі такую „дапрацаваную” развязку прымянялі гітлераўскія немцы, якія ў сваіх канцэнтрацыйных лагерах вынішчэння чалавецтва ў першую чаргу татуіравалі вязням на руцэ яго статыстычны нумар. З гэтай пары меў быць ён пазбаўлены чалавечай годнасці — імя, прозвішча і гісторыі свайго роду. Людзі мелі быць нікім і жыць столькі, на колькі дазволіць створаная сістэма вынішчэння і добры ці дрэнны гумар ката. Расстрэлы, вешанні, смерць у газавых камерах і спальванне цел у крэматорыях, псеўдамедычныя і біялагічныя эксперыменты, вынішчальная фізічная праца гэта пякельная рэчаіснасць у такіх месцах. Не інакш было з падбітымі народамі на акупаваных немцамі тэрыторыях. Экстэрмінацыя жыдоў, а потым звядзенне славян у катэгорыю недалюдзей, рэальнасць і вынік пошукаў нямецкай, жыццёвай прасторы рабіліся пад лозунгам новай Еўропы народам, які так ганарыўся сваёй гісторыяй і культурай.
Яўген Вапа