Навіны

140 гадоў з дня нараджэння Івана Краскоўскага

Беларускі і ўкраінскі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, педагог Іван Краскоўскі нарадзіўся 24 чэрвеня 1880 года ў вёсцы Дубічы Царкоўныя Бельскага павету (тады Гарадзенская губерня). Яго бацька Ігнат Краскоўскі быў святаром.

Іван Краскоўскі скончыў гімназію ў Вільні. З 1903 па 1905 гады навучаўся на гісторыка-філалягічным факультэце Варшаўскага ўніверсітэту. Удзельнічаў у нелегальным студэнцкім гуртку, за што быў выключаны з універсітэту. Пасля пераехаў у Пецярбург, у горадзе на Няве працягнуў навучанне ў тамтэйшым універсітэце па спецыяльнасці гісторыка-эканаміста. Пасля сканчэння ўніверсітэту ў 1907 годзе пераехаў у Вільню, дзе да 1914 году выкладаў у гімназіях, удзельнічаў у беларускім грамадскім руху. Быў сябрам Беларускага настаўніцкага саюзу.

Улетку 1915 года Іван Краскоўскі пераехаў у Кіеў, дзе працаваў у Зямельным саюзе. Быў сябрам Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі.  У верасні 1917 года на з’ездзе народаў у Кіеве прадстаўляў беларускія нацыянальныя арганізацыі. Быў прызначаны часовым украінскім урадам камісарам Тарнопальскай губерні. 18 снежня 1917 года яго арыштавалі бальшавікі, але потым адпусцілі. У 1918 годзе ўвайшоў у склад ураду Украінскай Народнай Рэспублікі, быў амбасадарам УНР на Каўказе, у Грузіі. Супрацаваў з кубанскімі ўрадавымі ўстановамі 1917-20 гадоў у кірунку аб’яднання з Украінай.

У час працы ва ўкраінскім урадзе Красоўскі таксама выступаў кансультантам дэлегацыі Беларускай Народнай Рэспублікі на перамовах з урадам Украіны. 10 кастрычніка 1918 года быў таксама ўпаўнаважаны Народным сакратарыятам БНР дзеля вядзення дыпламатычных перамоваў з урадамі Расеі і Украіны пра афіцыйнае прызнанне незалежнасці Беларусі. У 1920 годзе Краскоўскі – старшыня Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні. З-за ўзмоцненай агітацыі супраць выбараў у Віленскі Сойм уночы з 19 на 20 студзеня 1922 года арыштаваны польскімі ўладамі ў ліку іншых трыццаці трох беларускіх і літоўскіх актывістаў. Знаходзіўся ў вязніцы. Дзякуючы ціску Літвы ў лютым 1922 году перададзены літоўскаму боку. З 1922 года працаваў дырэктарам Дзвінскай беларускай гімназіі ў Латвіі.

З 1925 года Красоўскі жыў ў Мінску. Працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, Інстытуце беларускай культуры, Акадэміі Навук БССР, быў сябрам прэзідыуму Дзяржплану БССР. У 1930 годзе пераведзены ў Маскву на працу ў Дзяржплан СССР. Арыштаваны 8 ліпеня 1930 году органамі ОГПУ ССС па справе так званага “Саюзу вызвалення Беларусі”. У 1931 годзе высланы на 5 гадоў у Самару, дзе працаваў у краявым планавым кіраванні. Паўторна арыштаваны НКВД 4 лістапада 1937 года, аднак 19 сакавіка 1940 года асаблівай нарадай пры НКВД СССР вызвалены з-пад следства. У далейшым да выхаду на пенсію ў 1949 годзе працаваў настаўнікам у населеных пунктах Куйбышаўскай (цяпер Самарскай) вобласці Расеі. 

У 1953 годзе Іван Красоўскі выехаў да дачкі ў Чэхаславаччыну. Дачка працавала ў музеі ў славацкай Браціславе, была ведамым нумізматам. Памёр Красоўскі 23 жніўня 1955 года Браціславе. Пахаваны на могілках Славічіе удоліе. Афіцыйна па першым прысудзе рэабілітаваны ў траўні 1962 года, па другім – у чэрвені 1988 года.

24.06.2020

Архіў

Ліпень 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты