Навіны

Тры карныя суды ў Гародні (фота)

У Гародні 25 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёну адбыліся тры адміністрацыйныя працэсы ў дачыненні да актывістаў кампаніі "Страна для жизни". Пратаколы на іх міліцыя склала паводле артыкулу 17.1 (хуліганства). Усіх трох у выніку засудзілі да штрафаў.

На ўсіх трох адміністрацыйныя пратаколы былі складзены пасля падзей 29 траўня ў Гародні, калі ў выніку правакацыі быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі і група яго паплечнікаў і прыхільнікаў. Яўген Клімук, Юлія Карначава і Станіслава Дамшэль у той вечар былі сярод тых, хто выказваў абурэнне супраць гвалтоўнага затрымання Ціханоўскага і іншых групай людзей у цывільным без усялякіх апазнавальных знакаў.

У выніку разгляду адміністрацыйных спраў:

Суддзя Руслан Гурын засудзіў да штрафу 15 базавых велічынь (405 рублёў) Яўгена Клімука. Яўген Клімук - жыхар гораду Скідаль, інвалід трэцяй групы па зроку, у той дзень ён знаходзіўся ў Гародні. Паводле пратаколу, складзенага маёрам міліцыі Максімам Яршовым (Максим Викторович Ершов) Клімук нібыта спрабаваў пачаць бойку з іншымі грамадзянамі. Пры разглядзе справы гэта зусім не пацвердзілася. Клімук не прызнаў сваёй віны і паясніў суду, што сапраўды трымаў машыну рукамі, паколькі ў натоўпе выразна чуў крыкі, што пад коламі буса знаходзіцца чалавек. Супраць Клімука сведчылі супрацоўнікі АМАПу Арцём Пішчык і Аляксандр Палуэктаў. Прадстаўнікі сілавой структуры у той дзень былі ў цывільным адзенні. Сведкі па-сутнасці не пацвердзілі, што Клімук у штурханіне імкнуўся пачаць бойку, але заявілі, што ён парушаў грамадскі парадак, што пагражала іншым людзям.

Суддзя Алена Пятрова засудзіла да штрафу 20 базавых велічынь (540 рублёў) Юлію Карначаву. Юлія Карначава - грамадская актывістка кампаніі "Страна для жизни", нараджэнка і жыхарка Гародні. малі дваіх малалетніх дзяцей. Орган, які пачаў адміністрацыйную справу, на гэтым рацэсе прадстаўляў Міхаіл Паўлоўскі. Сведкам выступіў капітан міліцыі Аляксандр Мацкевіч. Суддзя Алена Пятрова, сумнаведамая ў Гародні як выканаўца шматлікіх палітычных карных пастановаў у дачыненні да грамадскіх актывістаў, не ўзяла пад увагу ўсе довады Карначавай і ў выніку абвесціла штраф.

Суддзя Ларыса Барэль засудзіла да штрафу 20 базавых велічынь (540 рублёў) Станіславу Дамшэль. Пенсіянерка Станіслава Дамшэль з розных прычын адмовілася з'явіцца ў суд Ленінскага раёну і яе судзілі праз скайп. Сведка, капітан міліцыі, зачытваў свае паказанні з паперкі. Сувязь была кепскай, але Станіслава Дамшэль змагла выказаць суду ўсё, што яна думае пра гэты несправядлівы працэс. У выніку суддзю Ларысу Барэль можна павіншаваць з "дэбютам" у палітычна матываваных адміністрацыйных карных пастановах.

Гарадзенскія праваабаронцы адзначаюць, што такія вынікі працэсаў яскрава сведчаць  пра выразны палітычны пераслед грамадзян, якія бяруць актыўны ўдзел у бягучай выбарчай кампаніі. Пад увагу суд Ленінскага раёну (старшыня суду Наталля Собалева) не бярэ ні юрыдычных аргументаў, ні матэрыяльнай сітуацыі грамадзян (тры вынікі сённяшніх адміністрацыйных працэсаў гэта выразна падкрэсліваюць).

Падтрымаць людзей, якіх судзілі сёння ў судзе Ленінскага раёну прыйшлі каля 20 грамадскіх актывістаў. Назіралася таксама вялікая канцэнтрацыя прадстаўнікоў міліцыі. Так амапаўцы занялі бальшыню месцаў у залі, дзе судзілі Юлію Карначаву, так што некаторыя людзі не патрапілі на гэты працэс. А суддзя Алена Пятрова сказала яшчэ трымаць сацыяльную дыстанцыю. Пры гэтым у судзе Ленінскага раёну падсудныя, сведкі і прысутныя грамадзяне носяць маскі, а суддзі і сакратары суда сістэматычна не носяць маскі.

Архіў

Ліпень 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты