Навіны
Гарачае лета
Астранамічнае і палітычнае лета загасцявала ў польска-беларускай прасторы. Апошні тыдзень прэзідэнцкай, выбарчай гонкі ў Польшчы прыносіць сапраўдную ліхаманку галоўных байцоў гэтага змагання. Тэмпература ўнутрыпольскай барацьбы вакол нас расце вокамгненна і страх падумаць, што пасля першага туру 28 чэрвеня, будзе мець месца другі — 12 ліпеня гэтага года. Менавіта на праваслаўных Пятра і Паўла прадбачваецца канчатковая развязка змагання за прэзідэнцтва ў Польшчы. Калі гляджу на карцінкі як кандыдаты сустракаюцца са сваімі выбаршчыкамі і гэтыя спатканні не маюць абсалютна нічога з абавязваючымі зараз масавыя мерапрыемствы каранавіруснымі абмежаваннямі, дык сабе думаю: „А на хрэн дагэтуль тыя ўсе законы, перасцярогі?” Хіба толькі на тое, каб яшчэ больш зняверыцца да ўсялякай палітыкі. Таму незалежна ад пары года за палітыкай цягнецца заўсёды смурод. І нават найпрыгажэйшыя словы-парфумы, ці карціны-пудры не прыхаваюць паступаючага гнілля гэтай сферы чалавечай актыўнасці. Вядома, людзі, часта заціснуўшы зубы, ідуць і ўкідваюць свой голас у выбарчую скрынку заўсёды з надзеяй на лепшую будучыню для сябе і дзяржавы. Нягледзячы на эпідэміялагічную сітуацыю, раскалыханае польскае грамадства пойдзе на ўчасткі для галасавання. Ці выбарчыя падзелы і нянавісць суцішацца пасля абрання прэзідэнта? Хацелася б верыць.
Значна большая грамадская бяда адбываецца на нашых вачах у Рэспубліцы Беларусь. Там ніхто, апрача прыўладнай вертыкалі, рэальна не ведае, што дзеецца з каранавіруснай эпідэміяй сярод насельніцтва краіны. Рэальная лічба захворванняў і смярцей застаецца засакрэчанай і памаленьку прыводзіць людзей да гневу і нянавісці да існуючай улады. А тут кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка нахабна і мэтанакіравана ўжо толькі на этапе збору подпісаў пасадзіў за краты і кандыдатаў, і іх прыхільнікаў, а дзясяткі аштрафаваў толькі за тое, што тыя выйшлі на плошчы беларускіх гарадоў паставіць подпісы за кандыдатаў. Чарговы раз пах страху, а нават пралітай крыві мае даць перамогу Аляксандру Рыгоравічу ўжо 9 жніўня. Затое каляндарнае лета прынесла з сабою навальніцы, буры, падтапленні і страх людзей за сваю матэрыяльную маёмасць. З вадою і агнём, як стыхійнымі сіламі натуры ў многім не вытрымаць пабудовам, узнесеным людскімі рукамі. Менавіта ад такой летняй маланкі ў час буры згарэла і стадола маіх бацькоў. Таму, кожная бура з маланкамі для маіх бацькоў была ўспамінам той траўмы. Грамнічныя свечкі ў вокнах, малітвы, закрытыя вокны і комін, а пры тым цішыня гэта таксама неад’емная частка майго, летняга дзяцінства. І гэты, непаўторны пах „стоячага паветра” перад бурай і незабыўная свежасць пасля яе, застаюцца са мной надалей. Перыядычнасць бур пасля спякоты становіцца неад’емнай часткай кругласутачнага, летняга часазвароту.
Цяпер пасля веснавой засухі толькі сяляне ўсур’ёз заняліся сваімі сенажацямі. Тых, што аднак хацелі высушыць сена традыцыйным спосабам, а не адразу зрабіць сілас, чакала вялікае расчараванне і штодзённая праца падліваная тымі ж навальнічнымі дажджамі. Злосць і нават слёзы з’явіліся ў найбольш цярплівых. Мой родны брат з‑пад Сямятыч, скасіўшы сем гектараў духмянай травы, ужо другі тыдзень змагаецца, каб уратаваць тое дабро проста перад гніллю. Каб было нават проста ўжо на подсціл каровам.
Такія сітуацыі аж надта добра памятаю са свайго дзяцінства і маладосці, калі пачатак лета прыносіў або водар лёгкасці сонца і кветак у высушаным сене, або паветра насычанае пахам сырой, гнілой травы. Тыя, хто не дасушвалі мокрага сена, хай дзякуюць Богу. Трэба ўкласці вельмі многа працы, каб дасушыць яго адпаведна. Не раз прыходзілася выносіць сена на насілках з лугоў залітых вадою. Недасушанае сена апрача гнілога паху і непрыдатнасці ў якасці корму для кароў, пагражала яшчэ адной небяспекай. Мог наступіць эфект самазагарання, што было і прычынай нават пажараў пазнейшай парою. Гарачае лета і дажджлівыя буры і зараз вакол нас.
Яўген Вапа