Навіны

Гародня: бясконцы канвеер судоў

У Гародні не сканчаецца бясконцы канвеер адміністрацыйных працэсаў. У панядзелак і аўторак адбудзецца разгляд нечакана "усплыўшых" адміністрацыйных справаў зняволеных у Менску гарадзенцаў па крымінальнай справе. Яны былі затрыманыя 29 траўня разам з Сяргеем Ціханоўскім у Гародні. Напомнім, што ім выстаўленыя абвінавачванні паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэксу.

29 чэрвеня, у панядзелак, у Гарадзенскім абласным судзе, што па вуліцы Карбышава, праз скайп а 9.30 будзе разглядацца адміністрацыйная справа Васіля Баброўскага. Там жа ў гэты дзень адбудзецца аналагічны разгляд адміністрацыйнай справы іншага гарадзенца Уладзіміра Навуміка - а 14.30.

30 чэрвеня, у аўторак, такая ж справа ў абласным судзе будзе разгледжана ў дачыненні да гарадзенца Уладзіміра Кнігі, які таксама зняволены ў Менску. Яе пачатак а 14.30

Чаму разгляд гэтых адміністрацыйных справаў будзе менавіта ў абласным судзе, дакладна невядома. Хутчэй за ўсё таму, што там лепшае тэхнічнае абсталяванне, чым у судзе Ленінскага раёну.

Акрамя гэтага, яшчэ з пятніцы ў гарадзенскім ізалятары часовага ўтрымання знаходзіцца каля 8 затрыманых гарадзенцаў увечары таго дня напярэдадні і ў час "Ланцуга салідарнасці".

Вядомыя прозвішчы некаторых затрыманых:

Аляксандр Хват (малады мужчына, затрыманы з плакатам)

Дзмітрый Ціт

Яўген Грынь

Павел Мількоўскі

Яўген Амплееў

Калі і дзе адбудуцца адміністрацыйныя працэсы над імі і іншымі - невядома. Магчыма іх будуць судзіць у судзе Ленінскага раёну, магчыма - у ізалятары, магчыма ў РАУСе Ленінскага раёну гораду на закрытых паседжаннях.

Архіў

Ліпень 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты