Навіны

95 гадоў з дня нараджэння Юрыя Астроўскага

Дзеяч беларускай навукі, акадэмік-біяхімік Акадэміі Навук Беларусі Юрый Астроўскі нарадзіўся 29 чэрвеня 1925 года ў Менску. Аде большая частка яго жыцця прайшла ў Гародні.

Дзяцінства і юнацтва Юрыя Астроўскага прайшлі ў Менску. У 1941 годзе Астроўскі скончыў сярэднюю школу. У час фашыстоўскай акупацыі знаходзіўся разам з сям’ёй у Слоніме. Пасля прыходу саветаў у 1944 годзе быў прызваны на службу ў Савецкую армію. У 1945 годзе паступіў у Ваенна-медыцынскую акадэмію ў Ленінградзе. У гэты ж час быў арыштаваны яго бацька. З-за гэтага Астроўскага выключылі з ліку курсантаў акадэміі. Такім чынам вайскоўцам ён не стаў, але можа і да лепшага. Пазней Юрый Астроўскі паступіў у Менскі медыцынскі інстытут, дзе вельмі актыўна браў удзел у дзейнасці студэнцкага навуковага таварыства і прафесійна займаўся біяхімічным кірункам медыцынскай навукі. Скончыў Менскі медыцынскі інстытут у 1950 годзе.

Пасля выпуску Астроўскі быў накіраваны на працу ў Полацк, дзе стаў загадчыкам аддзелам і лабараторыяй мясцовай санітарна-эпідэміялагіянай станцыі, з 1956 года – асістэнтам кафедры біяхіміі Віцебскага медыцынскага інстытуту. У 1959 годзе Юрый Астроўскі пераязджае ў Гародню, менавіта ў горадзе над Нёманам прайшоў найбольш плённы перыяд яго навуковай дзейнасці. Спачатку ён быў загадчыкам кафедры біяхіміі Гарадзенскага медыцынскага інстытуту, з 1975 года – загадчыкам аддзелам рэгуляцыі абмену рэчываў Акадэміі Навук БССР, а з 1985-га – дырэктарам Інстытуту біяхіміі АН, што быў створаны ў Гародні. Менавіта ў гэтым акадэмічным асяродку сфармаваўся калектыў навукоўцаў-вальнадумцаў, многія з якіх выступілі заснавальнікамі легендарнай грамадскай з’явы ў горадзе – клубу “Паходня”. Сам Астроўскі неаднаразова выступаў на пасяджэннях культурна-асветніцкага клубу з навуковымі, пад час сенсацыйнымі паведамленнямі. Ягоныя публіцыстычныя артыкулы выклікалі шырокі грамадскі рэзананс і дыскусіі.

Шыльда на доме ў Гародні, дзе жыў Астроўскі

Навуковыя інтарэсы і працы Юрыя Астроўскага датычылі галіны вітаміналогіі, рэгуляцыі абмену рэчываў і шэрагу кірункаў клінічнай біяхіміі (наркалогія, анкалогія). Астроўскім была створана арыгінальная канцэпцыя развіцця алкагалізму, якая давала перспектывы лячэння гэтай хваробы. Была вывучана прырода цэнтраў і груповак на бялку і ў малекуле тыяміну, сфармуляваныя асноўныя палажэнні, што абгрунтавалі рацыянальнае прымяненне ў медыцыне антывітамінаў. Агулам Астроўскі апублікаваў каля 500 навуковых працаў, у тым ліку 9 манаграфій, запатэнтаваў 15 вынаходніцтваў. Быў членам-карэспандэнтам АН Беларусі, заслужаным дзеячам навукі.

Разам з тым Юрый Астроўскі быў актыўным сябрам Таварыства Беларускай Мовы, уваходзіў у гарадскую раду арганізацыі. Калі пачалася дэмакратызацыі і бурлівая палітычная дзейнасць, Астроўскі вылучаўся ў дэпутаты Вярхоўнага савету БССР, але з-за “падводных плыняў” быў змушаны зняць сваю кандыдатуру. У канцы жыцця Юрый Астроўскі пераехаў у Менск, дзе неўзабаве памёр. Пераезд у Менск кепска адбіваецца на гарадзенскіх дзеячах. Нешта падобнае здарылася і з Міхасём Ткачовым, які вельмі нядоўга пажыў у сталіцы. У спадчыну акадэмік Астроўскі пакінуў не толькі навуковыя працы, але і вершы, нататкі, эсэ, якія былі выдадзеныя пасля смерці навукоўца. Адна з галоўных прац – “Беларусы: генетыка, рэлігія, нацыянальнасць” (выдадзена ў публіцыстычным варыянце ў 1991 г.).   

Акадэмік Астроўскі вельмі непакоіўся праблемай алкагалізацыі насельніцтва. Ён узняў на навуковым роўні новую тэорыю прафілактыкі і лячэння алкагалізму. У выніку ў Гародні стварылі філію наркацэнтру Акадэміі медычных навук.

Памёр навуковец 31 снежня 1991 года ў Гародні. Пахаваны Юрый Астроўскі на гарадзенскіх могілках па праспекце Касманаўтаў. На магіле сціплы помнік з эпітафіяй па-беларуску.

На доме, дзе жыў акадэмік, а таксама на будынку Інстытуту біяхіміі, дзе ён працаваў, размешчаны памятныя шыльды. Памятная шыльда ёсць і ў Полацку.

Шыльда на будынку Інстытуту біяхіміі

29.06.2020 Тэгі: Гародня, каляндар

Архіў

Ліпень 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты