Навіны

Суды над Васілём Баброўскім і Уладзімірам Навумікам (фота)

Сёння ў Гарадзенскім абласным судзе праходзілі два выяздныя паседжанні суда Ленінскага раёну Гародні. Гэта былі не зусім звычайныя паседжанні, паколькі абодва падсудных - гарадзенцы Васіль Баброўскі і Уладзімір Навумік знаходзяцца зараз у Менску пад следствам і праходзяць па крымінальнай справе. Па справе, якая была пачата пасля правакацыі ў Гародні 29 траўня і гвалтоўным затрыманні Сяргея Ціханоўскага, некаторых сябраў яго каманды, а таксама па-сутнасці выпадковых гарадзенцаў, якія прыйшлі падпісацца за альтэрнатыўных вылучэнцаў.

Пасля гэтых затрыманняў і зняволення відавочна невінаватых людзей, якіх ужо прызналі палітвязнямі, у нечую галаву прыйшла яшчэ "бліскучая ідэя" навесіць на затрыманых па некалькі адміністрацыйных пратаколаў. Так на Баброўскага і Навуміка былі складзены яшчэ па два пратаколы пра нібыта адміністрацыйныя правапарушэнні. Гэта артыкулы 17.1 (хуліганства) і 23.4 (супраціў работнікам міліцыі).

Абедзве справы разглядаліся з абласным судзе, але рознымі суддзямі. Суддзя Руслан Гурын выканаў сваю пастанову за паўдня. Ён засудзіў Васіля Баброўскага агулам да 10 сутак адміністрацыйнага арышту (4 сутак - па першым пратаколе і 6 - па другім). На гэты працэс прыйшлі каля 15 чалавек. Цягам працэсу Баброўскі заяўляў хадайніцтва аб удзеле свайго менскага адваката Кацярыны Пятровіч. Суддзя задаволіў хадайніцтва, пасля чаго быў перапынак для азнаямлення адвакатам з матэрыяламі справы. Але, як і на ўсіх аналагічных судах, карная пастанова была прадвызначана заранёў. 

Іншая суддзя Ленінскага раённага суда Ларыса Барэль разглядала справу Уладзіміра Навуміка пасля абеду некалькі гадзін і пакуль перанесла яе разгляд на заўтра - 30 чэрвеня працэс адновіцца ў абласным судзе а 9.15.

На працэс Уладзіміра Навуміка прыйшлі больш 20 чалавек, у тым ліку бацька і жонка Навуміка. Ён сам быў на сувязі праз скайп, быў добра чутны і бачны.

Бацька і жонка Уладзіміра Навуміка

Орган, які пачаў працэс, прадстаўляў участковы міліцыянт Леніскага РАУС Міхаіл Паўлоўскі. Сведкамі былі супрацоўнікі АМАПу Павел Халява і Аляксандр Мацкевіч.

Навумік на пачатку заявіў хадайніцтва аб азнаямленні яго з пісьмовымі тлумачэннямі сведак. Суддзя Ларыса Барэль задаволіла гэтае хадайніцтва і пасля зачытала пісьмовыя сведчанні.

Найбольш доўга ішло апытанне прадстаўніка АМАПу Паўла Часлававіча Халявы. Менавіта ён паводле слоў Уладзіміра Навуміка суправаджаў яго ў службовай машыне пасля затрымання і неабгрунтавана прымяніў сілу, прыціснуўшы галаву Навуміка каленам. Навумік сцвярджае, што ніякага супраціву пры затрыманні ён не аказваў, да ўсяго міліцыянты пры затрыманні не прадстаўляліся і не былі апрануты па форме. Вусныя сведчанні Халявы ў многім не адпавядалі яго пісьмовым сведчанным, на што ўрэшце звярнула ўвагу і суддзя. Уладзімір Навумік задаваў вельмі шмат пытанняў гэтаму сведку, на некаторыя пытанні гучалі вельмі непераканаўчыя адказы.

Цяжка было паверыць, што Уладзімір Навумік, інтэлігентны чалавек з вышэйшай адукацыяй, які працуе інжынерам на прадрыемстве "Гандальмаш", мог лаяцца брудным матам, як сцвярджалі прадстаўнікі міліцыі.

Другім сведкам па справе Навуміка апытваўся капітан міліцыі, камандзір звяна АМАП Аляксандр Мацкевіч. Менавіта ён аддаваў загад падначаленаму Халяву і разам з ім затрымліваў Навуміка. Пасля апытання Мацкевіча, довады якога таксама гучалі зусім непераканаўча, Навумік заявіў хадайніцтва, каб суд запатрабаваў з матэрыялаў крымінальнай справы відэа з яго мабільнага тэлефону, якое можа даказаць яго поўную невінаватасць. Прадстаўнік РАУС Паўлоўскі выступіў супраць гэтага. Суддзя не задаволіла хадайніцтва і паведаміла, што рабіліся адпаведныя запыты, але суд Ленінскага раёну дагэтуль не мае відэа для даследавання. Тады Навумік заявіў хадайніцтва, каб далі магчымасць яго менскаму адвакату прадаставіць такое відэа. Урэшце суддзя Барэль гэтае хадайніцтва задаволена і працяг разгляду перанесены на заўтра на раніцу - ён пачнецца а 9.15.

Архіў

Ліпень 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты