Навіны

Дзмітрый Фурманаў таксама засуджаны да арышту (фота)

Карны судовы канвеер у Гародні працягваецца. Пасля Сяргея Ціханоўскага судзяць наступнага чалавека - Дзмітрыя Фурманава, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Інфармацыю для "Гарадзенскай вясны" перадае праваабаронца Раман Юргель. Фурманаў удзельнічае ў працэсе праз відэасувязь, паколькі як і іншыя фігуранты "крымінальнай справы Сяргея Ціханоўскага" знаходзіцца пад вартай у Менску.

Разгляд справы вядзе суддзя Юрый Казакевіч. Напомнім, што перад абедам ён засудзіў Сяргея Ціханоўскага да 15 сутак адміністрацыйнага арышту, не ўзяўшы пад увагу тое, што выразна было зразумела, што справа сфабрыкаваная міліцыяй. Характэрна, што палову судовай залы зноў занялі "людзі ў цывільным", у якіх лёгка ўгадваюцца прадстаўнікі сілавых структур.

Бацькі Дзмітрыя Фурманава

 

Інтарэсы падсуднага прадстаўляе адвакат Вадзім Мушынскі, які прыехаў з Менску. Орган, які пачаў працэс, - РАУС Ленінсага раёну прадстаўляе Міхаіл Паўлоўскі.

Фурманаў у той вечар, 29 траўня, спакойна збіраў подпісы за Святлану Ціханоўскую. Ён даў у судзе тлумачэнні. што ў пэўны момант на яго наляцелі невядомыя ў масках, без усялякіх апазнавальных знакаў і сілай павалаклі. Потым падскочылі яшчэ двое і яго ўжо панеслі. Калі Дзмітрый Фурманаў стаў крычаць яго так моцна ўдарылі ў твар, што ён на нейкі час страціў прытомнасць і прыйшоў у сведамасць толькі ў машыне. Таксама баявым прыёмам яму была заламаная рука.

Сведкамі на працэсе выступаюць прадстаўнікі АМАПу. Першым даваў паказанні старшына міліцыі Андрэй Пацуй. Яго сведчанні непераканаўчыя, але суддзя дапамагае міліцыянту фармуляваць адказы сваімі пытаннямі. Адвакат звярнуў увагу на размытасць паказанняў сведкі і іх недакладнасць. Суддзя Казакевіч паспяшаўся зняць наступныя пытанні. Пацуй на частку пытанняў адказваў, што не памятае як была справа.

Наступным сведкам выступаў амапавец Міхаіл Хацук. Ён сказаў, што ад кіраўніцтва паступіла каманда, а Фурманаў не падпарадкаваўся загаду, стаў хапацца за вопратку, пасля чаго яго затрымалі з прымяненнем сілы. Міліцыянт пацвердзіў, што быў апрануты ў цывільную вопратку. Хацук сказаў, што не памятае на якой адлегласці быў Фурманаў ад таго міліцыянта, які ляжаў на Савецкай плошчы на зямлі. Хацук заявіў, што ён сілу не прымяняў, сілу прымяняў толькі яго напарнік Пацуй. Адвакат звярнуў увагу на супярэчнасці ў паказаннях сведкаў. Супярэчнасці маюцца і ў рапарце. Хацук спярша казаў, што не складаў рапарту, потым выявілася, што ўсё ж складаў.

Пасля сведкам выступіў бацька Дзмітрыя Фурманава Аляксандр Фурманаў, ваенны пенсіянер. Ён у той вечар прысутнічаў на плошчы і бачыў як усё адбывалася. Зміцер Фурманаў насамрэч быў за столікам на адлегласці 25-30 метраў ад міліцыянта, які ўпаў, і такім чынам ніяк не мог быць датычным да той штурханіны, якая адбавалася на плошчы. Паказанні Аляксандра Фурманава былі выразнымі і пераканаўчымі.

У судзе быў абвешчаны перапынак. У час перапынку Дзмітрыю Фурманаву даслалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння ў Менск факсам.

Адвакат у заключным слове звярнуў увагу на недаказанасць віны Фурманава і на істотную супярэчлівасць паказанняў сведак і папрасіў суддзю за недаказанасцю віны падабароннага спыніць адміністрацыйную справу.

Пасля перапынку Казакевіч абвесціў сваю чарговую карную пастанову - 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Суддзя Юрый Казакевіч памятны гарадзенцам адміністрацыйнымі справамі 2014-15 гадоў супраць незалежных журналістаў-фрылансераў. Тады ён засудзіў за нібыта працу без акрэдытацыі да вялікіх штрафаў Алеся Дзянісава (двойчы), Андрэя Мялешку, Алеся Кіркевіча. Таксама ў 2014 годзе ён засудзіў да штрафу грамадскага актывіста Ежы Грыгенчу за збор подпісаў грамадзян за пытанні “Народнага рэферэндуму”.

 

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты