Навіны

110 гадоў з дня нараджэння Аляксея Грыцука

Беларускі грамадскі дзеяч, гісторык, літаратуразнавец, настаўнік, старшыня Згуртавання беларусаў Канады Аляксей Грыцук нарадзіўся 3 ліпеня 1910 года ў вёсцы Міхноўка Бельскага павету. Яго бацька Юльян і маці Хрысціна з дому Харкевічаў мелі вялікую сям’ю – чатырох сыноў і пяць дачок. Сям’я была рэлігійная, у ёй шанавалі народныя традыцыі і звычаі. Калядныя песні, якія так любіў спяваць  Аляксей, засталіся ў яго памяці з маленства, і ведаў ён іх шмат. Бацька трымаў даволі вялікую гаспадарку, а таксама паравы млын у Старым Ляўкове.

Вучыўся Аляксей спярша у Гайнаўскай гімназіі, потым у Свіслацкай настаўніцкай семінарыі. У сярэдзіне 1930-ых гадоў быў прызваны ў польскае войска, служыў у Лідзе ў 77-ым палку ў званні падхарунжага. У войску яму прапаноўвалі памяняць веравызнанне з праваслаўнага на каталіцкае для кар’ернага росту, але Грыцук адмовіўся. Пасля войска Грыцук некалькі гадоў працаваў настаўнікам у Браслаўскай гімназіі, дзе выкладаў гісторыю і завочна вучыўся на гістарычным факультэце Варшаўскага ўніверсітэту. У 1938 годзе скончыў яго са ступенню магістра гісторыі. У час нямецкага ўварвання ў Польшчу быў мабілізаваны ў войска, удзельнічаў у верасні 1939 года ў абароне Варшавы. Паранены, трапіў у палон. Ляжаў у варшаўскім шпіталі, адкуль, крыху ачуняўшы, удалося уцячы на радзіму ў Ляўкова, куды ўжо прыйшлі савецкія войскі.

У 1940-41 гадах Грыцук настаўнічаў, вывучаў літаратуру ў Настаўніцкім інстытуце ў Беластоку. У час нямецкай акупацыі Аляксей Грыцук – сябра Беларускага камітэту ў Беластоку. У чэрвені 1942 года прызначаны інспектарам беларускіх школ Беластоцкай акругі, апрацоўваў школьныя падручнікі. За непрацяглы час Грыцуку ўдалося стварыць на Беласточчыне больш 80 беларускіх школ. Яго паплечнікамі былі Хведар Ільяшэвіч і Уладзімір Тамашчык. У 1944 годзе Грыцук – асветны афіцэр у Беларускай Краёвай Абароне. Чытаў лекцыі па гісторыі ў 1-ым кадравым батальёне БКА ў Берліне. Брат Грыцука Мікалай таксама быў у БКА, ён быў у беларускім антыбальшавіцкім падполлі ў групе пад кіраўніцтвам Усевалада Родзькі, а пасля знік без вестак.

З лета 1944 года Грыцук выехаў на захад ў эміграцыю ў Нямеччыну, тры гады ён пражыў у аўстрыйскім Зальцбургу, дзе разам з Уладзімірам Дудзіцкім, Міколам Ганьком, Алесем Салаўём арганізаваў беларускі камітэт. У той час, калі яшчэ не было ніякіх візаў на выезд з Аўстрыі, ён хадзіў нелегальна цераз Альпы ў Нямеччыну, каб навязаць лучнасць з Радай БНР, якая тады была ў Мюнхене. У той час у Аўстрыі ён пазнаёміўся з Вольгай, будучай жонкай.

У студзені 1948 года Аляксей Грыцук выехаў у Канаду, пасяліўся ў Таронта, дзе браў актыўны ўдзел у грамадскім і царкоўным жыцці беларускай грамады. Узначальваў Згуртаванне беларусаў Канады ў 1965-67 гадах і ў 1970-72 гадах, быў адным з актывістаў парафіі святога Кірылы Тураўскага, старшынём Сектара Рады БНР. Вельмі любіў беларускую паэзію. Напісаў доктарскую дысертацыю, прысвечаную творчасці Максіма Багдановіча. Працаваў ва Універсітэце Куінс у Кінгстане (Антарыа).

Памёр Аляксей Грыцук 30 траўня 1976 года ў Кінгстане, пахаваны на могілках гэтага канадскага горада. На яго магіле лацінкаю выбіты надпіс: “Змагар за волю Беларусі, хай сняцца табе родныя гоні”. Жонка Грыцука Вольга напісала ўспаміны “Мы стваралі сваю Беларусь: Жыццё і дзейнасць Аляксея Грыцука”, кніга была выданая ў Мінску ў 2007 годзе. 

03.07.2020

Архіў

Красавік 2021
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

Відэа

праваабарончыя сайты