Навіны

Луна-Воля. 100-ыя ўгодкі бітвы над Нёманам

Dulce est pro patria mori

(салодка паміраць за сваю краіну)

Храналёгія падзеяў:

28 ліпеня 1914 года пачалася Першая Сусьветная вайна. 3 верасьня 1915 г. Луна-Воля пад нямецкай акупацыяй.

27 лютага 1919 г. Луна-Воля ў складзе Літоўска – Беларускай Рэспублікі. Але насамрэч ужо 20 лютага 1919 года Луна-Воля занятая Польскім войскам групай генэрала Івашкевіча. Атрад Гарадзенскай самаабароны кантраляваў тэрыторыю на поўнач ад Ваўкавыску ў раёне Луны, Волі, Алекшыцаў, Крынак, Саколкі.

21 ліпеня 1920 г. да Луна-Волі падышла Чырвоная армія бальшавікоў.

Пачалася драматычная гісторыі абароны Луна-Волі. Больш за год цягнулася вайна польска-бальшавіцкая, якая ў ліпені 1920 г. пераходзіла ў вырашальную фазу. Польскае войска адступала пад ціскам перавышаючых сілаў ворага. Рака Нёман была натуральнай перашкодай ля наступаючых бальшавікоў. Таму менавіта тут Юзаф Пілсудскі пастанавіў правесьці адну з вырашальных бітваў і затрымаць ворага. Выконваючы загад, 17-я Вялікапольская дывізія пяхоты пераправілася на левы бераг Нёмана і распачала рыхтавацца да абароны. Уздоўж засталіся нямецкія акопы з Першай Сусьветнай вайны. Гэта палягчала палякам падрыхтоўку.

Правы бераг Нёмана быў больш высокі, што пагаршала ўмовы абароны і рабіла добрымі ўмовы для абстрэлу ворагам. 21 ліпеня 1920 г. жаўнеры 68 Вялікапольскага палка пяхоты перайшлі Нёман і зьнішчылі мост, каб перашкодзіць бальшавікам фарсіраваць раку, і занялі абарону ў Луна-Волі і ваколіцах. Дасьведчаныя ў баях, але змучаныя і з частковымі стратамі, рыхтаваліся да доўгатэрміновай абароны. Камандуючы 17 дывізіяй Станіслаў Тачак лічыў, што менавіта тут адбудзецца галоўны ўдар Чырвоных.

22 ліпеня пачаўся варожы наступ з моцнага артылерыйскага агню. Затым пяхота бальшавікоў спрабавала фарсіраваць Нёман. Удалося ім дайсьці бродам да сярэдзіны ракі, але моцны абстрэл з кулямётаў і дакладны агонь артылерыі 17 палка артылерыі палявой, які стаяў побач з пяхотай, спынілі наступ. Падчас баявых дзеяньняў камандзір 68 палка пяхоты маёр Вінцэнт Навачыньскі быў двойчы паранены. За мужнасьць атрымаў ордэн Virtuti Militari і званьне маёра. Гэтая атака яшчэ больш пераканала палкоўніка Тачака, што галоўны ўдар будзе менавіта тут. Але гэтае перакананьне было памылковым. Каля вёскі Дубна быў брод. Глыбіня ракі тут была ня больш 1 мэтра. Абарону на левым беразе займаў 70 полк пяхоты. Пасьля шматдзённых пераходаў і бітваў складаўся ён толькі з 47 афіцэраў і 413 жаўнераў, а павінен быў абараняць лінію фронту каля 7 км.

Нёман у раёне мястэчка Луна

11-я дывізія кавалерыі казакаў пад кіраўніцтвам Фёдара Марозава пераважала колькасна ў тры разы абаронцаў. 23 ліпеня бальшавікі пачалі масавую атаку. Казакам удалося фарсіраваць Нёман. Яны захапілі пляцдарм і хутка павялічылі свае сілы ў гэтым месцы. Спробы палякаў контратакаваць посьпеху ня мелі. Казакі цяпер маглі атакаваць польскія пазіцыі ля Луна-Волі з флянгу. Палякі вымушаны былі адступіць. Баі працягваліся на вуліцах Луна-Волі. Мястэчка некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі. У ваколіцах Луна-Волі казакі атачылі невялікую групу «крэсавых» стральцоў 28-га палка. Камандаваў імі маладзюткі падпаручнік Міхал Казэка. «Не паддаёмся»! – загадаў сваім жаўнерам. Бой быў кароткі і крывавы. Ніхто з абаронцаў не паддаўся. Усе загінулі.

Захоп Луна-Волі і пабудова пераправы праз Нёман прывяла да таго, што ў тыле Польскага войска апынулася вялікая колькасьць чырвонаармейцаў. Пад пагрозай акружэньня Польскае войска зноў павінна было адступіць. Баі ў ваколіцах Луна-Волі спыніліся. Фронт пайшоў на захад. Мясцовыя жыхары пахавалі забітых жаўнераў і польскіх і бальшавіцкіх. Жаўнераў войска Польскага пахавалі на каталіцкіх могілках і паставілі драўляны крыж. Жыхары ня ведалі прозьвішчаў загінуўшых.

Пасьля цуду над Віслай бальшавіцкае войска пачало ўцякаць на ўсход. Нёман зноў апынуўся ў цэнтры падзей. Стратэгі бальшавікоў спадзяваліся запыніць наступ Польскага войска менавіта на Нёмане.

Падчас Нёманскай апэрацыі ў верасьні 1920 года Луна-Воля знаходзілася на баявым шляху 3-й Пяхотнай дывізіі легіёнаў Лявона Бербецкага, якая вяла наступ ва ўсходнім кірунку.

24 верасьня рускія правялі шэраг контратак, але трапілі пад агонь польскай артылерыі. «Жаўнеры Чырвонай Арміі біліся выключна, мабыць, з-за прысутнасьці на фронце Леніна і Троцкага. 6-ая, 5-ая, 21-ая, 56-ая, 33-яя, часткі 8-й, 38-й, 27-й і 11 дывізіі пёртыя адначасова з раёна Mніхава, Бераставіцы Вялікай і Малой 3-й дывізіяй легіяновай на поўнач на пераправы нёманскія ў Мастах і Луна-Волі, пасьля зацятых адбітых контратаках на Адэльск і Бераставіцу, адступалі, спальваючы за сабой масты і зьнішчаючы дарогі, праз Нёман і далей, праз Скідаль, Зарэчча, Шчучын, Радунь, у кірунку на Ліду». (n. WARSZAWA, WTOREK 5 PAŹDZIERNIKA 1920. Żołnież POLSKI.n166). Пра прысутнасьць у Луне Троцкага піша таксама ў сваіх успамінах Іцхак Эліяшберг, жыхар мястэчка Луна: «Троцкі падчас польска-бальшавіцкай вайны спыніўся са штабам у адным з тутэйшых дамоў». Успаміны апублікавала Рут Маркус на www.shetetlinks.jewishgen.org

Чырвонаармейцы несьлі вялікія страты, таму, калі каля гадзіны 18-й палякі аднавілі наступ, яны не змаглі арганізаваць эфэктыўны супраціў і пачалі адступленьне. Перадавыя польскія войскі знаходзілі нямала кінутай зброі, што было ўспрынятае як першыя прыкметы дэзарганізацыі ў шэрагах праціўніка.

З апэратыўнага загаду 2. Арміі ад 26 верасьня вынікае, што на ўчастку 3. Дывізіі легіёнаў вораг адступіў 25 верасьня на ўсходні бераг Нёмана і 26 верасьня заняў абарону перапраў. Нягледзячы на гэта, частцы сіл 23-га палка пяхоты з 3 Дывізіі пяхоты легіёнаў удалася пад вечар 26 верасьня пераправіцца праз раку пры дапамозе хутка зробленага парому. Адначасна сапёры 3-га батальёну сапёраў пабудавалі кладку на Нёмане, па каторай ноччу пераправіўся 1. батальён пяхоты гэтага палка. “Справаздача паветранай выведкі ад 26.IX: ч. 10 м. 30 Луна: палі з моста засталіся, мост заняты. Станцыя Масты: масты ў агні. Станцыя пустая. Дарога да Жалудка непрыяцельскай 8000 пяхоты, 6 батарэй і 10000 фур.

З данясеньня Тадэуша Кутшэбы: два батальёны 3-яй ДП пераправіліся днём 26 верасьня пад прыкрыцьцём артылерыйскага агню па кладцы, пабудаванай на разбураным мосьце на ўсходні бераг Нёмана, адкінуўшы слабыя сілы праціўніка, і занялі чыгуначны вузел Масты. Тут жа прыступілі да рамонту амаль цалкам разбуранага моста пад Лунай, з мэтай пераправы артылерыі”.

25 верасьня да поўдня супраціў расейцаў слабеў з кожнай хвілінай, і толькі велізарная стомленасьць польскіх салдат затрымлівала тэмп перасьледу. У гэты дзень войскі Заходняга фронту на Нёмане – дывізіі 15-й арміі пачалі адступленьне. Увечары 6-ы батальён пяхоты легіёнаў заняў Луна – Волю.

8 гадоў пазьней, ужо ў Незалежнай Польшчы, зь ініцыятывы мясцовага настаўніка, прозьвішча якога не захавалася, жыхары Луна-Волі сабралі грошы на помнік. Так зьявіўся пастамэнт – пліта з Крыжам «Virtuti Militari» і надпісам «Невядомаму жаўнеру – чэсьць». 11 лістапада 1928 г. Магілу невядомаму жаўнеру ўрачыста асьвяціў пробашч тутэйшай каталіцкай парафіі ксёндз Мечыслаў Радзішэўскі. Вуліцамі Луна-Волі ўрачыста прамаршыраваў аркестар 81 палка гарадзенскіх стральцоў. У такі спосаб аддалі даніну павагі невядомым жаўнерам, якія паклалі жыцьцё за незалежнасьць Радзімы на беразе Нёмна ля Луна-Волі. За магілай пастаўлены ў 1998 г. крыж Стражы Польскіх Магіл з Уроцлава, загінуўшым ў баях за Радзіму ў розныя гістарычныя перыяды.

Сёлета спаўняецца 100 гадоў з тых падзеяў. Зьмяняліся межы і рэжымы, а жаўнерская магіла на цьвінтары ў Луне заўсёды дагледжаная і падчас дзяржаўных польскіх сьвятаў тут запальваюць зьнічы.

Лявон Карповіч, Луна-Воля

(захаваны стыль і правапіс аўтара)

Архіў

Сакавік 2021
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031

Відэа

праваабарончыя сайты