Навіны

Гнюсная правакацыя ў Мастах супраць Аляксандра Мілюка (відэа)

Супрацоўнікі дзяржаўных органаў працягваюць пераслед сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Аляксандра Мілюка з Мастоў. То яго затрымлівалі і апытвалі пасля падзей 29 траўня, калі ў Гародні была здзейснена правакацыя супраць Сяргея Ціханоўскага і яго паплечнікаў. То да яго дахаты прыязджалі міліцыянты з лекарамі, каб адправіць на каранцін. То безпадстаўна затрымлівала ДАІ, калі ён ехаў да бацькоў. А 3 ліпеня супраць Мілюка была здзейснена подлая правакацыя, сцэнар якой відавочна быў напісаны ў адным з кабінетаў сілавікоў. 

3 ліпеня Аляксандр Мілюк разам з малалетнім сынам вяртаўся дахаты. У цэнтры Мастоў да яго стаў чапляцца невядомы мужчына, хутчэй усяго нападпітку. Мілюк выразна казаў, каб той адчапіўся ад яго. Але неадэкватны мужчына пачаў патрабаваць нейкія грошы, штурхаць Аляксандра Мілюка і нецэнзурна выказвацца на яго адрас. Аляксандр Мілюк вёў відэазапіс таго, што адбываецца, на тэлефон. Вельмі хутка на месца правакацыі пад'ехала адразу дзве міліцэйскія машыны. На відэазапісе выразна відаць далейшыя няпраўныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.

У выніку Мілюка завезлі ў ізалятар часовага ўтрымання. Там ён прабудзе напэўна да панядзелку, пасля чаго можна прагназаваць фальшывы адміністрацыйны працэс і напэўна пакаранне Аляксандра Мілюка, які нічога не парушаў. Такія дзеянні міліцыі сведчаць пра тое, што яна займаецца не аховай правапарадку, а палітычным вышукам і пераследам іншадумцаў.

Таксама праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што сёння раніцай сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай са Скідаля Яўген Клімук быў выкліканы ў РАУС, а пазней змешчаны ў ІЧУ. Некалькі дзён таму ў яго канфіскавалі аўто і тэлефон за язду на машыне са сцягам, а сёння вырашылі "закрыць" за гэта ж правапарушэнне, прад'явіўшы арт. 23.34 КаАП. У ІЧУ ён прабудзе да панядзелку. 

Напомнім, што раней Клімука судзілі ў Гародні і суддзя Руслан Гурын засудзіў яго да 15 базавых велічынь штрафу.

Відэа

праваабарончыя сайты