Навіны

Новыя суды ў Гародні (фота, абнаўляецца)

Юліі Карначавай прысудзілі 20 базавых штрафу, пастанову па Ежы Грыгенчу агучылі а 14.30 - суддзя Ларыса Барэль засудзіла яго да 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Аднак пад арышт Грыгенчу пакуль не ўзялі. Відаць, такая новая тактыка "нейтралізацыі" грамадскіх актывістаў - трымаць у напрузе і арыштаваць у пэўны момант.

***

13 ліпеня ў Гародні ў судзе Ленінскага раёну два новыя суды ў дачыненні да грамадскіх актывістаў - судзяць Ежы Грыгенчу і Юлію Карначаву.

На абодвух міліцыя склала пратаколы паводле нібыта ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве - на Грыгенчу 23.34, частка 3 (паўторна), на Карначаву - 23.34 частка 1 КаАП.  Актывістаў пераследуюць за ўдзел у “Ланцугу салідарнасці”, што прайшоў у Гародні 19-га чэрвеня.

На працэс прыехала з Менску прэтэндэнтка ў кандыдаты на прэзідэнта Ганна Канапацкая, прысутнічаюць таксама праваабаронцы.

У залі, дзе судзяць Ежы Грыгенчу, каля 30 чалавек. Суддзя Ларыса Барэль. Сведкамі выступаюць, як ужо заганна павялося пры разглядзе такіх спраў, міліцыянты Сядач і Панкратаў.

Ежы Грыгенча назваў складзены пратакол "фількінай граматай", на ім няма ніякіх подпісаў, а тэкст увогуле не зразумелы. Грыгенча сказаў, што яго не азнаёмілі з пратаколам і ўвогуле ён падроблены. Хадайніцтва пра азнаямленне з матэрыяламі справы суддзя задаволіла, хоць прадстаўнік органу, які вядзе працэс, Максім Кашкевіч быў супраць. У судовым працэсе абвешчаны перапынак. 

Сраву Юліі Карначавай разглядае суддзя Руслан Гурын, ведамы сваімі шматлікімі карнымі пастановамі ў дачыненні да грамадскіх актывістаў.

Пасля перапынку Ежы Грыгенча заявіў хадайніцтва, каб адправіць пратакол на экспертызу, паколькі арыгінал і копія пратаколу істотна адрозніваюцца, у пратаколе былі зроблены дапіскі. Прадстаўнік міліцыі супраць, Барэль не задавальняе хадайніцтва. Грыгенча заяўляе яшчэ адно хадайніцтва, каб выдаліць з матэрыялаў справы сумнеўныя матэрыялы, паколькі невядома адкуль узялося відэа сачэння за ім і хто даў такое права на відэаздымку. Суддзя не задаволіла хадайніцтва. Пасля гэтага Грыгенча заявіў, што справа сфабрыкаваная і мае вылучна характар палітычнага пераследу, нешта гаварыць далей няма сэнсу, застаецца маўчаць. Грыгенча кажа, што ён як давераная асоба кандыдата збіраў подпісы, а яго вінавацяць у незаконным пікеце. далей працягваецца звычайны працэдурны фарс са сведчаннямі міліцыянтаў. Грыгенча заяўляе, што тым, хто займаецца супрацьпраўнымі дзеяннямі рана ці позна давядзецца адказваць перад народам і законам.

Прадстаўнік міліцыі не змог патлумачыць, чаму на многіх дакументах адсутнічаюць подпісы.

У судовым паседжанні па справе Ежы Грыгенчы абвешчаны перапынак да 12.30.

Пасля аднаўлення працэсу Ежы Грыгенча адмовіўся сядзець на адных лаўках з прадстаўнікамі міліцыі, якія хлусяць. Грыгенчу далі магчымасць сесці ў іншым месцы. Быў выкліканы як сведка намеснік начальніка аддзелу аховы правапарадку Ленінскага РАУС Вадзім Налівайка. Ён не змог патлумачыць, чаму ў пратаколе нібыта адміністрацыйнага правапарушэння няма яго подпісу. Пацвердзіў толькі, што гэта ён складаў пратакол.

У працэсе абвешчаны чарговы перапынак - да 14.15.

Суддзя Руслан Гурын на іншым працэсе выдаліў з судовай залы Мікалая Саляніка, паколькі той не ўстаў, калі Гурын зайшоў у залу. Гурын выклікаў міліцыянтаў і Саляніка выцягнулі з залы сілай.

 

Відэа

праваабарончыя сайты