Навіны

Дзяржава без мовы

Гляджу тэлебанне зрэд часу, Інтэрнэт, чытаю газеты і часопісы, якія штодзённа асвятляюць выбары і дзейнасць прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Слухаю гэтых асобаў, бачу іх на экранах тэлевізараў і камп’ютараў, папяровых выданнях – усе прыгожыя, дагледжаныя і шчаслівыя. З вуснаў сённяшняга са стажам прэзідэнта да іншых кандыдатаў льецца шмат розных абяцанкаў-цацанкаў, крыўдаў і надзей. Ну, як заўсёды падчас выбараў. Гляджу на іх, слухаю і думаю, ці то я ў Расеі жыву, ці пад акупацыяй Расеі даўно – аніводнага беларускага слова ад іх не пачуў. І не чую, хаця жыву ў еўрапейскай незалежнай краіне, якая называецца Рэспубліка Беларусь. Дзяржава ёсць, а мова знішчаецца. Еўрапейская вялікая дзяржава без мовы.Нонсенс...

Прачытаў у “Народнай газеце” вялікі артыкул доктара філалагічных навук, прафесара Вячаслава Рагойшы пра беларускую мову на старонках раённых газет. Вядомы прафесар БДУ б’е ва ўсе званы і пытаецца, што ж гэта робіцца сёння?.. Амаль цалкам на старонках усіх раённых і абласных газет  адсутнічае родная мова, толькі загалоўкі газет засталіся па-беларуску, а тэксту – 10%. А яшчэ мяне здзівіла тое, што і Пухавіцкая раёнка выдаецца амаль цалкам па-расейску. І рэдактарам гэтай раёнкі з’яўляецца былая філфакаўка БДУ, паэтка, сяброўка ўніверсітэцкага літаб’яднання “Узлёт”, якім кіраў прафесар Алег Лойка, Вольга Савасцюк. Спадарыня Вольга са школы піша вершы па-беларуску, выдала некалькі кніг на роднай мове, а сваю раёнку зрабіла расейскамоўнай. Каму, як ні ёй асабіста, паказваць сёння прыклад у любові і павазе да роднай мовы?..

У мінулую суботу ў Аляксандрыі адбылося Купалле, куды былі запрошаны і расейскія спевакі Дзяніс Майданаў і Стас Міхайлаў. Майданаў прызнаўся, што рады выступаць на Магілёўшчыне, скуль родам быў яго бацька. І мы рады былі б, спадар Майданаў, калі б вы прыехалі на радзіму бацькі і выканалі адну ці дзве песні па-беларуску. Але ж вам ў галаву і блізка такая думка не прыйшла. І вы з Міхайлавым сюды ніколі не прыехалі б, калі б вам не заплацілі за гэтыя, некалькі песень расейскай прымітыўнай папсы, шалёныя грошы. А ў Беларусі Таварыства беларускай мовы шукае сродкі, каб заплаціць за арэнду памяшкання. А вам, расейцам, плаціць наша ўлада вялікія грошы за вашы, нам не патрэбныя, выступленні. А ў нас, у роднай Беларусі, за памяшканне ТБМ няма чым заплаціць.

Я вас ні ў чым не абвінавачваю спадары-расейцы, кожны ў гэтым жыцці круціцца і выжывае па-свойму. І кожны, як умее, зарабляе грошы. Іншая справа, што нашы грошы дзяржава выдаткоўвае не туды куды трэба і каму трэба. Найперш – гэта вам, але за што?..

Адчуваю, што пасля выбараў зноў найгорш будзе маёй роднай мове, хто б з гэтых прэтэндэнтаў не стаў прэзідэнтам. Народ і мова – адзіны. Няма мовы – няма народа. А калі здзек і непавага да роднай мовай будуць працягвацца, то дрэнна будзе і майму народу.

Сяргей Чыгрын

Відэа

праваабарончыя сайты