Навіны

А суддзі нашто?

У сённяшняй Беларусі ў суды можна хадзіць як у тэатры абсурду. З той, аднак, істотнай розніцай, што тэатр – гэта ўсё ж гульня актораў, за якую плацяцца параўнальна невялікія грошы. Суды ж Рэспублікі Беларусь – гэта такія “тэатры”, дзе тых, каго судзяць – караюць альбо агромністымі грашовымі штрафамі альбо так званым адміністрацыйным арыштам ва ўмовах, дзе адпачыць ад штодзённай мітусні ніяк не ўдасца. 

Як казаў літаратурны герой незабыўнага чэшскага пісьменніка Яраслава Гашака: трапіў у лапы правасуддзя – справа дрэнь. Спадзявацца на нейкія юрыдычныя, маральныя ці сэнсавыя нормы ў гэтых судах не даводзіцца. Да поўнага абсурду, калі б і адвакаты ў сваіх выступах казалі пра поўную вінаватасць падабаронных, яшчэ не дайшло. Яны, адвакаты, сумленна выконваюць сваю працу, прыводзяць довады і доказы невінаватасці людзей, але сэнс усёй іх карпатлівай юрыдычнай працы на гэтым бязлітасным карным судовым канвееры проста губляецца. Урэшце ў канцы ўсіх гэтых працэсаў узнікае натуральнае пытанне – навошта патрэбныя гэтыя суддзі ўвогуле, яны ківаюцца як кітайскія балванчыкі і ўся іх місія – гэта агучыць урэшце карныя пастановы. А па-сутнасці міліцыянты хапаюць людзей на вуліцы, самы складаюць на іх пратаколы, самы абвінавачваюць і самы сведчаць на судзе (ніякія іншыя сведкі непатрэбныя ім зусім). Лагічна было б скараціць увогуле гэтых людзей у чорных мантыях. Няхай бы міліцыянты самы і прысуджалі тое, што ўжо вызначана заранёў у іншых кабінетах палкоўнікамі, якія кіруюць спецаперацыямі па зачыстцы цэнтраў беларускіх гарадоў ад грамадзян, усё злачынства якіх толькі ў тым, што яны хочуць рэалізаваць свае канстытуцыйныя правы.

Вось і ў гэтую выбарчую кампанію мноства людзей у розны спосаб церпяць ад пераследу паводле сваіх палітычных перакананняў. Фармальна еўрапейскі карабель пад назвай Беларусь усё бліжэй дрэйфуе да такіх азіяцкіх “узораў дэмакратыі” як Узбекістан, Туркменістан і ім падобныя. 29 траўня пасля правакацыі ў дачыненні да блогера Сяргея Ціханоўскага сілавікі ў Гродне схапілі разам з ім дзясятак людзей. Сярод іх і блізкія паплечнікі апазіцыянера, які набраў значную папулярнасць і звычайныя прыхільнікі, якія прыйшлі падпісацца за вылучэнне Святланы Ціханоўскай (хто не ведае ці забыўся – самому Сяргею Ціханоўскаму не далі шанцу зарэгістравацца кандыдатам). Каго схапілі проста на крэсле, калі ён ціха збіраў подпісы, каго загрэблі толькі таму, што знаходзіўся непадалёк Ціханоўскага. Цяпер усе яны праходзяць па крымінальнай справе і зняволены ў Мінску. У сталіцы нашай шчаслівай радзімы ў сапраўдных катавальнях знаходзіцца і шэраг беларускіх ведамых палітыкаў. Іх бесперапынна судзяць, кідаюць у карцар, ствараюць невыносныя і нялюдскія ўмовы турэмнага зняволення. Над Міколам Статкевічам, Паўлам Севярынцам, іншымі чыняцца здзекі, а паралельна дзяржаўныя прапагандысты святкуюць 75-ыя ўгодкі вызвалення ад фашызму. У гэты час людзей катуюць у карцарах у мінскіх турмах. Пра ўмовы зняволення расказваюць тыя, каго выпусцілі, прыкладам рэжысёрка Вольга Нікалайчык. Выпусцілі, каб потым зноў пасадзіць. У турмах холадна, вошы, людзям не даюць піць, нармальна спаць, забіраюць асабістыя рэчы.

Больш 20 чалавек у Беларусі ўжо прызнаныя палітвязнямі, фактычна іх яшчэ больш. Сотні тых, хто выходзіў на вуліцу на знак салідарнасці з незаконна зняволенымі, засуджаныя да штрафаў і арыштаў. А суддзі выходзяць і судзяць, судзяць, судзяць. І не чырванеюць, схаваўшы свой сорам далёка ў нейкую глыбінную незгаральную шафу. А міліцыянты прыходзяць на судовыя паседжанні і хлусяць, хлусяць, хлусяць. Праўда, часта блытаюцца ў сваіх сведчаннях і ўсё гэта выглядае яшчэ агідней. А фігурныя дагледжаныя судовыя сакратаркі гэтыя сведчанні акуратна занатоўваюць – папера ўсё сцерпіць. Напэўна тыя, хто насамрэч здзяйсняюць парушэнні заканадаўства, думаюць, што ім не давядзецца некалі адказваць за свае дзеянні. А можа спадзяюцца, што ўсе гэтыя дакументы будуць знішчаны. Хоць у эпоху інтэрнэту і лічбавых тэхналогій спадзявацца на гэта марна. Ачысціцца ад грахоў ілжэсведчання і крывадушнасці будзе яшчэ цяжэй. Але пакуль летапіс пераследу і рэпрэсій доўжыцца. 

Уладзімір Хільмановіч

Відэа

праваабарончыя сайты