Навіны

Нешта каронавыбарчае

Я ўжо практычна спыніў вядзенне свайго каронаблога, бо тэма каронавірусу саступіла тэме выбараў. Але адбыліся дзве падзеі, якія з'ядналі гэтыя тэмы. Адсюль і нарадзілася гэтая публікацыя, якую не ведаю як назваць. Таму назаву яе папросту “Нешта каронавыбарчае”.

Якія ж падзеі я маю на ўвазе? Адна ўжо тыднёвай даўніны - знішчэнненне назірання за галасаваннем, нібыта з-за эпідэміі Covid. А іншая навіна свежанькая. Сам вечны “прэзідэнт” абвясціў, што перахварэў на каронавірус (на псіхоз, калі карыстацца ягоным ўласным вызначэннем гэтай хваробы). Пры гэтым заявіў, што належыць да той кагорты з 97% (!), што пераносяць хваробу бяз сымптомаў. Лічба гэтая мяне трохі напружыла. Сам прыдумаў ці ідэёлагі падказалі? У Фэйсбуку ўжо разгарнулася дыскусія – “врот ці не врот”? Хаця, па-сутнасці, нам якая розніца? Хай тыя турбуюцца, хто яму руку нядаўна паціскаў. Хіба ж рукі пасля ня мылі, каб святы дотык ня змыць.

Некалькі дзён таму, адразу пасля ўвядзення абмежавання колькасці назіральнікаў (чытай - адмены незалежнага назірання), я запісаў відэа для YouTube ( https://youtu.be/LPUfA3uTEmU ), у якім параіў Святлане Ціханоўскай зняцца з выбараў і пакінуць у бюлетэні аднога Лукашэнку. Ну добра, не зусім самотнага. Разам з тройкай кандыдатаў, чый агульны рэйтынг не перавышае статыстычнай пагрэшнасці. Гэта быў бы моцны пратэстны крок палітыка. Але Ціханоўская - не палітык, яна жонка Сяргея і спадзяецца праз выбары выцягнуць яго з турмы. Па-чалавечы гэта зразумела. І лозунг “Ісці да канца!” здаецца прыгожым. Але ніхто сабе добра не ўяўляе, дзе ён, той канец. І як той канец выглядае. І самае крыўднае - ніхто не хоча паспрабаваць зазірнуць у будучыню. Бачанне абмяжоўваецца 9-ым жніўня і на гэтым карцінка абрываецца. І аднаўляецца недзе там, далей у ружовай далечыні, з Святланай ужо ў якасці прэзідэнта, якая вяртае краіну да дэмакратыі. А вось што будзе адбывацца ў дзень выбараў ды непасрэдна пасля іх, амаль не абмяркоўваецца. Большасць ужо разумее, што агучаныя лічбы будуць абсалютна і брутальна фальшывыя. Працэнтаў 70 ці болей за цяперашняга гаранта. Хаця, на маю думку, могуць і 68-69% намаляваць, каб менш злаваць людзей. Гэтакі маркетынгавы ход. Як на цэнніках 9,99 рублёў замест 10-ці. У пачатку выбарчай кампаніі існавала пэўная надзея, што значная колькасць назіральнікаў на ўчастках можа прымусіць выбарчыя камісіі лічыць больш-менш сумленна. Асабліва калі сярод назіральнікаў былі б знаёмыя, суседзі, былыя вучні. Цяпер гэтая магчымасць закрэслена. Што застаецца? Стаяць пад дзвярыма і лічыць галасы за Ціханоўскую па белых стужках на руцэ? Ну дык магу з упэўненасцю сказаць, што такую стужку надзене не больш за 10-15% выбаршчыкаў. Не, за Ціханоўскую рэальна прагаласуе ў разы больш - але стужку не надзенуць. Бо неяк па-дзіцячы гэта выглядае. А беларусы лічаць сябе людзьмі сур'ёзнымі. Нацыянальная псіхалогія. Яе трэба ўлічваць. Гэтак сама, як яе трэба было ўлічваць, перш чым заклікаць да грукання ў каструлі ды тазікі на балконах. Гэты так званы флэшмоб паспяхова праваліўся. Хаця адзін вядомы сайт працягвае сцвярджаць, што ад грукання ў каструлі ў 19.00 сатрасаецца і прачынаецца ўся Беларусь. Ну можа з Варшавы лепш чуваць?

Дык вось працягну пра белыя стужкі. Гэта толькі можа даць Лукашэнку нагоду для кпінаў, як зрабіў гэта ягоны пабрацім Пуцін у 2011 годзе. Нагадаю, тады быў заклік да ўдзельнікаў мітынгаў пратэсту прычапіць да адзення белыя стужкі. І што ж сказаў Пуцін? А вось што: "Я когда увидел на экране чё-то такое у некоторых вот здесь вот на груди, честно вам скажу - неприлично, но тем не менее - я решил, что это пропаганда борьбы со СПИДом, что это такие, пардон, контрацептивы повесили. Думаю, зачем развернули только, непонятно. Но потом присмотрелся - вроде нет". Ну вы можаце сабе ўявіць не заангажаваную ў палітыку пенсіянерку ці звычайнага рабацягу з мінскага трактарнага ці то з гродзенскага Хімвалакна, якія выразаюць з паперы ды прыладжваюць сабе на руку нейкую стужку? Асабіста я - не магу.

Іншая ініцыятыва - фатаграфаваць бюлетэні ды адсылаць фота на нейкі інтэрнэт-рэсурс, на першы погляд цікавая. Але рэалізацыя яе, як паказвае жыццё, не падрыхтаваная. Па-першае, каб там зарэгістравацца, трэба знайсці свой выбарчы ўчастак. А пошук участка па адрасе не заўсёды працуе - ва ўсякім разе, мой адрас сістэма не знаходзіць. Хаця ён самы звычайны, у спальным мікрараёне. Па-другое, няма дакладнай адназначнай пакрокавай інструкцыі, што і як рабіць. На сайце і на чат-боце - розныя інструкцыі. Фатаграфаваць толькі бюлетэнь? Ці разам з пашпартам? Ці з сэлфі? Адзін бок бюлетэню ці абодва? Нават я - чалавек, які пагружаны ў палітычныя навіны - не ведаю адказу. Па-трэцяе, інфармацыя пра гэту ініцыятыву распаўсюджваецца выключна ў сацыяльных сетках ды Тэлеграм-каналах. Якая доля насельніцтва іх чытае? А дзе друкаваныя ўлёткі з інструкцыямі ў паштовых скрынках? Гэта праблемна, разумею. Але без гэтага - поспеху такога паралельнага падліку не будзе. Хтосьці раздрукуе паўсотні-сотню ўлётак на ўласным прынтэры, так. Але ж гэта не вырашэнне пытання... На момант напісання гэтага тэксту на платформе Голас зарэгістравана 512 тыс. выбаршчыкаў, і наўрад ці гэтая лічба перакрочыць 1 мільён... І што гэта дае?

Ну і вернемся да дня выбараў і асабліва да вечара пасля закрыцця ўчасткаў . Зразумела, што інтэрнэт і асабліва Тэлеграм-каналы будуць блакаваць. Вопыт ўжо маем. Ну дапусцім, што так ці йначай на вуліцы Мінска выйдуць тысяч 150 людзей. Будзем рэалістамі - гэта найвышэйшая колькасць, якую я сабе магу ўявіць. Што яны будуць рабіць і што будзе рабіць ўлада? Пра ўладу я ведаю - яны адгародзяцца ад натоўпу АМАПам ды ўнутранымі войскамі. А вось што будуць рабіць людзі, якія выйдуць пратэставаць? Нават калі ім дадуць магчымасць недзе сабрацца разам? Ёсць у лідэраў аб'яднанага штабу нейкі план пратэстных дзеянняў? І мужнасць іх ажыццявіць? Нешта мне падказвае, што будзе прыкладна так: выйдуць Марыя Калеснікава з Максімам Знакам, скажуць: "Дзякуй за падтрымку! Мы падаем заўтра скаргу на фальсіфікацыю выбараў!" (Куды яны будуць скардзіцца - маёй фантазіі не хапае, але ў іх фантазія багацейшая...) І далей - "Мы пераможам! Захоўвайце спакой!" І скруцяць сардэчка з пальцаў. А людзі паступова будуць сыходзіць з вуліцаў. Бо нават самы апантаны чалавек мусіць адпачываць, нешта есці ды, прабачце, спраўляць свае фізіялагічныя патрэбы. Хто-небудзь у аб'яднаным штабе пра гэта думае? Маю падазрэнне, што не... І калі застанецца на плошчы тысяч 15 - пачнецца гвалт ды хапун. "Чтоб другим впредь неповадно было". І пляваць Лукашэнка хацеў на чарговае "выказванне занепакоеннасці"  з боку Еўразвязу ці каго там яшчэ.

Што ж застаецца рабіць нам у гэтай сітуацыі? Ціханоўская заявіла, што здымацца не будзе. Гэта азначае, што людзі на  "выбары" пойдуць, пустых выбарчых участкаў не будзе. Застацца сядзець у хаце, каб быць "чысценькімі", на мой погляд - не лепшы варыянт. Асабіста я пайду і "галасаваць", і пратэставаць супраць фальсіфікацыі. Наколькі моцным будзе мой пратэст - і пратэст іншых людзей - залежыць ад наяўнасці волі і мужнасці ў лідэраў "штабу". Але пакуль я бачу шклянку напалову пустой, а не напалову поўнай. На жаль...

Архіў

Жнівень 2020
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты