Навіны

Перадвыбарчы мітынг Святланы Ціханоўскай у Гародні (фотагалерэя)

У Гародні 1 жніўня ў Каложскім парку прайшоў перадвыбарчы мітынг Святланы Ціханоўскай. На ім прысутнічала па розных ацэнах ад 5 да 10 тысяч чалавек. Удзельнікі кампаніі "Правабаронцы за свабодныя выбары" вялі маніторынг сустрэчы. Яна праходзіла ў спакойнай атмасферы. На мітынгу было шмат нацыянальнай бел-чырвона-белай сімволікі ў розных формах і толькі хіба адзін чырвона-зялёны сцяг. Яшчэ адна бабулька хадзіла з чырвоным сцягам СССР і георгіеўскай стужкай.

Святлана Ціханоўская пачала свой выступ па-беларуску, яна прывітала прысутных і былы каралеўскі горад, горад Рэчы Паспалітай і ВКЛ. Але пасля Ціханоўская перайшла на расейскую мову. У пачатку прамовы людзі скандавалі "Жыве Беларусь!". Ціханоўская ўзняла праблему палітвязняў як цэнтральную праблему гэтай выбарчай кампаніі. У гэты момант прысутныя скандавалі "Свабоду!". Выступ Ціханоўскай скончыўся пад воклічы "Мы з табой!".

Наступнай выступала Марына Калеснікава, кіраўнічка былога выбарчага штабу Віктара Бабарыкі. Яна выступала больш доўга, на пачатку таксама прамовіла некалькі сказаў па-беларуску. Калеснікава казала пра турыстычны патэнцыцял Гародні і пра тое, што ўлада яго не выкарыстоўвае, ня дбае пра архітэктурныя скарбы Беларусі. Потым яна распавяла пра свой шлях у палітыку, сказаўшы, што яшчэ тры месяцы таму яе ўсё задавальняла і яна адчувала сябе шчаслівым чалавекам. Калеснікава выказала ўпэўненасць, што перамены блізка і яны абавязкова прыйдуць.

Апошняй з жаночага трыюмвірату выступала Вераніка Цапкала. Яна шмат казала пра свайго мужа Валерыя Цапкалу, пра падтрымку гарадзенцаў пры зборы подпісаў. А напрыканцы свайго выступа прачытала знакаміты санет Максіма Багдановіча - "Паміж пяскоў ягіпецкай зямлі...".

Напрыканцы на авансцэну выйшаў Віктар Шумель, кіраўнік ЦСК "Нёман", які днямі выступіў супраць пазіцыі афіцыйных прафсаюзаў. Прысутныя горача віталі гарадзенскага "франдзёра". Шумель заклікаў людзей адкінуць свой страх і больш не баяцца.

Завяршыўся мітынг песняй "Муры", публіка спявала разам, гучала гэта досыць кранальна.

Адзін з ветэранаў беларускага руху ў Гародні Мікола Лемяноўскі

Тая сама экзатычная бабулька ў чырвоным сцягу

На мітынгу было шмат маладых людзей, сем'яў, многія былі з дзецьмі

"Верым, можам, пераможам"

Найбольш вялікі сцяг мітынгу

 

 

 

 

 

Архіў

Жнівень 2020
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты