Навіны
Любім, можам, пераможам
Зараз у нас у поўным разгары каляндарнае лета. У гэтым годзе спадарожнічаюць яму не менш гарачыя прэзідэнцкія кампаніі ў Польшчы і Беларусі. І калі польскія выбары за намі і памаленьку эмоцыі змагання зыходзяць з абодвух супрацьстаўных лагераў, то ў Беларусі пік эмоцый узрастае да максімуму і прыпадзе на найбліжэйшую нядзелю, 9 жніўня. Тое, што адбывалася ў польскай дзяржаве ў рамках дэмакратычных працэдур выбарчай кампаніі, вызваліла неверагодны мабілізацыйны патэнцыял грамадства і паказала ўнутраныя ў ім падзелы. Добра, што ўрэшце прэзідэнт Анджэй Дуда і ягоны канкурэнт паціснулі сабе рукі ў знак прызнання дэмакратычнага выбару кіраўніка дзяржавы, але таксама ўказалі на патрэбу ўзаемнай пашаны паміж людзьмі розных палітычных поглядаў, бо вядома здаўна, што кожная ўнутраная вайна ў грамадстве ў далейшай перспектыве да нічога добрага не прывядзе. Застаецца верыць у лепшае, асабліва ў кантэксце выклікаў праблем сусветнага маштабу, якія не за гарамі і лясамі, але ўжо ў нас. Справа перш за ўсё ў вяртанні хвалі захворванняў каранавірусам, якая супадзе з восеньскім грыпозным сезонам. Эпідэміёлагі краіны б’юць трывогу па прычыне неадказных паводзін грамадства. Не без віны тут і палітыкі ўсіх кірункаў, якія выбарчую кампанію праводзілі без аглядкі на дзейныя законы, але ніхто не аштрафаваў за дапушчаныя імі парушэнні. Да гэтага поўная няўпэўненасць у тым, як другую хвалю пандэміі вытрымае сусветная гаспадарка. Пытанняў і сумненняў шмат, а адназначных адказаў ад уладароў гэтага свету не атрымліваем. З кожным днём штораз больш пытанняў і сумненняў спараджае выбарчы працэс у Беларусі. Беларускае грамадства кінула выклік перш за ўсё сістэме фальшывага падліку галасоў і вечнага кіравання краінай Аляксадрам Лукашэнкам. Шматтысячныя мітынгі з удзелам жаночага трыо з аб’яднаных выбарчых штабоў — Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і Веранікі Цапкалы натхнілі беларускае грамадства на веру ў магчымасць перамен дзякуючы выбарчаму бюлетэню. Натхнілі на надзею, якая адбіралася гадамі сістэмай, створанай цяперашнім кіраўніком рэспублікі на працягу дваццаці пяці гадоў — сістэмай страху, поўнай дэбеларусізацыі, палітычнай і фізічнай расправы над інакш думаючымі. Таму невыпадкова ў адказ на ўсю лукашэнкаўскую палітыку мітынгоўцы крычаць „Перамены” і „Любім, можам, пераможам”. Ад усходу і да захаду Беларусі з абласных гарадоў, малых мястэчак і вёсак ідзе адназначны пасыл: „не” для такой улады і такой Беларусі. А ўлада пакуль дзейнічае па адпрацаванай сістэме — штрафныя батальёны Лукашэнкі папаўняюцца на канвееры судовых арыштаванняў і штрафаў, заложнікаў унутранай і замежнай палітыкі.
Увесь час ізалююць актывістаў на час прэзідэнцкіх выбараў — затрымліваюць іх для адбыцця раней прызначаных арыштаў. Пра гэта паведамляе праваабарончы сайт spring96.org. Затрыманні адбыліся ў Менску, Воршы, Наваполацку, Берасці, Слуцку і іншых гарадах. Паводле звестак праваабаронцаў, ад пачатку выбарчай кампаніі 204 чалавекі асуджаны ў агульнай складанасці на 2937 сутак арышту па адміністрацыйных артыкулах, выкарыстаных у мэтах палітычнага пераследу. 367 чалавек атрымалі штрафы агульным памерам амаль у 285 000 рублёў (гэта больш як 116 000 долараў ЗША). Праваабаронцам вядома як мінімум пра 1277 выпадкаў адвольных затрыманняў, якія адбыліся з 6 траўня па 31 ліпеня.
Такому становішчу рашучае „не” выказвае зараз беларускі народ. Калі дзякуючы інтэрнэт-стрымам я глядзеў большасць перадвыбарчых мітынгаў, дык яшчэ адно дайшло да мяне: гэтай энергіі і годнасці не забраць ужо з душ мітынгуючых беларусаў. Не забраць нікому тых мар аб свабодзе і мурах, якія рухнуць раней ці пазней. Гэтая атмасфера сталася чарговым, неверагодным зарадам для пакаленняў, якім прыйдзецца адстойваць незалежную Беларусь. Ніхто сёння не ў змозе прадказаць, што адбудзецца 9 ці 10 жніўня, адразу пасля галасавання. Пры ўсёй геапалітычнай складанасці на постсавецкай прасторы правакацыі тут не выключаны. Але адно чутнае — прытухлая лукашэнкаўская сістэма ўжо так смярдзіць, што ейным агідным пахам ніхто не хоча дыхаць.
Яўген Вапа