Навіны

Арышт прыхільнікаў Ціханоўскай у Смаргоні і Ашмянах

Грамадскі актывіст Аляксандр Паплаўскі, які распаўсюджваў агітацыйныя ўлёткі кандыдата Святланы Ціханоўскай, быў сярод арганізатараў трох афіцыйных мерапрыемстваў у Смаргоні ў падтрымку дадзенага кандыдата, пастановай суда Смаргонскага раёна ад 07.08.2020 абвінавачаны ў хуліганстве і асуджаны на 7 сутак арышту.
Хуліганствам прызнаны факт фотаздымкі вывешанага для ўсеагульнага ведама пратакола дзённага галасавання ў выбарчай камісіі №16 у Смаргоні без дазволу яе старшыні Алены Атцецкай (начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкаму). Гэта асоба заяўляла, што яна гаспадар у камісіі, а таму у яе трэба браць дазвол на фатаграфаване. Відавочна таксама, у што ў вінаватасць залічана тлумачэнне актывістам старшыні камісіі адказнасці паводле Крымінальнага кодэкса ў выпадку фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Як быццам, ён сваімі дзеяннямі сарваў працу камісіі.
Як адзначае праваабаронца Алесь Дзергачоў, працэс насіў відавочна абвінавачвальны характар і суправаджаўся небывалымі мерамі бяспекі з боку супрацоўнікаў міліцыі.
Так, яшчэ да пачатку працэсу старшыня суда Людміла Пятрова, якая разглядала справу, забараніла дзяжурнаму прапускаць у суд каля 15 неабыякавых грамадзян, якія імкнуліся патрапіць на працэс, бо ўжо ведала, што зробіць яго зачыненым, паколькі ад Алены Атцецкай паступіла адпаведнае хадайніцтва. Хоць пытанне зачыненасці працэсу павінна вырашаецца толькі пасля пачатку судовага працэсу і афіцыйнага разгляду хадайніцтва. Да гэтага моманту маюць права прысутнічаць на працэсе ўсе ахвотныя.
З нагоды забароны прайсці на судовы працэс грамадзяне у адпаведнай кнізе суда напісалі 5 скаргаў на дзеянні старшыні.
Задоўга да пачатку працэса ля прыступак суда пачалі дзяжурыць два супрацоўнікі міліцыі, якія пільна сачылі за групай. Відавочна, гэтага падалося недастаткова, а таму двумя аўтамабілямі Смаргонскага РАУС быў блакаваны праезд ад вуліцы Іванова да вуліцы Танкістаў. Але і гэта яшчэ не ўсё. Як паведаміла сяброўка Аляксандра Марына, хаця судзілі Аляксандра ў зачыненым судовым працэсе, але у памяшканні, дзе праходзіў працэс, знаходзілася аж 4 супрацоўнікі міліцыі. На хадайніцтва прыцягваемага да адказнасці выдаліць іх, суддзя адказала, што яны тут прысутнічаюць дзеля яго бяспекі (!) і не задаволіла хадайніцтва.
Аляксандр у судзе заявіў хадайніцтва дапусць да ўдзелу ў працэсе ў якасці прадстаўніка сваю маці, якая прысутнічала ў судзе. У такім выпадку паводле працэсуальнага заканадаўства ён мусіў прадставіць доказы сваяцтва (пасведчанне аб нараджэнні). Для гэтага трэба было аб’яўляць перапынак. Але суддзя, відавочна, настолькі была заклапочана абвесціць карную пастанову (а можа заказ?), што паверыла на слова.
Напярэдадні ўвечары ў доме бацькоў актывіста, відавочна, у рамках адміністрацыйнага працэсу аб хуліганстве (!), міліцыя зрабіла агляд.

Яшчэ адно затрыманне адбылося ў Ашмянах.

Дзяніс Рымашэўскі, які адзначыўся нашэннем бел-чырвона-белага сцяга падчас правядзення ў Ашмянах перадвыбарчага мерапрыемства ініцыятыўнай групай Ціханоўскай, наведаў шматтысячны мітынг на менскім Бангалоры, а таксама пабываў на той плошчы 6 жніўня, затрыманы.
Як паведаміў яго бацька, сына затрымалі супрацоўнікі ДАІ 7 жніўня на ўездзе у Ашмяны, калі ён вяртаўся дадому з Менскк на аўтамабілі, на якім развозіць прадукты харчавання. У мясцовым РАУС бацьку паведамілі, што сын затрыманы па адміністрацыйнай справе.
Зразумела, што паколькі цягам трох гадзін яго не выпусцілі, то, відавочна, Дзяніс сустрэне дзень так званых выбараў за кратамі.

Відэа

праваабарончыя сайты