Навіны

110 гадоў з дня нараджэння Ларысы Геніюш

Ларыса Геніюш – гэта гонар і сумленне беларускай нацыі, асобы такога маштабу ў кожным народзе нараджаюцца сапраўды можа раз у сто гадоў. Нарадзілася Ларыса Міклашэвіч 9 жніўня 1910 года ў маёнтку Жлобаўцы каля Воўпы (Ваўкавыскі раён). Паходзіла з заможнай сялянскай сям’і Антона Міклашэвіча. У 1919-20 гадах вучылася ў Гудзевіцкай школе. У 1928 г. скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію. Выйшла замуж за Янку Геніюша і ў 1937 г. пераехала ў Прагу, дзе ён вучыўся, а потым працаваў лекарам. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР, быў арыштаваны бацька Ларысы Геніюш. Неўзабаве, па кароткім зняволенні ў гродзенскай турме, яго расстралялі. Маці Ларысы Геніюш і двух яе сясцёр выслалі ў Казахстан.

У 1937-1947 гадах паэтка жыла ў Празе. Наладзіла сувязі з беларускай эміграцыяй, удзельнічала ў працы ўраду БНР на эміграцыі. У сакавіку 1943 г. стала Генеральным сакратаром ураду і займалася захаваннем і парадкаваннем архіву БНР. Апекавалася беларускімі эмігрантамі, палітычнымі уцекачамі, ваеннапалоннымі ў Германіі.

З 1945 г. савецкія ўлады дамагаліся экстрадыцыі Геніюшаў, ставячы ім у віну “антысавецкую нацыяналістычную дзейнасць” у час вайны. Пад канец 1947 г. Ларыса Геніюш перабралася з мужам з Прагі ў Вімперк. 5 сакавіка 1948 года іх арыштавалі, а 12 жніўня разам з мужам перадалі савецкім уладам. Геніюш была зняволена ў савецкіх турмах Вены і Львова, з канца 1948 г. у турме ў Менску, дзе яе дапытваў міністр Дзяржбяспекі БССР Цанава, які безвынікова патрабаваў ад яе перадаць архівы БНР.

У лютым 1949 г. Вярхоўны Суд БССР прыгаварыў Ларысу Геніюш да 25 гадоў зняволення ў лагерах. Да такога ж тэрміну быў прыгавораны і яе муж Янка Геніюш. Пакаранне паэтка адбывала ў лагерах Інты і Абедзе (Комі АССР) і ў Мардоўскай АССР.

У 1956 г. разам з мужам паэтка была часткова рэабілітавана, тэрмін пакарання зменшылі да 8 гадоў, якія ўжо прайшлі з моманту прысуду. А пасля вызвалення яны пасяліліся на радзіме мужа ў Зэльве. Ларыса Геніюш прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства, засталася грамадзянкай Чэхаславакіі. Дом Геніюшаў у Зэльве быў прыцягальным асяродкам для творчай моладзі Беларусі. Нягледзячы на нагляд КГБ, частымі гасцямі ў Зэльве бывалі паэты і пісьменнікі, мастакі і навукоўцы.

Вершы Ларыса Геніюш пісала яшчэ ў гімназіі, друкавацца пачала ў 1939 г. у беларускіх перыядычных выданнях “Раніца”, “Беларускі работнік”, “Новы шлях” і іншыя. У 1942 г. у Празе выйшаў яе першы зборнік яе паэзіі “Ад родных ніў”. Пісала вершы і ў зняволенні. Пасля вызвалення яе творчасць цягам 10 гадоў была забаронена. А ў 1967 г. пры спрыянні Максіма Танка надрукаваны яе першы ў савецкай Беларусі зборнік “Невадам з Нёмана”. Доўгі час ёй дазвалялі выступаць толькі як дзіцячай пісьменніцы (апублікавала дзве кніжкі вершаў для дзяцей). Да сёння Ларыса Геніюш афіцыйна не рэабілітаваная.

Пахавана Ларыса Геніюш у Зэльве побач з мужам. Сядзіба Міклашэвічаў не захавалася. Першым ушанаваў Геніюш Алесь Белакоз у Гудзевіцкім музеі. Пасля развалу Савецкага саюзу пасмяротна выдадзены найбольш поўныя і значныя зборнікі твораў паэткі і яе эпісталярная спадчына. У Зэльве на тэрыторыі Свята-Троіцкай царквы стаіць ёй бюст. У зэльвенскай царкве ёсць мемарыяльная шыльда і невялікі музей паэткі. У Гродне апошнія гады праходзяць літаратурныя чытанні ў гонар паэткі. Штогод у Зэльве ў жніўні праходзіць ушанавальная акцыя памяці.

 

Архіў

Сакавік 2021
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031

Відэа

праваабарончыя сайты