Навіны

130 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Сака

Беларускі культурны дзеяч, паэт, каталіцкі святар Аляксандр Сак нарадзіўся 14 жніўня 1890 года ў вёсцы Сёгда на Наваградчыне (цяпер на тэрыторыі Карэліцкага раёна). Паходзіў з сям’і селяніна-каваля. Спачатку вучыўся ў народнай, а потым у гарадской вучэльні ў Наваградку. Потым паступіў у Пінскую рэальную вучэльню, у якой правучыўся тры з паловай гады. У 1907 годзе быў арыштаваны і выключаны з вучылішча па падазрэнні ў рэвалюцыйнай дзейнасці. Праз два гады быў выпушчаны на волю з прычыны адсутнасці доказаў вінаватасці ў следства.

З 1911 года Аляксандр Сак вучыўся ў Пецярбургу ў Інстытуце лясной гаспадаркі. У 1913 годзе пасля трэцяга курса спыніў вучобу і паступіў у Магілёўскую рымска-каталіцкую духоўную семінарыю ў Пецярбургу, якую скончыў у 1917 годзе. Гэта быў час, калі каардынатарам беларускіх гурткоў у Пецярбургу быў Браніслаў Эпімах-Шыпіла. Ён ладзіў сустрэчы на гурткоўскіх сходках, на якіх адбываліся знаёмствы клерыкаў з свецкай беларускай інтэлігенцыяй. Часам такія знаёмствы перарасталі ў цесную супрацу і сяброўства. Так будучыя святары Фабіян Абрантовіч, Аляксандр Сак, Аляксандр Астрамовіч пазнаёміліся, прыкладам, з Янкам Купалам.

Пасвячоны ў святара Аляксандр Сак быў у 1917 годзе. Душпастырскую дзейнасць ён пачаў у Магілёўскай губерні ў мясцовасці Фашчоўка каля вёскі Мікуліна ў Аршанскім павеце. Сак удзельнічаў у з’ездзе беларускіх каталіцкіх святароў у Мінску, які прайшоў 24-25 траўня 1917 года, быў сябрам саюзу ксяндзоў-беларусаў.

З 19 снежня 1918 года Аляксандр Сак жыў у мястэчку Сянно (зараз раённы цэнтр Віцебскай вобласці). У 1919-21 гадах быў пробашчам у Свяцілавіцкім касцёле і адміністратарам у Шклове. Духоўныя ўлады Магілёўскай архідыяцэзіі ў 1922 і 1924 гадах мелі намер накіраваць святара Сака для службы ў Петраград, але ён папрасіў пакінуць яго ў Беларусі. Далей служыў святаром на Міншчыне і Мазыршчыне, у Койданаве і Хойніках. Аляксандр Сак быў перакананым прыхільнікам беларусізацыі рэлігійнага жыцця беларусаў-каталікоў, шырока выкарыстоўваў беларускую мову ў сваёй душпастырскай дзейнасці.

З вясны 1924 года Аляксандр Сак жыў у Мінску, дзе часта гасцяваў у Янкі Купалы. Да гэтага перыяду адносяцца многія яго лірычныя вершы, паэмы і вершаваныя драматургічныя творы. Аляксандр Сак непазбежна трапіў пад пераслед савецкіх уладаў. Паводле дакументаў 17 снежня 1929 года Сака змусілі публічна адмовіцца ад святарскага сану. Далей ён працаваў стыль-рэдактарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. Аляксандр Сак быў першым мужам беларускай пісьменніцы Ядвігі Бяганскай.

24 ліпеня 1930 года Аляксандр Сак быў арыштаваны ДПУ БССР па справе так званага “Саюзу вызвалення Беларусі”. Яму прысудзілі 5 гадоў сталінскіх канцлагераў. Да 1934 года адбываў тэрмін зняволення на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага каналу. Другі раз яго арыштавалі 25 жніўня 1937 года. Тады ж быў арыштаваны і цесць Іосіф Бяганскі. Меркавана, што ўжо на наступны дзень энкавэдысты абодвух расстралялі. Жонку Сака Ядвігу Бяганскую таксама арыштавалі ў лістападзе 1937 года, засудзілі да 10 гадоў канцлагеру, адправіўшы на Калыму. Яна была рэабілітаваная ў 1954 годзе, а пасля рэабілітацыі Аляксандра Сака ў 1955 годзе з новай сям’ёй змагла вярнуцца ў Мінск. Аляксандр Сак амаль забытая постаць беларускага руху, да гэтай публікацыі не ўдалося знайсці нават яго фота.

14.08.2020 Тэгі: каляндар

Архіў

Сакавік 2021
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031

Відэа

праваабарончыя сайты