Навіны

Распытвалі пра чаты, пагражалі крымінальнай справай і адлічэннем. Студэнтка журфака БДУ пра размову ў ГУБАЗіК

У панядзелак 31 жніўня ў кватэру студэнткі факультэта журналістыкі БДУ Аліны, актыўнай удзельніцы тэлеграм-чату пра студэнцкую забастоўку, грукаліся людзі ў цывільным. Дзяўчына адмовілася размаўляць з імі, а затым атрымала смс з “запрашэннем” на размову ў Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК). Першага верасня Аліна разам з адвакатам пайшла ў ГУБАЗіК, аднак у кабінет, дзе мусіла праходзіць размова, адваката ў апошні момант не пусцілі, а дзяўчыну фактычна заштурхалі ўнутр.

Аліна распавяла “Вясне”, што адбывалася далей.

“Пакуль мяне вялі ў кабінет, яны (супрацоўнікі ГУБАЗіК) смяяліся з майго невысокага росту. У кабінеце было чатыры супрацоўнікі, яны ўвесь час перасоўваліся, ніхто з іх не прадставіўся. Спачатку яны паабяцалі, што пусцяць адваката пазней, але так і не пусцілі”.

У Аліны пачалі распытваць пра тэлеграм-чат факультэта журналістыкі БДУ, які датычыцца забастовак. Таксама іх цікавіла, хто ствараў агульны чат аб забастоўцы па ўсім Белдзяржуніверсітэце і хто адмініструе чат Задзіночання беларускіх студэнтаў.

Адказы на гэтыя пытанні яны не атрымалі і далей пачалі пытацца, чаму дзяўчына не пусціла супрацоўнікаў у кватэру, і казаць, што за такі ўчынак “можа быць адказнасць”. Супрацоўнікі сказалі, што ведаюць, што Аліна ходзіць на акцыі пратэсту, і што за гэта яна прама з кабінета можа адпарвіцца на 15 сутак. Таксама іх цікавіла, што яна рабіла ў дзень выбараў і пасля яго.

“Супрацоўнікі пачалі сцвярджаць, што нібыта я была на Каменнай горцы і каардынавала там пратэсты ці то 12-га, ці 13-га жніўня. Пры гэтым я не была ў тыя дні нават у тым раёне! Яны пачалі пагражаць крымінальнай справай. Я ім адказала, што калі вы ўж смеяцеся з майго невысокага росту, та тады якая па вашай логіцы з мяне каардынатарка пратэстаўКазалі, што ў іх нібыта ёсць раздрукоўка ўсіх маіх маршрутаў па горадзе. Дык мне нельга гуляць па Мінску? Мне адказалі, што нельга, у складзе калоны гэта незаконна”,  – распавядае дзяўчына.

Па словах Аліны, у нейкі момант супрацоўнікі ГУБАЗіК перайшлі на “ты”, пачалі размаўляць больш агрэсіўна. Яны сказалі, што дзяўчыну адлічаць і што пытанне гэтае ўжо вырашанае. Пыталіся, ці не робіць яна гэта ўсе, каб з’ехаць у Польшчу.

“Прыйшоў яшчэ адзін супрацоўнік і пачаў казаць: “Табе што, тут не падабаецца?”, “Табе тут дрэнна жывёцца?”, “Ды я ў органах працую болей, чым ты жывеш!”. Таксама раілі мне “знайсці хлопца, выйсці замуж, нарадзіць дзіця і не займацца больш “фігнёй”.

Напрыканцы яе прымусілі паўтарыць на камеру пра чат журфака аб забастоўцы, а таксама падпісаць паперу аб азнаёмленні з наступствамі парушэння закона аб экстрэмізме. Пасля гэтага яе адпусцілі. Зараз адвакат Аліны абскарджвае нядопуск на гэтую “размову”.

 

http://spring96.org/be/news/99382

Відэа

праваабарончыя сайты